19-20 траўня ў Варшаве гучалі беларуская мова і песьні. Жыхары і госьці польскай сталіцы маглі пазнаёміцца зь літаратурай і гісторыяй Беларусі. А таксама даведацца пра жыцьцё і дзейнасьць вядомых дзеячаў польскай культуры, якія паходзяць зь Беларусі. Усё гэта стала магчымым падчас чацьвёртага фэстывалю “Kultura białoruska w panoramie” ("Беларуская культура ў панараме"), які прайшоў у Бібліятэцы Варшаўскага ўнівэрсытэту і на вуліцах польскай сталіцы.
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Адкрыцьцё фэстывалю "Беларуская культура ў панараме"
Фэстываль пачаўся пад гукі дуды — старажытнага інструмэнта, які яшчэ нядаўна амаль немагчыма было пачуць у Беларусі. У сярэдзіне ХХ стагодзьдзя традыцыя вырабу дуд і выкананьня музыкі на іх лічылася мёртвай. Адрадзілі яе ў пачатку ХХІ стагодзьдзя менскія мастакі Алесь Лось і Тодар Кашкурэвіч. А цяпер дуда — адзін з сымбаляў беларускай традыцыйнай культуры.
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Адкрыцьцё фэстывалю "Беларуская культура ў панараме". У першым радзе справа налева: С. Раманюк, Н. Баршчэўская, Э. Чырліч, К. Блажэвіч
Фэстываль "Беларуская культура ў панараме" даў магчымасьць варшавянам пазнаёміцца з рознымі формамі сучаснай і старажытнай культуры Беларусі. Адным з арганізатараў сьвята была катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Ніна Баршчэўская, прафэсар, кіраўнік катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту: Культура зьяўляецца тым элемэнтам, які аб’ядноўвае нашы народы. Дзякуючы культуры мы лепш знаёмімся адно з адным. Асабліва важную ролю адыгрывае традыцыйная культура, якая дапамагае інтэграваць грамадзтва. І мы ня раз пераконваліся ў тым, што гэтая культура па-ранейшаму жывая — асабліва падчас паездак па Падляшшы.
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Фэстываль "Беларуская культура ў панараме". Гурт "Кудмень"
На Падляшшы, у межах Польшчы, яшчэ сёньня можна пачуць аўтэнтычныя мэлёдыі і песьні беларусаў. Тут захавалася цікавая культура — пераходная ад беларускай да ўкраінскай. Песьні з гэтага рэгіёну, які працягваецца па другі бок мяжы — у Берасьцейскай вобласьці — выканалі на варшаўскім фэстывалі госьці зь Беларусі — гурт “Кудмень”.
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Фэстываль "Беларуская культура ў панараме". Ю. Кулабугаў
Адным з партнэраў фэстывалю сёлета, як і ў мінулыя гады, быў Культурны цэнтар Беларусі, што дзейнічае пры пасольстве Беларусі ў Варшаве. Ад імя пасла Аляксандра Авяр’янава вітаньне ўдзельнікам і гасьцям фэстывалю перадаў Юрый Кулабугаў, саветнік пасольства Беларусі.
Юрый Кулабугаў: З году ў год у Варшаве гучаць беларуская мова, музыка, сьпевы, прыяжджаюць мастакі, прадстаўнікі беларускіх грамадзкіх арганізацый, дзяржаўных устаноў. І гэта фарміруе падмурак для добрых адносін паміж нашымі дзяржавамі — Беларусьсю і Польшчай.
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г.
Ад імя факультэту прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, дзе на розных катэдрах студэнты з Польшчы і Беларусі вывучаюць культуру, мову, літаратуру Беларусі і сумежных зь ёю краін да ўдзельнікаў фэстывалю зьвярнулася Сьвітлана Раманюк, намесьнік дэкана па студэнцкіх справах.
Сьвітлана Раманюк: Культура зьяўляецца ня толькі тым фактарам, які фарміруе нацыянальныя ідэнтычнасьці, але і праз разнастайныя сувязі ўзбагачае эўрапейскую і сусьветную спадчыну. Як вядома, лепш за ўсё мы знаёмімся адно з адным з дапамогай музыкі, мастацтва, слова.
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Фэстываль "Беларуская культура ў панараме". Л. Быкава з кнігай перакладаў верша Я. Купалы "А хто там ідзе"
Прадстаўнік Міністэрства інфармацыі Беларусі Людміла Быкава перадала ў бібліятэку пасольства Беларусі ў Варшаве камплект кніг зь Менску. Сярод выданьняў — навінка: зборнік перакладаў верша Янкі Купалы “А хто там ідзе” на розныя мовы сьвету. У тым ліку на польскую. Польскі пераклад прачытаў удзельнікам і гасьцям фэстывалю студэнт катэдры беларусістыкі Янак Вячорак.
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Фэстываль "Беларуская культура ў панараме". Лекцыя К. Зыховіч
Цікавымі падрабязнасьцямі пра жыцьцё францускай мастачкі, ураджэнкі Беларусі Надзі Хадасевіч-Лежэ падзялілася Караліна Зыховіч, супрацоўніца варшаўскай Нацыянальнай галерэі мастацтва „Zachęta”. Дасьледчыца расказала пра малавядомы варшаўскі сьлед у жыцьці мастачкі, якая ў 1921 годзе прыехала ў польскую сталіцу са Смаленску, дзе вучылася ў школе Ўладыслава Стшаміньскага.
Караліна Зыховіч: Надзя Лежэ сьцьвярджае ў сваіх успамінах, што Варшава была толькі прыпынкам да Парыжу. Але ўжо ў 1922 годзе яна выйшла замуж за варшавяніна Станіслава Грабоўскага і пачала ідэнтыфікаваць сябе як палячка, далучылася да польскага мастацкага асяродка. Калі ж у 1932 годзе мастачка пад імем Ванда Хадасевіч-Грабоўска выехала ў Парыж, то вярнулася да імя Надзя Хадасевіч, уступіла ў камуністычную партыю. А калі ў 1950-1960-я гады канчаткова сфарміравалася як асоба, то стала гаварыць пра сябе як пра беларуску.
Часопісы, якія выдавала на польскай і францускай мовах у Парыжы Н. Хадасевіч-Лежэ. З прэзэнтацыі К. Зыховіч на фэстывалі "Беларуская культура ў панараме"
25 траўня ў Лодзі, у Музэі мастацтва, адкрыецца выстаўка твораў Лежэ. І гэта невыпадкова. Бо настаўнік Надзі — Уладыслаў Стшаміньскі стварыў тут у 1929 годзе калекцыю сучаснага мастацтва. Надзя ўдзельнічала ў зьбіраньні твораў для калекцыі. Разам з тым у выдавецтве Universitas рыхтуецца да выданьня кніга Караліны Зыховіч пра Надзю Лежэ.
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Фэстываль "Беларуская культура ў панараме". А. Скаржыньскі расказвае пра С. Манюшку
Пра творчасьць яшчэ аднаго ўраджэнца Беларусі — кампазытара Станіслава Манюшкі — расказала ўдзельнікам фэстывалю сьпявачка, мастачка і пісьменніца Анэта Скаржыньскі. Разам з тым яна правяла для дзяцей майстар-клясу па маляваньні пад музыку Манюшкі.
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Фэстываль "Беларуская культура ў панараме". А. Скаржыньскі праводзіць майстар-клясу для дзяцей
Фэстываль даў магчымасьць ня толькі адкрыць шырокім колам грамадзкасьці новыя факты з агульнай гісторыі Беларусі і Польшчы, але і сустрэцца разам усім тым, хто зьвязаны зь Беларусьсю як навуковымі, так і кроўнымі сувязямі. Напрыклад, перакладчыца з паўднёваславянскіх моў Эльжбета Чырліч, хаця і нарадзілася ў Польшчы, але прыйшла на мерапрыемства, бо яе продкі паходзяць зь Беларусі — з тых самых мясьцін, што і сьпявак Чэслаў Неман, паэтэса Алёйза Пашкевіч (Цётка). У Беларусі і цяпер жывуць сваякі сп-ні Эльжбеты.
Кшыштаф Блажэвіч, жыхар гораду Пясэчна, што каля Варшавы: Мае карані паходзяць зь Беларусі. Мой бацька нарадзіўся ў Баранавічах у 1934 годзе. Маці мая нарадзілася ў вёсцы Вялікія Жухавічы, недалёка ад Мірскага замку. Я гэтую вёску наведваю. Там мая бабуля працавала настаўніцай — яшчэ “за польскім часам”. Мяне зь дзяцінства кармілі расказамі пра Беларусь.
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Фэстываль "Беларуская культура ў панараме". К. Блажэвіч
Наведвальнікі фэстывалю "Беларуская культура ў панараме" маглі ня толькі паслухаць лекцыі і песьні, але і пакаштаваць беларускія стравы — дранікі і бабруйскі зэфір. А ў нядзелю сьвята прадоўжылася экскурсіяй па вуліцах Варшавы з расказам пра беларускія старонкі гісторыі сталіцы Польшчы.
Віктар Корбут
Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Фэстываль "Беларуская культура ў панараме". Ілона Юрэвіч, кіраўнік Культурнага цэнтру Беларусі пры пасольстве Беларусі ў Варшаве
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Удзельнікі фэстывалю "Беларуская культура ў панараме". Трэцяя зьлева Вольга Трацяк, супрацоўнік катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту
Бібліятэка Варшаўскага ўнівэрсытэту, 19 траўня 2018 г. Удзельнікі фэстывалю "Беларуская культура ў панараме"