Logo Polskiego Radia
Print

Каб перамагчы АЧС, неабходна застрэліць усіх дзікоў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.03.2018 14:15
  • АЧС.mp3
Палякі мяркуюць, што страшная зараза прыйшла ў Польшчу з усходу, зь Беларусі, Летувы або Ўкраіны.
pixabay.com/Public Domain CC0

Страх зазірае ў вочы многіх жывёлагадоўцаў, як у Польшчы, так і ў Беларусі. Нядаўна на ўсходзе Польшчы былі выяўленыя новыя ачагі афрыканскай чумы сьвіней. Гэтая хвароба страшная тым, што ад яе няма ні лякарства, ні вакцыны, а жывёлы дохнуць як мухі. Сёньня ў Канцылярыі польскага прэм’ер-міністра праходзіць міжнародная сустрэча па гэтым пытаньні.

Палякі мяркуюць, што страшная зараза прыйшла ў Польшчу з усходу, зь Беларусі, Летувы або Ўкраіны. Вірус прынесьлі з-за мяжы заражаныя дзікі, з якіх захворваньне перанеслася на гадаваных дамашніх сьвіней. Беларусь рэгулярна сутыкаецца з праблемай, а ў Польшчы яна ўзьнікла чатыры гады таму, пасьля ўспышкі самай маштабнай эпідэміі хваробы ў Беларусі. На думку старшыні парлямэнцкай Камісіі сельскай гаспадаркі і разьвіцьця вёскі Яраслава Сахайкі, ужо тады неабходна было падумаць пра будаўніцтва плоту на мяжы зь Беларусяй, каб не дапусьціць перасяканьня граніцы хворымі дзікамі. На думку Сахайкі, цяпер трэба зьнішчыць ужо ўсю папуляцыю дзікоў.

Я. Сахайка: На дадзены момант неабходна выбіць усіх дзікоў, усю жывёлу неабходна застрэліць, тым больш, што яны і так здыхаюць. Менавіта гэтыя жывёлы самі хварэюць і заражаюць сьвіней. Гэта сьмяротная хвароба для ўсіх сьвіней, і дзікіх, і дамашніх. Так што для дзікоў няма ніякага паратунку, калі хтосьці вельмі хутка не прыдумае прышчэпкі, але пакуль што нідзе ня сьвеце такой вакцыны няма.

Калі немагчыма вылечыць або прадухіліць хваробу вакцынацыяй жывёл, то неабходна перакрыць шляхі пападаньня заразы ў Польшчу. Таму прапануецца збудаваць плот на ўсходняй мяжы краіны, хаця можа быць ужо позна, – кажа Яраслаў Сахайка.

Я. Сахайка: Гэты плот неабходна было збудаваць чатыры гады таму, калі хвароба пачалася, а нават яшчэ раней. Цяпер Данія намераная збудаваць у сябе мур на мяжы зь Нямеччынай, калі ў яе хваробы яшчэ няма. А ў нас усё робіцца постфактум. Цяпер трэба задумацца, ці не збудаваць другі плот на мяжы Віслы. Калі гэтая хвароба пойдзе далей на захад Польшчы, то ўся наша сьвінагадоўля зьнікне, наступіць яе поўны заняпад.

Кандыдат эканамічных навук, спэцыяліст па сельскай гаспадарцы Пётр Мігрускі згодны, што АЧС – гэта самая страшная хвароба для жывёлагадоўлі, і тут ня можа быць паўсродкаў, неабходна прымаць самыя радыкальныя меры, але заразу могуць пераносіць ня толькі дзікі, таксама птушкі, таму будаўніцтва муру на мяжы можа не прынесьці рэзультату.

П. Мігурскі: У Беларусь чума трапіла з Расеі. Беларусь для Польшчы зьяўляюцца хутчэй бар’ерам. У змаганьні з хваробай неабходна ўлічваць і наяўнасьць хворых жывёл, і наяўнасьць шляхоў заражэньня. У дадзеным выпадку асаблівую ролю адыгрывае наша калгасная сыстэма арганізацыі сельскай гаспадаркі, дзе мала хто за нешта адказвае. Пры такой сыстэме цяжка выконваць неабходныя санітарныя нормы. А якія шляхі заражэньня? Гэта і корм, і неахайнасьць у прыватных гаспадарках, і дзікія жывёлы, але гэта таксама птушкі, таму будаўніцтва плоту на мяжы праблемы ня вырашыць. Неабходна распрацаваць цэлы комплекс мераў па абароне сьвінагадоўлі, ня толькі Беларусі, але таксама ўсяе Эўропы.

Сёньня ў Канцылярыі старшыні рады міністраў Польшчы адбылася сустрэча прадстаўнікоў краін Эўрапейскага Зьвязу, а таксама Расеі, Беларусі ды Ўкраіны на тэму афрыканскай чумы сьвіней. Галоўныя вэтэрынарныя інспэктары ды міністры сельскай гаспадаркі абмяркоўвалі гэтую праблему з камісарам ЭЗ па пытаньнях бясьпекі прадуктаў харчаваньня Вітанісам Андрукайтысам. Польскі міністар сельскай гаспадаркі Кшыштаф Юргель паведаміў прадстаўнікам ЭЗ, якім чынам Польшча змагаецца з хваробай.

К. Юргель: Польшча знаходзіцца на першым флянгу пагрозы, якая можа зьявіцца ў іншых краінах ЭЗ. Таму, на нашу думку, Эўразьвяз павінен аказаць нам дапамогу ў гэтым працэсе змаганьня з хваробай.

На сустрэчы гаворка ішла таксама пра фінансавую дапамогу з фондаў ЭЗ для тых краін, якія змагаюцца з чумой сьвіней. Польшча падала заяву на 300 млн. злотых, якія можна будзе прызначыць між іншым на кампэнсацыю тым фэрмэрам, якім прыйдзецца адмовіцца ад сьвінагадоўлі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт