Logo Polskiego Radia
Print

Справа «галышоў з Аўшвіц»: ад суда патрабуюць ясны сыгнал

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.01.2018 15:55
  • Справа галышоў.mp3
У Польшчы завяршаецца працэс зьнявагі музэя Аўшвіц-Біркэнаў.
Photo: cc/wikipediaPhoto: cc/wikipedia

Сярод абвінавачаных палякі, немец і беларусы.

У панядзелак Асьвенціме ў судзе адбылося чарговае слуханьне па справе «зьнявагі месца памяці» – музэй Аўшвіц-Біркенаў. Амаль год таму 12 чалавек з Польшчы, Нямеччыны ды Беларусі зладзілі акцыю перад брамай музэю. Яны распрануліся дагала, на браму з гістарычным «Arbeit macht frei» павесілі банэр са словам «Love» і забілі ягня. Удзельнікі заявілі, што гэта быў антываенны пэрформанс. Адваротную пазыцыю заняў музэй. Кіраўніцтва ўстановы назвала акцыю барбарствам і зьнявагай, ды падало ў суд. Працэс пачаўся ў кастрычніку.

У панядзелак у судзе горада Асьвенціма адбылося апошняе слуханьне ў дадзенай справе. Пракуратура вынесла абвінавачаньні 12 асобам у «зьнявазе месца памяці». Ім пагражае год і 4 месяцы абмежаваньня свабоды ў выглядзе грамадзкіх прац. Дзьве асобы: беларусы Адам і Мікіта дадаткова абвінавачваюцца ў жорсткім забіцьці жывёлы. Ім пагражае 2 гады і шэсьць месяцаў пазбаўленьня свабоды. Суд вынесе прысуд 17 студзеня. Мы папрасілі беларускіх удзельнікаў акцыі пракамэнтаваць справу і прадставіць сваю пазыцыю. Гаворыць актор і рэжысёр Адам

Адам: Акцыя была цалкам прысьвечаная вайне ва Ўкраіне, таксама і ў Сырыі. З нашага боку гэта быў пратэст і спроба зьвярнуць увагу на тое, што там адбываецца ў Эўропе. У нас склалася ўражаньне, што большасьць людзей не зьвяртае асаблівай увагі на тое, што недзе гінуць людзі. Мы выбралі Аўшвіц, бо гэта сымбаль эўрапейскай трагедыі, дзе быў апагей зьнішчэньня чалавецтва. Мы вырашылі, што гэта месца найлепш адпавядае праблемам і войнам, што адбываюцца ў сучаснасьці.

Забойства ягняці павінна было сымбалізаваць пакуты мірнага насельніцтва, дзяцей падчас вайны. Гаворыць Мікіта.

Мікіта: Зразумела, што ў Польшчы нікога не забіваюць, гэта мірная краіна. Мы прыйшлі ў Асьвенцім не як у месца, што належыць Польшчы, а як у месца, якое зьяўляецца кашмарам нашай плянэты. Мы б хацелі сказаць усёй плянэце, дакрычацца да людзей, якія жывуць далёка ад канфліктаў. Грамадзтва жыве і думае, што яны ў бясьпецы, ім невядомы стан кашмару. Адсюль гэты наш жэст, калі нявінная істота, якая нічым не завініла – пакутуе, як дзеці падчас вайны.

Гэты пасыл застаўся абсалютна незразумелыm на месцы ў Асьвенціме. Удзельнікі акцыі проста прыкрываюцца словамі пра мір, іх аргумэнты мала пераканаўчыя, заўважыў журналіст парталу faktyoswiecim.pl Пaвал Водняк, які прысутнічаў на працэсе.

Пaвал Водняк: Гэты пэрформанс быў цалкам недарэчны. Удзельнікі акцыі спадзяваліся, што СМІ засяродзяцца на пасланьні акцыі, якое мела мірны характар. Яны хацелі галізною ды жудасным забойствам ягняці зьвярнуць увагу на тое, што ў сьвеце працягваюцца войны і трэба змагацца за мір. Мне здаецца, што ўдзельнікі кажуць толькі тое, што ім зручна. Яны дакладна памятаюць пра пасланьне, пра сацыяльны ды антываенны аспэкт. Затое, што тычыцца забойства жывёлы, якую 15 раз ударылі нажом, тут іх памяць робіцца выбарчай, некаторыя рэчы ня хочуць памятаць. Я думаю, што яны дасканала ўсё ведаюць, толькі карыстаюцца магчымасьцю не казаць праўды.

Абвінавачаныя ў судзе прызналіся да віны і заявілі, што не хацелі зьняважыць месца памяці. У сваю чаргу пракуратура дамагаецца ад суда яснага сыгналу для грамадзтва павінна, каб такія акцыі больш не паўтарыліся. 17 студзеня чакаецца, што суд вынесе канчатковае рашэньне.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт