Logo Polskiego Radia
Print

Усе сілы кінутыя на ліквідацыю наступстваў стыхійнага бедзтва

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.08.2017 14:38
  • Стыхія.mp3
МНА абяцала выслаць на пацярпелую ад стыхіі тэрыторыю 60 жаўнераў, пазадарожнікі, лодкі і бульдозэры.
PAP/Jan Dzban

У выніку моцных навальніц і ўраганнага ветру, якія прайшлі па Польшчы ў выходныя, загінула шэсьць чалавек, 50 было паранена, у тым ліку 12 пажарнікаў, у 3,5 тысячах будынкаў былі сарваныя або пашкоджаныя дахі. Стыхія першы раз ударыла ноччу зь пятніцы на суботу, калі палітыкі адпачывалі, многія былі ў водпуску, таму рэакцыя на падзеі была крыху спозьненай.

Зь пятніцы па аўторак у Польшчы былі доўгія выходныя, паколькі 15 жніўня ў дзяржаве адзначаецца Сьвята Войска Польскага. Гэта свабодны ад працы дзень. Адпаведна, і ў панядзелак многія жыхары краіны не пайшлі на працу. Толькі ў аўторак раніцай прэм’ер-міністар Бэата Шыдла склікала міністраў на надзвычайнае паседжаньне. Пазьней урадавая дэлегацыя на чале з прэм’ерам наведала Паморскае ваяводзтва, мясцовасьці на поўначы Польшчы, якія найбольш пацярпелі ў выніку стыхійнага бедзтва. Бэата Шыдла падзякавала ўсім, хто ўключыўся ў акцыю дапамогі пацярпелым. І адзначыла, што ліквідацыя наступстваў працягнецца доўгі час.

Б. Шыдла: Мы павінны разумець, і мы гэта разумеем, што праца па ліквідацыі наступстваў будзе працягвацца вельмі доўга. Дарэчы, вы самі бачыце, наколькі вялізны маштаб страт, нанесеных стыхіяй. Мы на пэўна будзем аказваць актыўную падтрымку, як муніцыпальным уладам, так і асобным сем’ям, якія пацярпелі ад стыхійнага бедзтва, каб на гэтую тэрыторыю вярнулася нармальнае жыцьцё.

У сваю чаргу Міністэрства нацыянальнай абароны абяцала выслаць на Памор’е 60 жаўнераў, пазадарожнікі, лодкі і бульдозэры. Войска памагае чысьціць тэрыторыю ад паваленых дрэваў. Шкада, што дапамога прыйшла са спазьненьнем. У суботу раніцай, пасьля начной навальніцы, жыхары мясцовасьці Сушэк ды іншыя прыватныя асобы прадзіраліся праз паваленыя дрэвы па дарозе ў скаўцкі лягер у лесе, дзе загінулі дзьве гарцэркі, дзяўчынкі-падлеткі, а некалькі дзесяткаў чалавек было паранена. Дзе было войска ў тым часе? Магчыма, рыхтавалася да параду з нагоды Сьвята Войска Польскага ў Варшаве. Гэтак іранізавалі прадстаўнікі апазыцыі, на што Бэата Шыдла адказала, што яе міністры ўжо ад пятніцы працуюць над ліквідацыяй наступстваў стыхійнага бедзтва. А з учорашняга дня жаўнеры, напрыклад, чысьцяць рэчышча ракі Брды. Па словах падпалкоўніка Кшыштафа Мікрута, праца ідзе ў некалькіх месцах.

К. Мікрут: Тут, дзе мы знаходзімся, жаўнеры пры дапамозе плаваючых транспарцёраў выцягваюць з вады вялікія галіны, якія перашкаджаюць свабоднаму цячэньню вады. У іншых, цяжкадаступных месцах, жаўнерам прыходзіцца працаваць уручную, бэнзапіламі яны рэжуць паламаныя дрэвы на меншыя кавалкі, каб можна было іх пазьней вывезьці на лодках.

У выніку стыхійнага бедзтва тысячы атрымальнікаў пазбаўленыя электраэнэргіі, паколькі шквальны вецер і паламаныя дрэвы зрывалі лініі электраперадач. Ліквідацыя аварый – гэта адна з важнейшых задач на дадзены момант, пра што казаў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Блашчак.

М. Блашчак: У суботу адбылася відэа-канфэрэнцыя з маім удзелам. Ваяводы і камэнданты пажарнай аховы паведамлялі, што ў суботу было зроблена і што яшчэ неабходна зрабіць. Дзяржаўныя службы правапарадку дзеля гэтага існуюць, каб разабрацца ў сытуацыі на месцы і пачаць дзейнічаць. Усё яшчэ 19 тысяч карыстальнікаў пазбаўленыя электраэнэргіі. Але яшчэ ўчора было 27 тысяч, так што з кожным днём гэтая лічба зьмяншаецца. Галоўная задача дзяржаўных службаў – аднавіць энэргазабесьпячэньне ў прыватных дамах, офісных будынках і на прадпрыемствах.

Пацярпелых ад стыхіі наведалі таксама міністар навакольнага асяродзьдзя Ян Шышка і міністар абароны Антоні Мацярэвіч. Прэм’ер-міністар Бэата шыдла адзначыла, што ўрад выдзеліў 31 млн. злотых на выплату кампэнсацыі для пацярпелых. Грошы атрымалі муніцыпальныя органы, якія падзеляць сродкі сярод пацярпелых. Гэта звыш шасьці тысяч сем’яў. Адна сям’я атрымае 6 тыс. злотых, а тыя, хто страціў дах над галавою, атрымаюць таксама дапамогу на рамонт або будаўніцтва будынку – да 100 тыс. злотых.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт