Logo Polskiego Radia
Print

Грамадзянін Швэцыі хадайнічае ў Польшчы за палітычны прытулак

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.04.2018 14:41
Швэцыя была вядомая талерантнасьцю, але ў выніку міграцыйнага крызысу паявіліся антыімігранцкія настроі.
pixabay.com/CC0 Creative Commons/RonnyK

43-гадовы Агад Набакхці нарадзіўся ў Іране, дзяцінства правёў у Азэрбайджане, а з 1995 году пражывае ў Швэцыі, куды выехаў у пошуках лепшага жыцьця. Яго гісторыю апісвае «Gazeta Wyborcza». Ён атрымаў швэдзкае грамадзянства, жыў у невялікім гарадку Эмабода, дзе працаваў па розных прафэсіях.

Два гады таму ў гатэлі, дзе пражывалі ўцекачы, былі пратэсты, людзі патрабавалі больш харчаваньня. Агад пачаў здымаць пратэстуючых на відэакамэру, каб прадставіць справу СМІ. Тады яго затрымаў паліцэйскі патруль, у машыне Набахці абражалі, паліцэйскі забараніў яму займацца справай уцекачоў, але мужчына зьняў усё тэлефонам і выслаў у СМІ.

Тады пачаліся праблемы. Хтосьці падкідваў яму ў паштовую скрынку зброю, кідаў на тэрыторыю атручанае мяса для сабак, яго затрымлівала паліцыя, рабіла ператрус у машыне.

У кастрычніку мінулага году Агад вырашыў зьехаць са Швэцыі да сваёй дзяўчыны ў Польшчу. Тут ён падаў дакумэнты на палітычны прытулак. Будучы грамадзянінам краіны Эўрапейскага Зьвязу, ён мог бы жыць і працаваць у кожнай дзяржаве супольнасьці, але, на ягоную думку, статус уцекача гарантуе яму большую ахову і прычыніцца да лепшага інфармаваньня аб праблемах уцекачоў у Швэцыі, якая была вядомая сваёй талерантнасьцю, але ў выніку міграцыйнага крызысу гэтая невялікая краіна прыняла 160 тыс. уцекачоў, што стала прычынай росту антыімігранцкіх настрояў. Паліцэйскага, які вывез Агада ў лес, абражаў і загадваў выехаць са Швэцыі, чакае судовы працэс. Але ў Эмабодзе многія лічаць яго героем. Расізм усё яшчэ непрымальны для большасьці швэдаў, але масавы наплыў мігрантаў абудзіў экстрэмістаў, якія згуртаваліся ў Нардыцкім Руху Супраціву.

Ці Агад можа атрымаць у Польшчы палітычны прытулак? Кожная справа разглядаецца індывідуальна, незалежна ад грамадзянства, – адказалі ва Ўпраўленьні па справах іншаземцаў.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт