Logo Polskiego Radia
Print

Польскія ўлады рашуча адрэагавалі на праявы нэанацызму

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.01.2018 15:42
Некалькі польскіх нэанацыстаў ушаноўвалі памяць ды ідэалёгію Адольфа Гітлера.
Кадр з рэпартажа тэлеканалу TVN

Як мы ўжо паведамлялі ў нашых перадачах, надоечы польскае тэлебачаньне TVN паказала сюжэт, як некалькі польскіх нэанацыстаў ушаноўвалі памяць ды ідэалёгію Адольфа Гітлера. Рэакцыя ўладаў Польшчы была рашучай – яны абяцаюць дэлегалізаваць арганізацыю, якая зладзіла сьвяткаваньне.

Распаўсюджваньне і ўшаноўваньне фашысцкай сымболікі ў Польшчы забаронена законам. Парушэньне гэтай забароны здараецца рэдка ў краіне, якая жахліва пацярпела ў выніку нападзеньня гітлераўцаў і Другой сусьветнай вайны. Нагадаем, Гітлер імкнуўся да поўнага фізычнага вынішчэньня польскага народу. Таму такой вялікай сэнсацыяй стаў рэпартаж тэлестанцыі TVN, падчас якога нэанацысты ўшаноўвалі памяць дыктатара, заснавальніка нямецкага фашызму. Журналісты зьнялі падзею на скрытую камэру. На дрэвах былі разьвешаныя свастыкі, удзельнікі падрыхтавалі таксама алтар у гонар Гітлера.

Рэакцыя дзяржаўных органаў на дзейнасьць арганізацый, якія распаўсюджваюць фашысцкую ідэалёгію, будзе хуткай і рашучай, – заявіў каардынатар спэцслужбаў Марыюш Каміньскі.

М. Каміньскі: Абсалютна недапушчальна, каб у свабоднай, незалежнай Польшчы хтосьці асьмеліўся ўсхваляць нацыстаў, Гітлера. Улады ня могуць пакінуць гэта без увагі. Рэакцыя ўладных структур будзе хуткай і рашучай. На шчасьце, гэта маргінальныя рухі, польскаму грамадзтву не пагражае шырокае распаўсюджваньне такога тыпу радыкальных поглядаў.

Ушанаваньне памяці Гітлера было зладжана сябрамі арганізацыі «Гонар і сучаснасьць». Акружная пракуратура ў горадзе Глівіцэ па даручэньні Генэральнага пракурора дасьледуе магчымасьць дэлегалізацыі арганізацыі. Па словах прэс-сакратара нацыянальнай пракуратуры Эвы Бялік, прадметам аналізу зьяўляецца фактычная дзейнасьць арганізацыі ды яе сябраў.

Э. Бялік: Неабходна ацаніць, ці гэтая арганізацыя ў сваёй дзейнасьці згадвае мэтады і практыку фашызму, нацызму або іншых таталітарных ідэалёгій. Гэта сур’ёзная справа, таму нагляд за сьледзтвам узяла на сябе Нацыянальная пракуратура. Такое рашэньне прыняў генэральны пракурор. Гэта на пэўна важная справа для польскага грамадзтва.

Таксама польская апазыцыя патрабуе распусьціць таварыства «Гонар і сучаснасьць». Дэпутаты партыі «Грамадзянская плятформа» зладзілі прэс-канфэрэнцыю на тым месцы, дзе адзін з былых ужо лідараў таварыства арганізаваў хэпінінг з шыбеніцамі, на якіх віселі партрэты дэпутатаў Эўрапарлямэнту ад гэтай партыі. Тады не было ніякай рэакцыі ўладаў, – адзначае старшыня ГП Гжэгаж Схэтына.

Г. Схэтына: Пасьля 26 лістапада, калі адбыўся гэты хэпінінг, быў таксама выпадак свастыкі ў Беластоку, былі таксама іншыя выпадкі распаўсюджваньня фашысцкай ідэалёгіі – між іншым пропаведзі ксяндза Мендляра. Не было рэакцыі пракуратуры, гэта значыць, яна прымала бок злачынцаў.

Палітыкі «Грамадзянскай плятформы» папярэджваюць, што яны будуць патрабаваць адстаўкі кожнага Генэральнага пракурора ў Польшчы, які дапускае апраўданьне ў судах асоб, што распаўсюджваюць фашысцкую ідэалёгію.

У сваю чаргу дэпутаты партыі Кукіз’15 намераныя ўнесьці заяву па пытаньні адабраньня ў таварыства «Гонар і сучаснасьць» статусу грамадзкай арганізацыі. На думку Агнешкі Сьцігай з Кукіз’15, такога тыпу інцыдэнты пагаршаюць імідж тысяч грамадзкіх арганізацый у Польшчы.

А. Сьцігай: Суды, якія прысвойваюць званьне «грамадзкая арганізацыя», павінны больш старанна дасьледаваць такога тыпу арганізацыі. Усе структуры трэцяга сэктару павінны быць крыштальна чыстымі, насельніцтва павінна мець да іх поўны давер. Суды павінны рэгулярна правяраць гадавыя справаздачы такіх структур, і публікаваць гэтыя справаздачы. Такія інцыдэнты, як апошні ў Сілезіі, адбываюцца пад прыкрыцьцём дзейнасьці свабоднай грамадзкай арганізацыі.

У чацьвер пачынаецца пасяджэньне Сэйму – ніжэйшай палаты парлямэнту. Дэпутаты намераныя заслухаць даклад міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Яахіма Брудзіньскага на тэму асоб, арганізацый і груповак, наконт якіх існуе падазрэньне, што яны маглі ў сваёй дзейнасьці пашыраць прапаганду таталітарных рэжымаў. З такім запытам да міністра зьвярнуліся дэпутаты партыі «Права й справядлівасьць».

За прапаганду фашызму або ідэалёгіі іншага таталітарнага ладу польскія законы прадугледжваюць да двух гадоў пазбаўленьня волі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт