Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адбываецца Тыдзень дапамогі ахвярам злачынстваў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.02.2018 14:25
  • сацыяльная-ахвяры.mp3
Як правіла ахвяры карыстаюцца бясплатнымі юрыдычнымі і псыхалягічнымі кансультацыямі.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Public Domain

Злачынствы рознай цяжкасьці здараюцца штодзённа. Кожны з нас можа стаць ахвярай такога здарэньня. Канешне, лепш, каб так ня стала, але ў выпадку якога-колечы злачынства, датычнага нашай асобы, варта ведаць, дзе шукаць інфармацыю і дапамогу.

22 лютага ў краінах Эўрапейскага Зьвязу адзначаецца Міжнародны дзень ахвяраў злачынстваў. Польшча далучылася да адзначэньня гэтага дня ў 2003 годзе. З таго часу да падзеі прымеркаваныя розныя мерапрыемствы, прысьвечаныя дапамозе ахвярам злачынных дзеяньняў. Як правіла гэта бясплатныя юрыдычныя і псыхалягічныя кансультацыі на тэрыторыі розных населеных пунктаў, як вялікіх, так і малых гарадоў па ўсёй Польшчы. А дапамога не абмяжоўваецца да аднаго дня, у панядзелак пачаўся цэлы Тыдзень дапамогі асобам, пацярпелым у выніку злачынства.

Мікалай Паўляк з Міністэрства юстыцыі адзначае, што дапамогу аказваюць суды, пракуратуры, камэндатуры паліцыі і арганізацыі трэцяга сэктару, якія атрымалі на гэтыя мэты сродкі з Фонду юстыцыі.

М. Паўляк: Галоўным чынам гэта псыхалягічная дапамога, юрыдычныя кансультацыі, дапамога, зьвязаная з коштамі псыхатэрапіі, наладжаньне працэсу перамоваў з іншымі зацікаўленымі бакамі. Як правіла гэтую дапамогу аказваюць асобы першага кантакту з ахвярай, але таксама можна дапамагчы ў арганізацыі працэсу рэабілітацыі, а нават праз унясеньне часткі або поўнага кошту квартплаты за тых людзей, якія не змаглі заплаціць за кватэру ў выніку злачынства.

Як правіла мы ня думаем пра небясьпеку стаць ахвярай злачынства да таго часу, пакуль гэта з намі ня здарыцца. Але, як кажуць, беражонага Бог беражэ. Таму лепш загадзя ведаць, як сябе паводзіць, калі здарыцца нам стаць бокам злачынства – пакрыўджаным бокам. І нават гаворка ідзе не пра сур’ёзнае зьбіцьцё або забойства, якія здараюцца рэдка. На многа большая верагоднасьць, што мы станем ахвярамі банальнага ўзлому, крадзяжу ў кватэры або ўгону машыны. Незалежна ад таго, дзе здарылася злачынства, дома ці звонку, перш за ўсё важна апэратыўна зьвярнуцца ў праваахоўныя органы – пазваніць у паліцыю, у службу 112, а таксама па меры магчымасьці захаваць месца злачынства ў некранутым выглядзе. Паліцыя пачне сьледчыя дзеяньні, а пазьней ужо можна зьвяртацца па дапамогу да кампэтэнтных органаў, якія аказваюць падтрымку ахвярам злачынства.

У Польшчы фармат дапамогі акрэсьлены канкрэтнымі рамкамі, вызначанымі дакумэнтам аб падтрымцы пацярпелых з Фонду юстыцыі. Дапамогу можа атрымаць кожны, каго закранула якое-небудзь злачынства, – дадае Мікалай Паўляк.

М. Паўляк: Зразумела, вельмі часта, часьцей за ўсё, дапамога патрэбная ахвярам хатняга насільля. Але ёсьць выключэньні. Фонд юстыцыі быў створаны дзеля таго, каб аказваць дапамогу ўсім ахвярам кожнага віду злачынства. Ёсьць таксама пацярпелыя ў дарожна-транспартных здарэньнях, якім патрэбная, скажам, дарагая рэабілітацыя. Здараюцца ахвяры махляроў, злачынстваў чыноўнікаў. Кожны від злачынства зьвязаны з наяўнасьцю пацярпелых асоб.

Адной з мэтаў Міжнароднага тыдня дапамогі асобам пацярпелым у выніку злачынства зьяўляецца факусіраваньне ўвагі на патрэбы і правы ахвяр злачынства. Цягам гэтага тыдня працуюць адмысловыя Цэнтры дапамогі для асоб, пацярпелых ад злачынства. Цэнтры зладзіла Міністэрства юстыцыі. У Тыдні дапамогі ахвярам злачынстваў удзельнічаюць, у прыватнасьці, Галоўная рада адвакатаў, Галоўная камэндатура памежнай службы, Амбудсмэн, Абаронца правоў дзяцей, Галоўная камэндатура паліцыі, Галоўная палата лекараў ды іншыя дзяржаўныя структуры.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт