Logo Polskiego Radia
Print

Дырэктар польскага музэю: «Беларуская культура ўзбагачае палякаў»

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 25.09.2017 18:39
  • Kołas.mp3
У польскай сталіцы адкрылася выстава, прысьвечаная 135-годзьдзю з дня нараджэньня Якуба Коласа.
Фота: Васіль Садоўскі/radyjo.net

Пазнаёміцца бліжэй з постацьцю Якуба Коласа могуць гэтымі днямі жыхары ды госьці Варшавы. У польскай сталіцы адкрылася выстава, прысьвечаная 135-годзьдзю з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры.

Экспазыцыю прытуліў Музэй імя Ўладзіслава Бранеўскага. Месца выбралі невыпадкова. Польскі паэт, які таксама жыў у ХІХ-ХХ стагодзьдзях, асабіста ведаў Якуба Коласа й неаднаразова быў у Беларусі. Сам аўтар «Новай зямлі» ды «Сымона-музыкі» з павагай выказваўся пра польскую культуру й адзначаў глыбокія культурныя сувязі паміж народамі-суседзямі. Пра гэта нам распавяла дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мэмарыяльнага музэю Якуба Коласа Зінаіда Камароўская.

/

Зінаіда Камароўская: Мы ўжо шмат гадоў сябруем – Літаратурна-мэмарыяльны музэй Бранеўскага й Літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа ў Менску. Калі пытаюцца, чаму, то я адказваю, што Колас і Бранеўскі сябравалі паміж сабой. Уладзіслаў Бранеўскі й яго жонка бывалі ў доме Якуба Коласа. Пісьменьнікаў абʼядноўвала нейкая агульнасьць памкненьняў і думак. Нашыя музэі абменьваюцца выставамі. Польскія калегі ўдзельнічалі ў навуковай канфэрэнцыі, якая праходзіць у нас штогод у дзень нараджэньня Коласа пад назвай «Каласавіны». Я вельмі ўдзячная кіраўніцтву Музэя Адама Міцкевіча, філіялам якога зьяўляецца Музэй Бранеўскага, што яны далі магчымасьць у юбілейны год пазнаёміць наведвальнікаў дому Бранеўскага з творчасьцю Якуба Коласа.

Сымбалічна, што сапраўднае прозьвішча Коласа – Міцкевіч – роднае й добра вядомае кожнаму паляку. Блізкая і актуальная таксама й ягоная творчасьць, кажа дырэктар Музэю Ўладзіслава Бранеўскага Эліза Чапска.

/

Эліза Чапска: Тэмы, якія ўздымаў Колас, унівэрсальныя й вечныя. Ён пісаў пра цяжкі лёс чалавека, быў неабыякавым да людзкой працы. Шмат увагі надаваў прыродзе, музыцы, эстэтычным вартасьцям. То бок, аб усім, чым корміцца чалавечая душа, распавядалі вершы Коласа ды вялікія паэмы. На маю думку, гэта заўсёды будзе цікава. Гэта па-першае. А па-другое, знаёмства з постацьцю й творчасьцю беларускага клясыка вельмі важнае для польскага чытача. Колас і Бранеўскі называлі сябе братамі. Так і мы лічым беларусаў сваімі братамі. Нам трэба ведаць іх творчасьць, бо яна нас узбагачае.

На стэндах, прадстаўленых у Варшаве – здымкі Якуба Коласа, факты зь яго біяграфіі, вокладкі кніг (якія выходзілі, у тым ліку па-польску), а таксама цытаты клясыка на мове арыгіналу і ў перакладзе. Як адзначыў падчас цырымоніі адкрыцьця саветнік беларускай амбасады ў Польшчы Юры Кулабухаў, усё гэта павінна падштурхнуць варшаўскую аўдыторыю да знаёмства са спадчынай Коласа.

/

Юры Кулабухаў: Мы са свайго боку імкнемся максымальна шырока, наколькі гэта магчыма, дэманстраваць беларускую культуру. Прычым, ня толькі ў рэгіёнах кампактнага пражываньня этнічных беларусаў (на Падляшшы), але таксама ў Варшаве ды іншых гарадах Польшчы. У гэтым накірунку працуе культурны цэнтар Беларусі ў Варшаве. Амбасада таксама дапамагае такім ініцыятывам, як ініцыятыва Музэю Якуба Коласа зь Менску, каб рэалізаваць такія праекты, якія робяць нашыя народы бліжэй.

Цяперашняя выстава будзе доўжыцца яшчэ амаль месяц – да 23 кастрычніка. Але ўжо зараз кіраўніцтва музэю Якуба Коласа плянуе новыя праекты ў Польшчы. А нагода напэўна знойдзецца – хутка прыхільнікі творчасьці клясыка беларускай літаратуры будуць адзначаць адразу два юбілеі. Працягвае Зінаіда Камароўская.

Зінаіда Камароўская: На будучыню ёсьць пляны. Я ўжо размаўляла з дырэктарам Музэю Адама Міцкевіча Яраславам Кляйноцкім. У наступным годзе споўніцца 95 гадоў «Новай зямлі», а таксама 100 год першаму выданьню «Сымона-музыкі». Калі зараз тут прадстаўленыя копіі, то ў наступным годзе, думаю, мы прывязем у Польшчу ўжо арыгіналы мастацкай каласіяны, некаторыя рукапісы, можам прывесьці нейкія рэчы.

/

Неўзабаве пра Якуба Коласа нагадаюць таксама жыхарам узбэцкай сталіцы. Праз пару тыдняў у Ташкенце – на доме, у якім падчас Другой сусьветнай вайны жыў знакаміты беларус – урачыста адкрыюць мэмарыяльную дошку ў гонар пісьменьніка. Нагадаем, раней там ужо быў памятны знак, але мясцовыя ўлады дэмантавалі яго пасьля распаду Савецкага Саюзу.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт