Logo Polskiego Radia
Print

«Белая Русь» стане партыяй, калі Лукашэнка састарэе»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.01.2018 19:00
  • «Белая Русь» стане партыяй, калі Лукашэнка састарэе».mp3
Навошта кіраўніку Беларусі патрэбная чынавенская арганізацыя – тлумачыць палітоляг Андрэй Елісееў.
ІІІ Зьезд рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня "Белая Русь", 19 сьнежня 2017 г. Фота з афіцыйнага сайту арганізацыі. ІІІ Зьезд рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня "Белая Русь", 19 сьнежня 2017 г. Фота з афіцыйнага сайту арганізацыі. belayarus.by

Зьезд праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь», адлічэньне з унівэрсытэту лідаркі Моладзі БНФ, прапановы Казахстана перанесьці мірныя перамовы па Данбасе ў Астану – такімі былі галоўныя палітычныя падзеі Беларусі мінулых 7 дзён. Чаму нават у пэрыяд «адлігі» з унівэрсытэтаў выключаюць палітычна актыўных маладых людзей? Калі нарэшце «Белая Русь» стане партыяй улады? Ці Менск згубіць статус пляцоўкай мірных перамоваў? На гэтыя пытаньні Аляксандра Папко адказвае аналітык дасьледчага цэнтру EAST Андрэй Елісееў.

Палітычныя адлічэньні студэнтаў вярнуліся

У пятніцу 19 студзеня старшыню Моладзі БНФ Ганну Сьмілевіч адлічылі з другога курсу Факультэту журналістыкі БДУ. Афіцыйная прычына – тры нездадзеныя экзамэны. Ганна стала ўжо пятым кіраўніком Моладзі БНФ, якога выключылі з унівэрсытэту. Ці адлічэньне сапраўды палітычнае? Калі так, то якія высновы належыць зрабіць грамадзтву і замежным назіральнікам?

Андрэй Елісееў: З даступнай інфармацыі выглядае, што прынамсі дамешак палітыкі ў гэтай справе ёсьць. Як вынікае з каментароў аднагрупнікаў, Ганна – хай і не выдатніца, але ж і не найгоршая студэнтка ў групе. Але ж пад гісторыю з выключэньнем патрапіла толькі яна. Высновы адсюль простыя: дзяржава па-ранейшаму не грэбуе выкарыстоўваць унівэрсытэты для ціску на людзей, зьвязаных з апазыцыйнымі арганізацыямі. І гэтаму спрыяе асаблівасьць сыстэмы вышэйшай адукацыі, калі ў вялікай колькасьці прадметаў выкладчык вызначае адзнаку не паводле аднолькавага для ўсіх тэсту альбо пісьмовага заданьня, але грунтуючыся на вуснай размове з мажлівасьцю задаваць або не задаваць розныя дадатковыя пытаньні.

Чаму «Белая Русь» дагэтуль ня стала партыяй?

У той самы дзень, калі з БДУ адлічалі лідарку апазыцыйнай моладзевай арганізацыі, у будынку нацыянальнай бібліятэкі ў Менску прайшоў зьезд беларускага чынавенскага актыву. Падчас кожнага зьезду «Белай Русі» палітычныя камэнтатары чакаюць, што арганізацыя нарэшце аб'явіць пра сваё пераўтварэньне ў партыю ўлады, кшталту прапуцінскай «Адзінай Расеі». Аднак такой заявы ізноў не прагучала. Адзіным значным рашэньнем зьезду было абраньне на пасаду кіраўніка «Белай Русі» шэфа Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі. Што зьменіцца з новым кіраўніком? Ці ператворыцца калі-небудзь «Белая Русь» у партыю ўлады? І навошта яна ўвогуле патрэбная Лукашэнку?

Андрэй Елісееў: Ператварэньне «Белай Русі» у палітычную партыю – сапраўды адзін з мажлівых сцэнароў разьвіцьця арганізацыі. Ён мажлівы, калі пачнецца сур’ёзная гульня з Захадам, альбо будуць сур’ёзныя ўнутрыпалітычныя выклікі цяперашняй уладзе, якія не выйдзе задушыць рэпрэсіямі. Альбо калі саслабее роля Лукашэнкі ў палітычнай сыстэме, напрыклад, праз стан здароўя. Пакуль жа, відавочна, няма нічога з гэтага, а таму мяняць палітычную сыстэму і надаваць большую ролю партыям Лукашэнка й ягонае бліжэйшае атачэньне не зьбіраюцца. Таму «Белая Русь» застаецца кузьняй кіроўных кадраў, адданых уладам і дапамагае стварыць выгляд, што ў выбарчых кампаніях бяруць удзел грамадзкія аб’яднанні.

Ад зьмены перамоўнай пляцоўкі мір у Данбасе не настане

Перамовы па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе павінныя быць перанесеныя зь Менска ў Астану. З такой прапановай выступіла кіраўніцтва Казахстану, пасьля таго, як Нурсултан Назарбаеў сустрэўся ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. 19 студзеня сталы прадстаўнік Казахстану ў ААН Кайрат Умараў заявіў, што перамовы трэба перанесьці ў іншую краіну, бо менскі працэс зайшоў у тупік. Ці Менск перастане быць месцам сустрэчаў прадстаўнікоў Украіны, Расеі ды прарасейскіх сэпаратыстаў? Што можа зьмяніцца ад перамены пляцоўкі? Навошта Казахстан выступіў з такой не самай прыемнай для беларускіх уладаў прапановай?

Андрэй Елісееў: Думаю, ці ня ўсім відавочна, што прычына тупіку – не ў Менску як месцы перамоваў, а ў вельмі розных перамоўных пазыцыях бакоў, што не дазваляе знайсьці кампрамісныя рашэньні. У гэтым сэнсе, ад перамены пляцоўкі мала што зьменіцца, і я не думаю, што неўзабаве перамоўныя бакі выступяць за перанос пляцоўкі. Назарбаеў лічыць сябе не меншым міралюбцам і донарам бясьпекі за Лукашэнку. Напрыклад, такі міжнародны форум як Нарада па ўзаемадзеяньні й мерах даверу ў Азіі паўстаў з даўняй ідэі Назарбаева. У 2010-ым, калі Беларусь зачыніла офіс такой значнай арганізацыі па бясьпецы як АБСЕ, Казахстан прымаў у сябе саміт арганізацыі. Таму ён ня супраць і ідэі мірнай пляцоўкі па Данбасу, кожны грае на свой імідж.

Улады хаваюць факт правалу мадэрнізацыі

Беларускі ўрад засакрэціў інфармацыю пра памер субсідыяў, якія выдзяляюцца прадпрыемствам лёгкай прамысловасьці й мэталюргіі. Раней кіраўніцтва дзяржавы паведамляла, што дапамога будзе аказаная фабрыкам па вытворчасьці тканіны «Блакіт» і «Камволь», а таксама Беларускаму мэталюргічнаму заводу ў Жлобіне й Менскаму аўтазаводу. Ім абяцалі адтэрмінаваць выплату дзяржаўных крэдытаў. З якой мэтай улады хаваюць інфармацыю пра памер падтрымкі для дзяржаўных прадпрыемстваў?

Андрэй Елісееў: За апошнія гадоў дзесяць лёгкай прамысловасьці выдзелілі пад мільярд даляраў субсыдыяў. У канцы 2017-га Лукашэнка прывёз на «Камволь» віншаваньні з «завяршэньнем вялікай эпапэі мадэрнізацыі». Гэтая самая эпапэя, па ягоных жа словах, пахавала шмат лёсаў. Але цяпер, маўляў, прыйдзе на прадпрыемства лад. Робячы сакрэт пра далейшыя субсыдыі беларускія ўлады тым самым спадзяюцца схаваць факт няўдалай мадэрнізацыі. Бо калі дапамога працягнецца, гэта будзе значыць што надта доўгі час прымаюцца няслушныя рашэньні, і грошы закапваюцца ў зямлю. Да таго ж, сакрэтнасьць уводзяць яшчэ і з тым, каб іншыя прадпрыемствы ня тыкалі, гаворачы: «А чаму ім столькі?! Дайце й нам!»

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт