Амэрыканскі прэзыдэнт назваў яе «вялізарным посьпехам», а карэйскі правадыр – «добрай прэлюдыяй да міру».
Пасьля вайны 1950-53-х гадоў Карэйская паўвыспа падзеленая на дзьве часткі, якія фармальна знаходзяцца ў стане вайны. Увесь гэты час Паўночная Карэя актыўна ўзбройвалася, у тым ліку разьвівала ядзерную праграму. У апошнія гады Пхеньян заявіў, што збудаваў ядзерную зброю ды ракеты для пераносу боегаловак. Злучаныя Штаты ў адказ абвесьцілі пра гатоўнасьць нанесьці ўдар па Пхеньяну. Сытуацыя абвастрылася.
На пачатку сакавіка бягучага года Пхеньян заявіў, што гатовы вярнуцца да перамоваў. Пры канцы красавіка адбыўся саміт абедзьвюх Карэяў, а сёньня ў Сінгапуры прайшла гістарычная сустрэча Дональда Трампа з Кім Чэн Ынам.
Вынікам перамоваў стала падпісаньне Пхеньянам пагадненьня, у якім КНДР пагадзілася на поўную дэнуклеарызацыю паўвыспы. У сваю чаргу Вашынгтон узяў на сябе абавязак гарантаваць бясьпеку Паўночнай Карэі. Больш падрабязна пра хаду перамоў перадае з Сінгапуру спэцыяльны карэспандэнт Польскага радыё Тамаш Саевіч.
Тамаш Саевіч: Самы галоўны пункт пагадненьня тычыцца абавязку Паўночнай Карэі да ліквідацыі атамнай зброі. Гэта паўтарэньне дэклярацыі з Пханмунджам, якую падпісалі лідары абедзьвюх Карэяў пасьля завяршэньня трэцяга Карэйскага саміту, што адбыўся пры канцы красавіка. ЗША ды Паўночная Карэя таксама ўзялі на сябе абавязак усталяваць новыя стасункі паміж дзьвюма краінамі, згодна з «памкненьнем народаў абедзьвюх дзяржаў да дабрабыту ды міру». Ідзецца пра дасягненьне стабільнага міру на карэйскай паўвысьпе. Падпісаны сёньня дакумэнт прадугледжвае таксама вяртаньне ў ЗША парэштак амэрыканскіх жаўнераў, якія загінулі на поўначы Карэі падчас карэйскай вайны. Пакуль невядомы графік ліквідацыі ядзернай зброі, таксама падчас размоваў амэрыканскі бок не закранаў тэмы парушэньня правоў чалавека рэжымам у Пхеньяне, пра што яго прасілі няўрадавыя арганізацыі.
Вынікамі сустрэчы задаволеныя абодва лідары. Амэрыканскі прэзыдэнт назваў сустрэчу «гістарычнай», заявіў пра свой намер запрасіць лідара камуністычнай Поўначы з візытам у ЗША, і дадаў, што дэнуклеарызацыя пачнецца неадкладна.
Дональд Трамп: Мы вельмі хутка пачнём гэты працэс, неўзабаве будуць падрабязнасьці. Падпісаны дакумэнт вельмі вялікі, я думаю, што абодва бакі будуць задаволеныя вынікам. Было крыху добрай волі, крыху працы, падрыхтоўкі. Я хацеў бы падзякаваць усім, з абодвух бакоў, партнэрам, вы абсалютныя малайцы!
У сваю чаргу лідар камуністычнай Поўначы Кім Чэн Ын заявіў, што сьвет будзе сьведкам вялікай зьмены пасьля гэтай дамовы.
Кім Чэн Ын: Сёньня ў нас была гістарычная сустрэча, і мы вырашылі, што мінулае пакідаем за намі. Мы падпісалі гістарычны дакумэнт. Сьвет убачыць вялікую зьмену. Я хацеў бы падзякаваць прэзыдэнту Трампу, што гэтая сустрэча адбылася. Вялікі дзякуй.
Таксама Дональд Трамп казаў, што спадзяецца на новы разьдзел у адносінах паміж Вашынгтонам ды Пхеньянам.
Дональд Трамп: Я хацеў бы падзякаваць спадару Кіму за тое, што зроблены першы важны крок да лепшай будучыні ягоных грамадзян. Наша сустрэча – першае ў гісторыі спатканьне лідараў ЗША ды КНДР – паказвае, што магчымыя сапраўдныя зьмены. Наша размова была шчырай, плённай.
У якасьці першага жэсту на карысьць міру на паўвысьпе, амэрыканская адміністрацыя заявіла, што прыпыняе вайсковыя манэўры на поўдні паўвыспы, якія моцна непакоілі Пхеньян. У ЗША ўжо прагучалі пазытыўныя ацэнкі сустрэчы. Былы амэрыканскі баскетбаліст Дэніс Родман заявіў, што зьявіліся магчымасьці да выхаду Паўночнай Карэі з ізаляцыі.
У сваю чаргу прэзыдэнт Паўднёвай Карэі падкрэсьліў, што саміт у Сінгапуры – гэта толькі пачатак доўгага працэсу ядзернага разбраеньня паўвыспы.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч