Кіраўнік МЗС Нідэрляндаў саступіў з пасады за хлусьню пра Пуціна
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
15.02.2018 16:39
-Мы жывем у краіне, дзе праўда мае значэньне, - такім чынам Хальбэ Зэйлстра патлумачыў прычыну сваёй адстаўкі.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
У траўні 2016 г. будучы міністар на сходзе сваёй Народнай Партыі расказаў, што 10 гадоў таму ён удзельнічаў у сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у ягонай рэзыдэнцыі. Там, нібыта, расейскі прэзыдэнт расказваў пра ідэю „Вялікай Русі”, якая павінна складацца з Расеі, Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі. Восеньню Зэйлстра быў прызначаны кіраўніком МЗС Нідэрляндаў. Нанятыя міністрам прапагандысты сталі распаўсюджваць гісторыю сустрэчы з Пуціным як аргумэнт супраць меркаваньняў, што Зэйлстра ня мае адпаведнага вопыту.
Калі журналісты сталі дакладна правяраць інфармацыю, то Зэйлстра прызнаўся, што ён ня быў на сустрэчы з Пуціным, а пра „Вялікую Русь” пачуў ад „трэцяй асобы, якая там была”. Сапраўды, у 2006 годзе Хальбэ Зэйлстра быў у Расеі, але калі ягоныя начальнікі сустракаліся з расейскім прэзыдэнтам, ён стаяў за дзьвярыма.
Дырэктар кампаніі Shell Ероэн ван дэр Вээр прызнаўся, што гэта пра яго ідзе гутарка, аднак Зэйлстра „дрэнна зразумеў” – Пуцін „казаў пра Вялікую Русь у гістарычным кантэксьце”, - сказаў ван дэр Вээр.
Парлямэнт прыняў адстаўку Зэйлстры за дзень да сустрэчы з расейскім кіраўніком дыпляматыі Сяргэем Лаўровым.
У Маскве цяпер чакаюць, што Нідэрлянды афіцыйна папросяць у Лаўрова прабачэньня.
Rzeczpospolita/яс