Logo Polskiego Radia
Print

Неўзабаве ў польскіх шпіталях можа катастрафічна не хапаць лекараў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.11.2017 15:14
Лекары адмаўляюцца ад сыстэмы, якая дазваляе ім працаваць даўжэй, чым 48 гадзін у тыдзень.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Бальніцы бязь лекараў – пад такім загалоўкам выданьне «Dziennik Gazeta Prawna» апісвае бунт мэдычнага пэрсаналу ў Польшчы. Ужо некалькі соцень урачоў адмовілася працаваць звыш 48 гадзін у тыдзень, чарговыя прымуць такое рашэньне неўзабаве. Такая форма пратэсту будзе для пацыентаў на многа горшай, чым нядаўняя галадоўка маладых лекараў.

У кастрычніку лекары зладзілі пратэст, патрабуючы павышэньня заробкаў і большых сродкаў на сыстэму аховы здароўя. Не дабіўшыся свайго, яны закончылі галадоўку, але заклікалі калег далучыцца да іх пратэсту, хаця ў зьмененай форме. Цяпер усё больш лекараў адмаўляецца ад гэтак званай агаворкі opt-out, якая дазваляе ім працаваць даўжэй, чым дазволеныя законамі Эўразьвязу 48 гадзін у тыдзень. У выніку першыя кадравыя праблемы ў бальніцах пачнуцца ў студзені, калі лекары будуць працаваць менш. Мэдыкі бунтуюцца ва ўсіх вялікіх гарадах Польшчы. Напрыклад, у Варшаве адмовілася працаваць 100 лекараў у дзіцячым шпіталі.

Рэакцыі палітыкаў ня трэба было доўга чакаць. Міністар аховы здароўя Канстанты Радзівіл раскрытыкаваў лекараў. Таксама старшыня Сэнату Станіслаў Карчэўскі заклікае апамятацца. Аднак бунт, здаецца, немагчыма ўжо затрымаць.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт