Logo Polskiego Radia
Print

Суд Эўразьвязу прызнаў вырубку Белавескай пушчы незаконнай

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 17.04.2018 16:23
  • Суд Эўразьвязу.mp3
У Люксэмбургу завяршыўся працэс Эўракамісіі супраць Польшчы па справе Белавескай пушчы.
Foto: Cédric Puisney/commons.wikimedia.org/ (CC BY 2.0)

Суд прызнаў, што дзеяньні польскіх уладаў у пушчы парушалі эўрапейскае прыродаахоўнае заканадаўства.

Суд Эўрапейскага зьвязу пагадзіўся з аргумэнтамі прадстаўніка Эўракамісіі, што вырубка Белавескай пушчы ня можа тлумачыцца змаганьнем з эпідэміяй жука-караеда. Эпідэмія пачалася ў польскай частцы пушчы два гады таму, міністэрства аховы прыроды Польшчы вырашыла, што стрымаць эпідэмію дапамогуць толькі санітарныя вырубкі. Эўракамісія назвала дадзенае рашэньне незаконным у зьвязку з парушэньнем шэрагу эўрапейскіх дырэктыў, у тым ліку птушынай ды гнездавой.

Аднак міністэрства вырашыла пачаць вырубаць лес, што выклікала шырокія пратэсты эколягаў, уключна з акцыямі блякаваньня доступу да лесу цяжкай тэхнікі. 20 лістапада мінулага году суд вынес пастанову, якая прадпісвала Польшчы спыніць вырубку да завяршэньня разгляду справы. Міністар аховы прыроды Польшчы Гэнрык Кавальчык заявіў, што лістападаўская пастанова выконвалася, а цяперашні вэрдыкт суда міністэрства прыняло са зразуменьнем.

Гэнрык Кавальчык: Мы не зьдзіўленыя, таму што ўжо часовы вэрдыкт сьведчыў пра гэта, як і ацэнка генэральнага прадстаўніка. Таму нічога нечаканага не адбылося. Для мяне самае галоўнае ў тым, што пасьля часовага рашэньня суд ды Эўракамісія далі веру нашым заявам, што мы падпарадкаваліся прынятаму рашэньню. Мы пераканалі Эўракамісію, якая адмовілася накладаць на нас фінансавыя санкцыі. Гэта мяне цалкам задавальняе.

Прадстаўнік Эўракамісіі заявіў, што было прынятае рашэньне не накладаць на Польшчу фінансавы штраф у зьвязку з парушэньнем эўрапейскага прыродаахоўнага заканадаўства. Эўракамісія задаволілася тым фактам, што Дзяржаўная лясная служба вывела з Белавескай пушчу ўсю цяжкую тэхніку, у тым ліку вялізарныя лесапільныя камбайны – гарвэстары.

Пасьля канчатковага вэрдыкту суду міністэрства Польшчы хоча правесьці шырокія кансультацыі з экспэртамі, каб вырашыць далейшы лёс Белавескай пушчы. Прэсавы сакратар міністэрства Аляксандар Бжузка распавёў, што міністэрства выканае вэрдыкт і пачне выпрацоўку пагадненьня адносна далейшай аховы пушчы.

Аляксандар Бжузка: Мы будзем прытрымлівацца дадзенага вэрдыкту. Што тычыцца будучыні Белавескай пушчы пасьля рашэньня суду, у першую чаргу пачнецца праца экспэртнай групы, якая будзе рыхтаваць доўгатэрміновы плян для Белавескай пушчы. Рэкамэндацыі экспэртнай групы будуць прадстаўленыя на разгляд Эўракамісіі. Далей у супрацы з ёй мы будзем рыхтаваць адпаведны плян аховы для Белавескай пушчы, каб узяць пад увагу патрэбы актыўнай ды пасіўнай аховы, як казаў спадар міністар, найлепшае рашэньне дзесьці пасярэдзіне.

Сваё задавальненьне рашэньнем суду выказалі таксама прадстаўнікі экалягічных арганізацый. Гэта добры дзень для пушчы, але кепскі для Польшчы, кажуць эколягі ў Белавежы. У пушчы зь імі размаўляў карэспандэнт Польскага радыё Рышард Мінко.

Рышард Мінко: Рашэньне Суду Эўрапейскага зьвязу азначае, што пратэстуючыя мелі рацыю, перакананыя Адам Богдан з асацыяцыі «Дзікая Польшча». У зьвязку з гэтым цяпер людзі, якія бралі ўдзел у акцыях блякады, каб спыніць масавую вырубку лесу, павінны быць вызваленыя ад судовай адказнасьці. У Гайнаўскім судзе разглядаецца больш за сто скаргаў на пратэстоўцаў. Іх чакаюць штрафы. Эколягі заявілі, што пакуль застануцца ў пушчы. Яны будуць правяраць, ці Дзяржаўная лясная служба падпарадкуецца вэрдыкту.

У сваю чаргу апазыцыя дамагаецца, каб улады прыцягнулі вінаватых у прыняцьці ды ажыцьцяўленьні незаконных рашэньняў па вырубцы ў Белавескай пушчы. У першую чаргу называюцца прозьвішчы былога міністра аховы прыроды Яна Шышкі ды былога дырэктара Дзяржаўнай лясной службы Польшчы Конрада Тамашэўскага. Маўляў, іх воляй пад сякеру ішлі стогадовыя і старэйшыя дрэвы. Гаворыць дэпутатка з апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Габрыэля Ленартовіч.

Габрыэля Ленартовіч: Гэтыя дзеяньні шкодзяць цяперашнім і будучым пакаленьням як у маральным пляне, так і ў фінансавым. Мы хочам, каб дадзеная справа была расьсьледаваная згодна з прынцыпам роўнасьці ўсіх перад законам. Каб былі названыя вінаватыя ў сытуацыі. У парлямэнце мы падрыхтавалі законапраект аб стварэньні парлямэнцкай сьледчай камісіі наконт ацэнкі законнасьці згаданых дзеяньняў.

Завяршылася двухгадовая спрэчка польскага ўраду ды Эўракамісіі ў справе санітарных вырубак у Белавескай пушчы. Міністэрства аховы прыроды Польшчы пачало вырубкі ў якасьці сродка барацьбы з нашэсьцем жука-караеда. Эўракамісія назвала дадзенае рашэньне незаконным. Сёньня Суд Эўрапейскага Зьвязу вынес вэрдыкт у дадзенай спрэчцы. Суд прызнаў дзеяньні польскага ўраду незаконнымі і загадаў спыніць вырубку.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт