Польшча паміж дзьвума бакамі канфлікту - ЗША ды ЭЗ
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
11.06.2018 15:20
Улады спрабуюць знайсьці трэці шлях, быць пасярэднікам у перамовах па Іране паміж ЗША ды Эўропай.
Foto: pixabay.com/CCO
ЗША хочуць, каб Польшча байкатавала Іран, тым часам Эўразьвяз стараецца захаваць адносіны з Тэгеранам – піша «Rzeczpospolita».
У пятніцу ў Польшчу прыбылі прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту і Дэпартамэнту маёмасьці Эндр’ю Пік (Andrew Peek) і Маршал С. Білінгслі (Marshall S. Billingslea). Яны тлумачаць, чаго Белы дом чакае ад Польшчы пасьля таго, як ён парваў дамову з Іранам аб спыненьні ядзернай праграмы. «На Тэгеран неабходна аказваць максымальны эканамічны прэсінг, каб ён адмовіўся ад падтрымкі тэрарызму, агрэсіўнай палітыкі ў Сырыі і на Блізкім Усходзе, а таксама будаваньня балістычных ракет. Краіны ЭЗ дэманструюць на гэтую тэму розныя пазыцыі, але гэта не павінна аслабляць сувязі паміж Эўропай і ЗША», – заявіў выданьню Пік.
Пасланьне зразумелае: усе павінны далучыцца да байкоту Ірану. Аднак Францыя, Нямеччына і Вялікабрытанія, якія зьяўляюцца бокам пагадненьня з Іранам, мяркуюць, што Трамп зрабіў памылку. «Іран згадзіўся спыніць праграму ўзбагачэньня ўрану ўзамен за эканамічную карысьць. Калі гандлю ня будзе, то навошта Тэгерану прытрымлівацца абяцаньняў? Гэта можа распаліць цэлы Блізкі Ўсход, калі ўсьлед за іранцамі ядзерную праграму ўзновяць саудаўскія арабы», – кажа высокапастаўлены дыплямат ЭЗ.
У іранскай справе Польшча ляяльна падтрымала Эўропу. Яна ўжо ня хоча чарговых канфліктаў з Брусэлем. Гэта, у сваю чаргу, азначае новы канфлікт са Злучанымі Штатамі, якія і так раззлаваныя на палякаў за папраўкі ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці. Улады спрабуюць знайсьці трэці шлях, быць пасярэднікам у перамовах паміж ЗША ды Эўропай, але ня проста пераканаць два канфліктуючыя бакі, бо ніколі Захад ня быў яшчэ настолькі падзелены.
Rzeczpospolita/нг