Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы хочуць разжалаваць вайсковых за ўдзел у злачынствах камунізму

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.03.2018 16:53
  • Аб афіцэрскім разжалаваньні.mp3
Парлямэнцкая камісія па справах абароны прыняла законапраект «Аб афіцэрскім разжалаваньні».
Foto: PAP/Marcin Obara

Дакумэнт унесены на другое чытаньне дэпутатам.

У Нацыянальны дзень памяці выклятых жаўнераў польскі ўрад унёс законапраект на разгляд у Сэйм. У дакумэнце ідзецца пра магчымасьць разжалаваць і пазбавіць афіцэрскага званьня тых, хто падчас службы ў органах дзяржаўнай бясьпекі дзейнічаў на карысьць умацаваньня камуністычнага рэжыму і на шкоду польскім нацыянальным інтарэсам.

Дакумэнт прадугледжвае, што рашэньне аб разжалаваньні будзе прымаць прэзыдэнт у дачыненьні да генэралаў і адміралаў, і міністар абароны ў дачыненьні да ўсіх астатніх афіцэраў. Права ініцыяваць разгляд справы атрымаюць дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку міністар абароны, Інстытут нацыянальнай памяці, Вайсковае гістарычнае бюро, дзяржаўныя архівы да вэтэранскія арганізацыі.

У законапраекце зазначаецца, што ягонай мэтай зьяўляецца стварэньне юрыдычнай магчымасьці пазбавіць афіцэрскага званьня між іншым Войцеха Ярузэльскага, Чэслава Кішчака ды іншыя людзей, якія служылі камуністычным уладам. Гаворыць віцэ-міністар абароны Польшчы Войцех Скуркевіч.

Войцех Скуркевіч: Законапраект прадугледжвае, што на моцы закона вайсковага званьня будуць пазбаўленыя чальцы Вайсковай рады Нацыянальнага збаўленьня. Пазбаўленьне вайсковых званьняў таксама будзе датычыць людзей, якія здрадзілі польскім нацыянальным інтарэсам, будучы на дзяржаўных пасадах альбо будучы ў войску камандавалі акцыямі па зьнішчэньні польскага незалежніцкага падпольля. Таксама гэты закон тычыцца тых, хто ладзіў антысэміцкія чысткі 1967-68 гг..

Пасьля ўнясеньня ўрадам законапраекту, ім занялася парлямэнцкая Камісія па справах абароны, якая ўнесла шэраг паправак, якія не зьмянілі радыкальна дакумэнт. Пры гэтым агульная рэкамэндацыя – пазытыўная. Дакумэнт перададзены на другое чытаньне ў Сэйм. Гаворыць старшыня камісіі Міхал Ях з партыі Права й Справядлівасьць.

Міхал Ях: Назваць хто ў часы ПНР, падчас ІІ Усясьветнай вайны быў героем, а хто бандытам ды здраднікам. Хто быў злачынцам, а хто ахвяраваў сваё жыцьцё, сям’ю, працу й быў героем. Раней гэта было вельмі няясна.

У сваю чаргу дэпутаты з апазыцыйных фракцый выступілі з крытыкай законапраекту. Апазыцыя падкрэсьлівала, што прапанаванае ў законапраекце працэдура пазбаўленьня вайсковых званьняў парушае Канстытуцыю. Гаворыць дэпутат партыі Грамадзянская плятформа Чэслаў Мрочэк.

Чэслаў Мрочэк: Па-першае, міністру абарону даюцца прэрагатывы разжалаваньня жаўнераў. Гэта парушае кардынальны прынцып, што разжалаваць можа толькі суд. Столькі год гэта правіла дзейнічала. Па-другое, што гэта за разжалаваньне пасьля сьмерці!

Паводле дзейснага польскага заканадаўства разжалаваць жаўнера можна толькі на падставе рашэньня суда, альбо ў выпадку добраахвотнага адмаўленьня ад польскага грамадзянства. Іншых працэдур няма. Таксама апазыцыя крытыкавала кіроўную партыю за непрымальную пасьпешнасьць пры заканадаўчых працах. Гаворыць былы міністар абароны папярэдняга ўрада Томаш Семоняк.

Томаш Семоняк: Калі б выбарцы ўбачылі, як гэта выглядала. Гэта заканадаўчая пустка, што напісана насьпех, цяпер яе прапіхваюць праз камісію па справах абароны. Усё робіцца па начах, насуперак заўвага юрыдычнага бюро Сэйму. Гэта проста роспач!

Большасьць дэпутатаў польскага Сэйма не пагадзілася з гэтымі заўвагамі апазыцыі. Працы над законапраектам працягваюцца. Сёньня адбылося другое чытаньне дакумэнту. Кіраўніцтва Сэнату выказала свой інтарэс да гэтага закона.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт