Суайчыньнікі замежжа – гэта гіганцкі патэнцыял, які нельга змарнаваць. Так гучыць адна з асноўных ідэяў Другога форуму палякаў сьвету, які прайшоў у горадзе Крыніца-Здруй у межах Міжнароднага эканамічнага форуму. З падрабязнасьцямі – Васіль Садоўскі.
Форум палякаў сьвету – гэта сумесная ініцыятыва фонду «Інстытут усходніх дасьледаваньняў», праграмнай рады Эканамічнага форуму ў Крыніцы ды Сэнату Польшчы. Акрамя замежных гасьцей, у дыскусіях прымалі удзел палітыкі, бізнэсоўцы, прадстаўнікі мясцовых органаў самакіраваньня, няўрадавых арганізацыяў, а таксама вядомыя журналісты. Галоўнае пытаньне, якое ўздымалася падчас паседжаньняў – што трэба зрабіць уладам, каб палякі замежжа не гублялі сувязь з гістарычнай радзімай? Такое ўзаемадзеяньне карыснае для абодвух бакоў. Паказальна, што апошнім часам у гэтай сфэры назіраецца значны прагрэс, кажа сьпікер верхняй палаты польскага парлямэнту Станіслаў Карчэўскі.
Станіслаў Карчэўскі: Гэта вялікі патэнцыял для Польшчы. І культурны, і гаспадарчы. Разам з палякамі сьвету (а гэта ад 16 да 20 мільёнаў чалавек) мы хочам будаваць нацыянальную супольнасьць, хочам супрацоўнічаць. І вельмі важна, што палякі замежжа ўсё больш актыўна праяўляюць зацікаўленасьць такім узаемадзеяньнем з Польшчай. Паўстаюць новыя эканамічныя ды гандлёвыя ініцыятывы. Разьвіваецца таксама навуковае й культурнае супрацоўніцтва. Мяне гэта вельмі цешыць як сьпікера Сэнату. Адзначу, Сэнату, што апякуецца суайчыньнікамі замежжа. Варта дадаць, што ў мінулым годзе – упершыню з часоў Другой сусьветнай вайны – у Польшчу вярнулася больш людзей, чым выехала на сталае жыхарства за мяжу. Многія з палякаў, зь якімі я сустракаюся ў Стакгольме, у Парыжы, у Рыме, кажуць пра вяртаньне ў Польшчу. Мяне гэта вельмі ўсьцешвае.
Удзельнік сёлетняга форуму Марэк Рудніцкі – хірург Ілінойскага ўнівэрсытэту ў Чыкага – высока ацэньвае крокі польскіх уладаў па падтрыманьні сувязяў з суайчыньнікамі замежжа, аднак адзначае – рухацца, несумненна, ёсьць куды.
Марэк Рудніцкі: Я ўжо другі раз наведваю Эканамічны форум і Форум палякаў сьвету. Бачна, што тут уздымаюцца многія актуальныя праблемы, чаго не было раней. Тут створаная плятформа для дыскусіяў. Гэта вельмі важна. Але хацелася б большага. На маю думку, стасункі паміж Польшчай і палякамі сьвету варта ўзьняць на якасна новы ўзровень. Было б добра арганізаваць Кангрэс палякаў замежжа, які праводзіўся б, скажам, раз на два гады. Пры гэтым трэба вызначыць пэўныя кірункі. Напрыклад, гуманітарныя навукі, тэхніка, бізнэс, мэдыцына. На паседжаньнях мусяць прысутнічаць выбітныя людзі, добра вядомыя ў сваіх сфэрах. Такі зьезд павінен праводзіцца ня толькі для навукоўцаў. Перад удзельнікамі трэба ставіць пэўныя пытаньні для дыскусіяў з думкай пра тое, што высновы будуць рэалізаваныя на практыцы.
На форуме прысутнічаў таксама віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Ян Дзедзічак. Паводле прадстаўніка ўраду, улады краіны пачынаюць новую палітыку ў стасунку да суайчыньнікаў, якія жывуць за мяжой. Пра гэта кажуць пэўныя зьмены ў заканадаўстве, якія адбыліся апошнім часам. Працягвае Ян Дзедзічак.
Ян Дзедзічак: Нам неабходна актывізаваць тую частку палякаў, якія знаходзяцца за мяжой. Калі ўзяць пад увагу, што ў самой Польшчы нас 38 мільёнаў, а ў рэшце сьвету – каля 20 мільёнаў, то можна прыйсьці да высновы, што гаворка вядзецца пра траціну суайчыньнікаў. Важна каб улады краіны бралі на сябе адказнасьць за іх. Менавіта для гэтага мы прасоўваем новую мадэль партнэрства. Яна мусіць абапірацца на цэлым шэрагу элемэнтаў. Некаторыя зь іх ужо рэалізаваныя. Перад урадам яшчэ больш за палову тэрміну паўнамоцтваў, а мы ўжо можам пахваліцца новым законам аб рэпатрыяцыі. Зьменены закон аб Карце паляка. Прэзыдэнту Анджэю Дудзе належыць важная ініцыятыва аб пасьведчаньнях для дзяцей, што вучацца ў польскіх школах па ўсім сьвеце. Гэтыя дакумэнты даюць такія ж правы, якія мае рэшта польскіх дзяцей. Гэта ўсё канкрэтныя крокі. Больш за тое, зараз мы рыхтуемся да яшчэ адной рэвалюцыйнай зьмены. З часам мае паўстаць асобная выбарчая акруга, каб палякі сьвету самі маглі выбраць сваіх прадстаўнікоў у Сэнаце. Спадзяюся, што ідэю ўдасца рэалізаваць яшчэ перад бліжэйшымі выбарамі.
Як адзначае Ян Дзедзічак, сапраўднае партнэрства заключаецца ў тым, што абодва бакі праяўляюць актыўнасьць. Таму, зьмяняючы заканадаўства на карысьць палякаў сьвету, дзяржава разьлічвае на сустрэчны рух. Людзі павінныя дбаць пра добрае імя гістарычнай радзімы (гаворка вядзецца пра захаваньне гістарычнай праўды ды рэклямаваньне польскіх дасягненьняў). Яшчэ адным важным накірункам, паводле намесьніка міністра замежных справаў, зьяўляецца прасоўваньне інтарэсаў Польшчы ў тых краінах, дзе жывуць этнічныя палякі.
Васіль Садоўскі/Галіна Остас
слухайце далучаны гукавы файл