Польская зямля, таксама, як і беларуская, на працягу стагодзьдзяў часта бывала арэнай ваенных змаганьняў. У сталіцы Польшчы, Варшаве, а таксама ў прыгарадзе нямала месцаў, дзе адбываліся расстрэлы ваеннапалонных або вязьняў камуністычнага рэжыму. Асабліва шмат месцаў, зьвязаных з забойствамі палякаў, захопленых гітлераўскімі акупантамі ў часы Другой сусьветнай вайны.
Надоечы прайшла ўрачыстасьць, зьвязаная з гадавінай расстрэлаў вязьняў, якія ўтрымліваліся падчас другога глябальнага канфлікту ў турме крэпасьці Павяк, што ў Варшаве. 223 асобы былі расстраляныя немцамі 76 гадоў таму ў мясцовасьці Магдаленка непадалёк ад сталіцы. Урачыстасьць пачалася з выкананьня дзяржаўнага гімну, пазьней адбылася пераклічка забітых ды ўскладаньне кветак на месцы расстрэлу. Ва ўрачыстасьці ўдзельнічалі ня толькі вэтэраны, прадстаўнікі муніцыпальных уладаў, але таксама шмат жыхароў і школьнікаў. «Гэта сымбалічнае месца», – адзначыла войт гміны Лешнаволя Марыя Батыцка-Вонсік.
М. Батыцка-Вонсік: Мы сёньня прыбылі ў месца пакутлівае, месца на прыгожай магдаленскай зямлі, якая прамоклая ад людзкой крыві. Я хачу пажадаць усім нам, каб гэтая трагічная падзея, якая здарылася тут 76 гадоў таму, была для нас напамінам, што свабода Айчыны не дадзеная нам раз і назаўсёды.
Сярод расстраляных вязьняў было нямала сябраў скаўцкай арганізацыі «Зьвяз польскага гарцарства». Яны ладзілі кансьпірацыйную дзейнасьць у часы нямецкай і савецкай акупацыі ў 1939-1945 гадах пад мянушкай «Шэрыя шэрагі». Людміла Недбальска, якая прыйшла на ўрачыстасьць, таксама дзейнічала ў «Шэрых шэрагах». Яна ўспамінае, што многія яе знаёмыя, калегі былі расстраляныя немцамі.
Л. Недбальска: Гэта была частка нашага жыцьця, тое, што тады адбывалася. Да нас даходзілі навіны, што загінулі чарговыя нашы знаёмыя, суседзі. Вядома было, што ў крэпасьці Павяк адбываюцца драматычныя падзеі, тое ж самае на вуліцы Шуха ў Варшаве. І цяпер мы проста прымушаныя аддаваць пашану загінулым, памятаць пра іх.
На вуліцы Шуха ў польскай сталіцы падчас вайны была разьмешчаная сядзіба Гестапа. Цяпер там знаходзіцца музэй – Маўзалей барацьбы і пакутніцтва. Гэты музэй зьяўляецца адным з найлепш захаваных месцаў гітлераўскіх злачынстваў, забойства палякаў у Варшаве.
Канешне, самы вядомы канцэнтрацыйны лягер, створаны нямецкімі нацыстамі на тэрыторыі Польшчы – гэта Аўшвіц-Біркэнаў у горадзе Асьвенцім. Аднак былі дзясяткі іншых, меншых канцлягераў, дзе ўтрымліваліся як ваеннапалонныя, так і асобы, якіх падазравалі ў кансьпірацыйнай дзейнасьці супраць нямецкіх акупантаў.
Лешак Заблоцкі быў вязьнем трох канцлягераў. Ён быў арыштаваны ў верасьні 1942 году, тады на чатыры месяцы трапіў у турму, якая разьмяшчалася ў крэпасьці Павяк, у адзіночную камэру.
Л. Заблоцкі: Гэтыя падзеі немагчыма забыць. Мяне прывезьлі ў Павяк. Я знаходзіўся ў ізаляцыі, у адзіночнай камэры. Перад вязьнямі, такімі як я, стаялі дзьве нялёгкія задачы: захаваць псыхічнае здароўе і захаваць фізычную форму. Калі я сядзеў у гэтай камэры, мне пастаянна загадвалі рабіць гэтак званыя «карныя практыкаваньні».
У варшаўскай турме Павяк падчас нямецкай акупацыі прабывала каля 100 тыс. чалавек. Прыкладна 60 тысяч з гэтага ліку былі вывезеная ў канцэнтрацыйныя лягеры, каля 37 тысяч вязьняў загінула падчас зладжаных акупантамі расстрэлаў. Расстрэлы адбываліся ў гэтак званым варшаўскім кальцы сьмерці. Гэта былі мясцовасьці пад Варшавай, дзе знаходзіліся шматлікія месцы расстрэлаў: Пальміры, Магдаленка, Вулька Вэнглёва, Кабацкі Лес, Выдмы Лужэ, Рэмбэртаў, Вавэр і Яблонна. Пазьней вязьняў Павяка забівалі ў руінах варшаўскага гета, з якога габрэяў вывезьлі ў канцлягеры або расстралялі на месцы.
ІАР ПР/нг