Logo Polskiego Radia
Print

Пры польскім урадзе зьявіцца дарадчы савет з удзелам бізнэсоўцаў

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 07.09.2017 17:41
  • Пры польскім урадзе зьявіцца дарадчы савет з удзелам бізнэсоўцаў.mp3
Як адзначыла падчас XXVII Эканамічнага форуму ў Крыніцы-Здруй прэм’ер-міністар Бэата Шыдла, важна, каб у каманду ўвайшлі практыкі.
PAP/Darek Delmanowicz

Крыніца-Здруй разьвітваецца з удзельнікамі XXVII Эканамічнага форуму. Сёньня – трэці й апошні дзень сустрэчы. У раскладзе на чацьвер – абмеркаваньне актуальных міжнародных праблемаў. Працягвае Васіль Садоўскі.

У праграму апошняга дня форуму трапілі дэбаты наконт будучыні Эўразьвязу з удзелам сьпікеру Сэйму Марэка Кухцінскага ды былога румынскага прэзыдэнта Траяна Бэсэску. На дыскусіі таксама прысутнічаў віцэ-прэм’ер Польшчы Пётр Глінскі. Паводле прадстаўніка ўраду, унутры эканамічна-палітычнага саюзу назіраецца крызыс. І тычыцца ён ня толькі міграцыйнай палітыкі, але функцыянаваньня эўразоны. Як адзначае чыноўнік, аўтары канцэпцыі адзінай валюты ня бралі пад увагу ўсіх эканамічных асаблівасьцяў рэгіёну, а сама ідэя выгадная толькі для найбольш магутных краінаў блёку. Разам з тым, гэтыя ды іншыя праблемы можна пераадолець, упэўнены Пётр Глінскі.

Пётр Глінскі: Галоўны рэцэпт заключаецца ва ўзважаным, разумным пераглядзе цяперашняй палітыкі і вяртаньні да першапачатковых прынцыпаў Эўразьвязу. Прычым, магчымыя зьмены павінны адбывацца паступова й са згоды ўсіх удзельнікаў. Калі казаць пра прынцыпы аб’яднанай Эўропы, то яны абапіраліся на хрысьціянскіх вартасьцях. Пры гэтым паважаліся правы нацыянальных дзяржаваў.

Другое важнае пытаньне на сёньня – выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу і ўплыў так званага брэксіту на фінансавыя рынкі Старога Сьвету. Яшчэ адна тэма прысьвечаная вынікам васьмі гадоў існаваньня ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства», што накіраваная на пашырэньне сувязяў ЭЗ з шасьцю былымі савецкімі рэспублікамі – Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Азэрбайджанам, Армэніяй і Грузіяй.

Гаворка вялася таксама пра сучасныя тэхналёгіі, ролю органаў мясцовага самакіраваньня ды захаваньне традыцыяў у эміграцыі. Між тым, у сераду вялікую ўвагу ўдзельнікі форуму прысьвяцілі стану рэчаў у польскай эканоміцы. Паводле міністра сям’і, працы й сацыяльнай палітыкі Эльжбэты Рафальскай, беспрацоўе ў краіне знаходзіцца на самым нізкім узроўні з 1991 году – 7 цэлых ды 1 дзесятая адсотка. У жніўні паказчык не зьмяніўся ў параўнаньні зь ліпенем. Тым не менш, лічба можа быць яшчэ меншай, паколькі зараз бяз працы застаецца больш за мільён сто тысячаў палякаў, кажа Эльжбэта Рафальска.

Эльжбэта Рафальска: Мы зьвяртаем увагу на тое, што Польшча ўсё яшчэ валодае вялікімі рэсурсамі, якія можна выкарыстаць. Ёсьць значная група прафэсійна неактыўных людзей. Іх трэба пастаянна заахвочваць да вяртаньня на рынак працы. Што тычыцца прагнозаў, мы спадзяемся, што ў верасьні беспрацоўе ў краіне ўтрымаецца на ўзроўні жніўня ці нават адбудзецца чарговае падзеньне.

А прэм’ер-міністар краіны Бэата Шыдла падрабязна спынілася на інтарэсах польскага бізнэсу. У пэрспэктыве ўлады будуць больш апэратыўна рэагаваць на патрэбы дзелавых колаў. Дзеля гэтага пры ўрадзе мусіць паўстаць дарадчы савет, які будзе складацца з прадпрымальнікаў, адзначыла кіраўнік кабінэту.

Бэата Шыдла: Мы пра гэта казалі таксама падчас выбарчай кампаніі. Нагадаю, тады анансавалася стварэньне такога прадпрымальніцкага савету. Думаю, гэта адзін з канкрэтных момантаў сустрэчы. На форуме ў Крыніцы мы спаткаліся з бізнэсоўцамі, і я бачу, што такая патрэба існуе. У прыватнасьці, мы размаўлялі аб тым, што можа зрабіць урад, каб яшчэ больш падтрымаць малыя ды сярэднія фірмы. Прыйшлі да высновы, што гэта азначае стварэньне спрыяльнага бізнэс-клімату і заканадаўчай базы, якая спрашчала б дзейнасьць.

Што тычыцца самога бізнэсу, то польскія кампаніі ўсё часьцей зацікаўленыя ў выхадзе на замежныя рынкі. Прычым, гэта актуальна ня толькі для вялікіх, але й для сярэдніх фірмаў. У ліку пэрспэктыўных накірункаў – Афрыка, Паўднёвая Амэрыка ды Азія. Пра гэта падчас Эканамічнага форуму ў Крыніцы паведаміў кіраўнік Польскага агенцтва інвэстыцыяў ды гандлю Томаш Пісуля.

Томаш Пісуля: З пачатку году мы абслужылі больш за тысячу фірмаў на дзесяці зь лішнім рынках. Усе яны знаходзяцца па-за межамі Эўразьвязу. Мы заўважылі зацікаўленасьць краінамі, якія знаходзяцца ў стадыі разьвіцьця. Нашыя офісы створаныя ў Іране, Віетнаме, Кеніі. Кожнае з прадстаўніцтваў у гэтым годзе абслужыла ад некалькіх дзесяткаў да больш чым сотні фірмаў. Прычым, па самых розных накірунках.

Міжнародны эканамічны форум адкрыўся ў аўторак. За тры дні яго наведалі без малога 4 тысячы гасьцей (у тым ліку – кіраўнікі дзяржаваў ды прэм’ер-міністры), у Крыніцы-Здруй працавалі 650 журналістаў з Польшчы ды замежжа. Усё гэта робіць падзею самым маштабным палітычна-эканамічным форумам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, кажуць арганізатары.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт