Таджыцкіх журналістаў упусьцілі ў Польшчу зь Беларусі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
25.04.2018 14:55
Гэта была іх 18-ая і апошняя спроба падаць заяву аб палітычным прытулку.
Дзесяткі мігрантаў штурмуюць штодзённа беларуска-польскую мяжу ў БерасьціФото: Оксана БРОВАЧ (Камсамольская праўда)
«Dziennik Gazeta Prawna» паведамляе, што пасьля яго публікацыі пра пару таджыцкіх журналістаў, якія ня раз хацелі ўнесьці заяву аб палітычным прытулку, іх урэўшце ўпусьцілі ў Польшчу. Гаворка ідзе пра Сітору Юсупаву і яе мужа Санджара Гашымі, якія шмат разоў разоў спрабавалі выехаць зь Беларусі ў Польшчу, але кожны раз польская памежная служба вяртала іх назад у Беларусь. Удалося на 18-ты раз, гэта ўжо быў апошні дзень іх легальнага прабываньня ў Беларусі. Цяпер яны знаходзяцца ў цэнтры для ўцекачоў у Бялай Падляскай і пачынаюць вывучаць польскую мову.
Неафіцыйна вядома, што ў справу ўмяшаліся высокапастаўленыя чыноўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы. «Згодна законам, калі на мяжы паяўляецца асоба, якая сьцьвярджае, што на аўчыне яна пакутуе ад перасьледу і хоча падаць заяву аб міжнароднай ахове, то памежная варта абавязаная прыняць заяву і перадаць яе ва Ўпраўленьне па справах іншаземцаў», – нагадвае Аляксандра Хшаноўска з Таварыства юрыдычнай інтэрвэнцыі, якое цікавілася справай таджыкаў. Падчас гэтай працэдуры замежнікі маюць права знаходзіцца на польскай тэрыторыі. У сваю чаргу прэс-сакратар Памежнай варты Агнешка Голіяс тлумачыла нядаўна, што адной з асноўных задач памежнікаў зьяўляецца праверка мэтаў прыезду іншаземца падчас кантролю на мяжы. Калі ў выніку праверкі памежнік падазрае, што мэта прыезду іншая, чым пошук міжнароднай аховы, ён мае права выдаць рашэньне пра адмову прапусьціць іншаземца праз мяжу.
Чаму таджыцкім журналістам удалося трапіць у Польшчу? Галоўнымі былі гуманітарныя прычыны: гэтыя людзі ня маюць права знаходзіцца ў Беларусі, ім прыйшлося б вярнуцца ў Расею. Ні Беларусь, ні Расея не зьяўляюцца бясьпечнымі краінамі. Акрамя таго, Сітора Юсупава цяжарная. «Мы рады, што на гэты раз удалося, – кажа Аляксандра Хшаноўска. – Але гэта горкая радасьць. Такое ўмяшаньне чыноўнікаў агулам не павінны быць патрэбнае, калі ёсьць працэдуры. Але яны не спрацоўваюць».
Dziennik Gazeta Prawna/нг