У Польшчы зачынена 14 турмаў
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
14.04.2018 14:50
Амаль усім аб'ектам - больш за 150 гадоў, найнавейшая закрытая турма была пабудаваная 113 гадоў таму ў Кракаве.
www.pixabay.com/CC0
У Польшчы зачынена 14 турмаў і вырашана пра будаўніцтва трох сучасных -Міністэрства юстыцыі ня хоча выносіць гэтае пытаньне да шырокага ведама, паведамляе тыднёвік Polityka.
У Польшчы, побач з Румыніяй, найменшая плошча на аднаго вязьня – 3 кв. м, эўрапейскі стандард – 7 кв. м, а ў некалькіх дзяржавах - нават 10 кв. м. У сярэднім крымінальніка ў Польшчы кормяць за дзень ежай, кошт якой - 1 эўра, што пастаянна моцна зьдзіўляе інспэктараў. Вязьняў-інвалідаў замыкаюць у камэрах, куды няма доступу да ліфта. Такім чынам яны прысуджаныя да двайной ізаляцыі. Парушаецца нават такое асноўнае права, як доступ да пітной вады.
У польскіх турмах вялікай праблемай зьяўляюцца наркотыкі. На другім месцы агрэсія, затым нелегальныя сотавыя апараты і ўцёкі зь месца працы, бо бальшыня вязьняў калі працуе, то без аховы.
31 сакавіка былі зачыненыя 14 найстарэйшых, найбольш зьнішчаных турмаў, у якіх найцяжэйшыя ўмовы адбываньня тэрміну. Амаль усім больш за 150 гадоў. Найнавейшая закрытая турма была пабудаваная 113 гадоў таму ў Кракаве.
У наступным годзе пачнуць будаваць новыя пэнітэнцыярныя ўстановы. Агулам заплянава тры новыя – у гарадах Дэмбэ (Dębe), Санак (Sanok) і Бжэг (Brzeg). Каля кожнай турмы адразу пабудуюць заводы, дзе будуць працаваць вязьні. Мясцовыя жыхары пратэстуюць супраць такіх інвэстыцый, аднак муніцыпальныя ўлады імкнуцца прыцягнуць да сябе кожны капітал, бо гэта прыносіць даходы ў мясцовы бюджэт.
яс