У горадзе Аполе на паўднёвым захадзе Польшчы пачынаецца сёньня штогадовы Нацыянальны фэстываль польскай песьні. Па традыцыі мерапрыемства падсумоўвае мінулы год, якім ён быў для польскіх аўтараў і выканаўцаў музычных кампазыцый, што здарылася важнага за гэты пэрыяд, якія новыя хіты былі напісаныя. У гэтым годзе будзе таксама на фэстывалі прысутнічаць футбольная тэматыка.
Фэстываль польскай песьні ў Аполі праходзіць ужо 55-ы раз. Ён заўсёды адбываецца ў чэрвені, былі толькі два выключэньні з гэтага правіла. Па традыцыі ў рамках мерапрыемства пройдзе канцэрт аўтараў самых папулярных песьняў мінулага сэзону (канцэрт гэтак званых супэрадзінак), адбудзецца таксама прэзэнтацыя прэм’ерных песьняў, конкурс эстрадных дэбютантаў, а таксама прагляд груп забаўляльнага жанру.
Сёлета на фэстывалі таксама нешта новае – ён пачаўся канцэртам пад назваю «Шлягер на чэмпіянат». Прэс-сакратар фэстывалю Агата Канарска сказала журналісту Польскага радыё перад канцэртам, што ўпершыню ў Аполі будзе выбраная песьня, якая стане гімнам польскай зборнай на чэмпіянат сьвету па футболе, які пачынаецца ў Расеі на будучым тыдні.
А. Канарска: Мы пачуем тыя творы, якія ўжо ведаем, якія суправаджалі нашу зборную на чэмпіянатах сьвету па футболе ў мінулыя гады. Але будзе таксама сем песьняў, якія пазмагаюцца за званьне шлягеру на сёлетні чэмпіянат. Пераможная кампазыцыя будзе суправаджаць польскіх футбалістаў у Расеі. Пры нагодзе ў гэты вечар у Аполі будзе самая буйная зона футбольнага заўзятара, паколькі мы будзем таксама сачыць за тым, што адбываецца падчас матчу Польшча – Чылі. Я спадзяюся, што ўсе гледачы прыйдуць у бела-чырвонай вопратцы, упершыню ў гісторыі Аполя.
Сёньняшні таварыскі матч паміж камандамі Польшчы і Чылі – гэта перадапошняе спартыўнае змаганьне спартоўцаў перад адпраўленьнем у Расею, на Чэмпіянат сьвету па футболе. Хіт на чэмпіянат сьвету выбяруць гледачы. Свае песьні прасьпяваюць, між іншым, гурты Пэктус, Арлы ПР ды калектыў Комбі, які ўпэўнены, што польская каманда не затрымаецца. Гаворыць Славамір Ласоўскі з гурту Комбі.
С. Ласоўскі: Я напісаў песьню для нашых футбольных заўзятараў, для нас усіх, каб пры яе дапамозе мы маглі падтрымаць нашу зборную. Гэтая кампазыцыя захоўвае стылістыку і традыцыю нашага гурту Комбі, але ў тэксьце, у прыпеве ідзе гаворка пра футбол і пра нашу зборную каманду.
Прагучаць таксама старыя хіты, зьвязаныя з футболам. Напрыклад, кампазыцыя Марылі Радовіч «Мы граем у футбол» заняла шостае месяца ў сусьветным рэйтынгу песьняў, якія былі напісаныя спэцыяльна на спаборніцтвы па футболе. Кампазыцыя прагучала 44 гады таму падчас адкрыцьця Чэмпіянату сьвету па футболе ў нямецкім Мюнхэне.
Пасьля «футбольнага» канцэрту ў Аполі пачнецца далейшая частка фэстывалю. Гэта канцэрт «Дэбюты», падчас якога выступяць маладыя выканаўцы. За ўзнагароду імя Анны Янтар і ўзнагароду Польскага тэлебачаньня пазмагаюцца: Кшыштаф Іванэчка, Кася Лінс, Караліна Міцар, Міхал Солтан ды Эдыта Стшыцка. Усё гэта новыя прозьвішчы польскага шоў-бізнэсу. А спэцыяльным госьцем фэстывалю будзе зорка музычнай эстрады Анджэй «Пясэк» Пясэчны.
У сваю чаргу ў суботу, на другі дзень фэстывалю, гледачы ў Аполі ды тэлегледачы змогуць пачуць і ўбачыць прэм’ерныя кампазыцыі, а таксама канцэрт забаўляльных і паэтычных песьняў. Свае творы прадставяць, у прыватнасьці, Future Folk, Марта Галушэўска, Оля Нізё, Пётр Рубік, Славэк Унятоўскі. Выступяць таксама Кшыштаф Краўчук ( з нагоды 55-годзьдзя эстраднай творчасьці), Мацей Мечнікоўскі, гурт Ляшчы (Leszcze), Blue Cafe і Кася Цэрэквіцка.
Фэстываль польскай песьні ў Аполі працягнецца таксама ў нядзелю. У гэты дзень адбудзецца канцэрт шлягераў стагодзьдзя, прысьвечаны стагодзьдзю незалежнасьці польскай дзяржавы. Музычнае мерапрыемства закончыцца ў панядзелак, 11 чэрвеня.
нг