Ад сярэдзіны студзеня каля 30 чалавек будуць вывучаць польскую мову на бясплатных курсах, якія адчыніў Беларускі дом у Варшаве. Хто праходзіць на гэтыя курсы? Што ў вывучэньні польскай мовы даецца найскладаней? Як запісацца на заняткі? Гэтыя пытаньні мы задаем арганізатарам курсаў – супрацоўнікам Беларускага дому Ларысе Караленцы і Ўладзімеру Кобецу.
14 студзеня пачнецца другі сэмэстар заняткаў польскай мовы, арганізаваных Беларускім домам у Варшаве. Колькасьць удзельнікаў курсаў расьце. У дадатак да першай групы з 12 чалавек, якая вывучае польскую мову з кастрычніка, заняткі пачне другая група колькасьцю ў 20 чалавек. Запісацца на курсы можна, выслаўшы мэйл на адрас Беларускага дому ў Варшаве (belhouse.consulate@gmail.com), альбо патэлефанаваўшы на нумар, які можна знайсьці на сайце арганізацыі.
Моўныя курсы створаныя для тых, хто прыехаў жыць ці працаваць у Польшчу, але практычна не размаўляе па-польску – тлумачыць старшыня Беларускага дому Ўладзімер Кобец. Такіх людзей даволі шмат – гэта рабочыя й прадпрымальнікі, якія толькі пачынаюць сваё жыцьцё за мяжой. Гэта хатнія гаспадыні, а таксама людзі, якія працуюць разам з такімі ж мігрантамі й таму маюць вельмі мала кантактаў зь мясцовымі жыхарамі. На курсы прыходзяць і асобы старэйшага веку, якім вывучыць замежную мову складаней, чым маладым.
Уладзімер Кобец
Уладзімер Кобец: Гэта курсы базавага ўзроўню – для тых, што прыехаў у Польшчу й практычна не валодае польскай мовай. Зразумела, што ўдзельнікі курсаў разумеюць польскую мову. Вялікая частка зь іх мае Карты паляка, проста ім не хапае практыкі. У асноўным гэта маладыя людзі, якія пераехалі ў Польшчу на сталую альбо часовую працу. Некаторыя нават пераехалі сем’ямі. Акрамя беларусаў на курсы ходзяць украінцы.
Заняткі вельмі патрэбныя тым, хто хоча знайсьці сабе лепшую працу і інтэгравацца ў грамадзтва – кажа Ўладзімер Кобец.
Уладзімер Кобец: Мова патрэбная ня толькі для таго, каб набыць у краме прадукты, але й каб знайсьці лепшую працу, разьвіваць стасункі з палякамі. Людзі пачынаюць з нуля, каб хуткімі тэмпамі асвоіць польскую мову.
Самаму малодшаму ўдзельніку заняткаў – 20 гадоў, а самаму старэйшаму – за 60, кажа арганізатарка курсаў Ларыса Караленка. Заняткі праходзяць у выходныя. А вядзе іх прафэсійная настаўніца, якія доўгія гады выкладала польскую мову замежнікам.
Ларыса Караленка. Фота, прадстаўленае гераіняй
Ларыса Караленка: Нашая настаўніца мае вялікі досьвед выкладаньня польскай мовы іншаземцам. Яна мае сваю ўласную мэтодыку, якая спалучае практыку й тэорыю, тлумачыць правілы на жыцьцёвых прыкладах.
Самае галоўнае ў вывучэньні польскай мовы, як і любой замежнай – гэта пераадолець сябе й не саромецца размаўляць.
Ларыса Караленка: Каб пераадолець моўны бар’ер, людзі павінны пачаць размаўляць. Гэта асноўны момант, таму што можна ўсё разумець, але губляцца ў сытуацыях, калі трэба гаварыць самому. Таксама нашыя студэнты кажуць, то ім патрэбна вывучыць граматыку, каб правільна ўжываць тыя ці іншыя словы й выразы. Таму мы задумваемся над дадатковымі курсамі, дзе акцэнт будзе рабіцца на пісаньне.
Арганізатары курсаў былі прыемна зьдзіўленыя высокімі вынікамі дыктоўкі, якую навучэнцы напісалі пасьля заканчэньня першага сэмэстру. З новага паўгодзьдзя працаваць на курсах пачне яшчэ адна настаўніца, якая раней выкладала польскую мову ў Беларусі.
Заняткі абсалютна бясплатныя – падкрэсьлівае Ўладзімер Кобец. Выкладчыкі вядуць іх на валянцёрскіх пачатках. У будучыні Беларускі дом плянуе набіраць слухачоў на курсы ня толькі базавага, але й сярэдняга ўзроўню.
Заняткі польскай мовы – гэта толькі адна з паслугаў, якую Беларускі дом прадстаўляе суайчыньнікам. У жніўні пачаў сваю працу «Кансулят» (Консульства) – праект па аказаньні дапамогі беларускім грамадзянам, што знаходзяцца ў Польшчы. Кожны, хто апынуўся ў экстранай сытуацыі (напрыклад, патрапіў у дарожнае здарэньне ці мае праблемы з працадаўцам) можа патэлефанаваць на «гарачую лінію» і атрымаць юрыдычную дапамогу.
Падчас прыёмаў, якія адбываюцца тры разы на тыдзень, экспэрты Беларускага дому дапамагаюць з вырашэньнем менш экстраных, але ня менш істотных пытаньняў. Яны тлумачаць, як аформіць від на жыхарства, запісаць дзяцей у дзіцячы садок ці школу, дапамагаюць перакласьці неабходныя дакумэнты альбо дапамагчы ў пошуках працы.
У 2018 годзе Беларускі дом зьбіраецца працягваць сваю культурную дзейнасьць. Першае мерапрыемства адбудзецца ўжо 17 студзеня. Журналіст Зьміцер Кустоўскі прадставіць сваю кнігу «Прытулак», у якой ён сабраў досьвед эмігранцкага жыцьця.
Пра моўныя курсы, культурныя імпрэзы й юрыдычныя кансультацыі, якія праводзіць Беларускі дом у Варшаве, можна шырэй даведацца з сайту belaruskidom.eu альбо з профілю арганізацыі ў Фэйсбуку.
Аляксандар Папко