Як мы ўжо паведамлялі, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў дапоўнены закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці. Адначасова галава дзяржава накіраваў дакумэнт на праверку ў Канстытуцыйны суд. Закон выклікаў пратэсты ў Ізраілі, ЗША ды Ўкраіне, дзе яго назвалі ўжо скандальным.
Учора ў сваёй прамове Анджэй Дуда доўга казаў пра важнасьць гістарычнай памяці, пра складаныя эмоцыі, якія выклікае трагедыя Другой сусьветнай вайны ў яе ахвяр, пра тое, што нельга забыць. І ўрэшце аб’явіў сваё рашэньне: закон ён падпісаў, але пры гэтым яго павінен праверыць Канстытуцыйны суд – ці юрыдычны акт не абмяжоўвае свабоды выказваньняў і дасьледаваньняў. Нагадаем, менавіта з гэтым былі зьвязаныя пратэсты ізраільскага боку – што сьведкам гісторыі будзе пагражаць пакараньне, калі яны будуць распавядаць пра ўдзел некаторых палякаў у Галакосьце.
Па словах віцэ-прэм’ера Бэаты Шыдла, заўвагі ізраільскага боку, якія паяўляліся падчас распрацоўкі закону, былі ўзятыя пад увагу.
Б. Шыдла: Спадар прэзыдэнт, падпісваючы закон, прыняў правільнае рашэньне. Аднак ёсьць сумненьні, таму ён накіраваў яго ў Канстытуцыйны суд. На маю думку, гэта добры крок. Суд выдасьць сваё рашэньне, і тады ўсё будзе зразумела. Але самае важнае, што прэзыдэнт падпісаў закон, і ён уступіць у сілу.
Некаторыя партыі парлямэнцкай апазыцыі незадаволеныя такім вырашэньнем справы. На думку кіраўніка фракцыі «Грамадзянскай плятформы» Славаміра Ноймана, Анджэй Дуда прыняў няправільнае рашэньне. Дэпутат заявіў падчас прэс-канфэрэнцыі, што галава дзяржава ўступіў пад прэсінгам старшыні сваёй партыі Яраслава Качыньскага.
С. Нойман: Гэты подпіс спадара прэзыдэнта пад законам, які выклікае такія гучныя пратэсты, толькі паглыбіць дыпляматычны крызыс, яшчэ больш пагоршыць адносіны Польшчы з іншымі краінамі. У тым ліку з нашым самым важным партнэрам, калі гаворка ідзе пра бясьпеку – са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Гэта дрэннае рашэньне, якое не пакідае магчымасьці разьвіваць дыялёг з нашымі партнэрамі, падчас якога мы маглі б пераканаць іх, што маем рацыю.
Супраць закону выступае ня толькі Ізраіль і ЗША. Ва Ўкраіне дакумэнт назвалі ўжо скандальным ды антыўкраінскім. Вярхоўная рада Ўкраіны зьвярнулася да прэзыдэнта Польшчы з заклікам накласьці вэта на закон, але безвынікова. Падчас абмеркаваньня польскага закону ва ўкраінскім парлямэнце дэпутат ад партыі «Бацькаўшчына» Барыс Тарасюк выступіў з абвінавачаньнем у адрас польскага Сэйму.
Б. Тарасюк: Складваецца ўражаньне, што польскія парлямэнтары на дзяржаўным узроўні займаюцца антыўкраінскай палітыкай. Ёсьць ужо наступствы – фізычныя нападзеньні на ўкраінцаў, шавіністычная рыторыка, руйнаваньне ды апаганьваньне ўкраінскіх помнікаў на могілках у Польшчы.
Нагадаем, паводле польскага закону, кожнаму, хто карыстаецца тэрмінам «польскія канцлягеры», прыпісвае ўдзел польскай дзяржаве або польскаму народу ў Галакосьце або пярэчыць злачынствам украінскіх нацыяналістаў, пагражае штраф або пазбаўленьне волі да трох гадоў. Украінскі парлямэнт прыняў зварот, у якім гаворыцца, што закон адкрывае шлях да маніпуляцый і ўзмацненьня антыўкраінскіх настрояў у польскім грамадзтве. Вышэйшая рада выразіла «расчараваньне і глыбокае занепакаеньне» у сувязі з унясеньнем зьменаў у закон аб ІНП.
Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Кшыштоф Шчэрскі спадзяецца, што ўдасца правесьці перамовы з украінскім бокам на тэму новага закону.
К. Шчэрскі: Я размаўляў сёньня з Кіевам і ведаю, што адбудзецца візыт віцэ-прэм’ера Ўкраіны, яго сустрэча з міністрам культуры Польшчы. Падчас гэтай сустрэчы пойдзе гаворка пра спрэчныя пытаньні, датычныя польска-украінскай гісторыі. І таму я спадзяюся, што з украінскім бокам удасца дамовіцца тут, на месцы.
Ня толькі ўкраінскі бок расчараваны, што прэзыдэнт Дуда падпісаў закон. Сваё шкадаваньне па гэтай справе выразіў таксама амэрыканскі дзярж-сакратар Рэкс Тылерсан. Па словах міністра Шчэрскага, адказам Польшчы будзе спакойны і пасьлядоўны дыялёг з замежнымі партнэрамі.
К. Шчэрскі: Я зьвяртаюся да ўсіх з просьбаю быць цярплівым. Зьмены ў поглядах не адбудуцца адразу, на наступны дзень. Мы павінны клапаціцца пра добры імідж Польшчы працяглы час. Таксама наконт гэтага закону неабходна весьці вельмі спакойны і пасьлядоўны дыялёг. На маю думку, рашэньне прэзыдэнта, каб накіраваць закон у Канстытуцыйны суд, дазваляе гэты дыялёг весьці.
Ці польскім кіруючым сілам удасца пераканаць украінскі ды ізраільскі бок, дзе закон выклікаў вельмі шмат нэгатыўных эмоцый? Час пакажа.
нг