Беларускія ўлады завялі крымінальную справу супраць лідараў незалежнага прафсаюзу, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў спрасьціць умовы вядзеньня бізнэсу, але заявіў, што не зьбіраецца адмяняць «дармаедзкага» дэкрэту, Беларусь адзначыла 500 гадоў выданьня скарынаўскай Бібліі. Такія падзеі прынесьлі беларусам апошнія 7 дзён. Ці адрэагуе Эўропа на перасьлед прафсаюзаў у Беларусі? Ці не выкліча вяртаньне «падатку на дармаедзтва» новых пратэстаў, і калі ў Менску зноў зьявіцца праспэкт імя Скарыны? На гэтыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» разважаюць Аляксандар Папко і аналітык EAST Center Андрэй Елісееў.
Улады не адважацца пасадзіць лідараў прафсаюзаў
2 жніўня беларускія сілавікі правялі ператрусы ў офісах незалежных прафсаюзаў у Менску й Салігорску. Супраць старшыні Прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча й яго намесьніка Ігара Комліка завялі крымінальную справу за «ўхіленьне ад падаткаў». Ігара Комліка зьмясьцілі ў СІЗА. Праваабаронцы зазначаюць, што перасьлед прафсаюзу РЭП вельмі нагадвае перасьлед кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага ў 2011 годзе. Зь якой мэтай улады атакавалі прафсаюзы? Як на перасьлед прафсаюзаў адрэагуе Захад, і чым скончыцца гэтая крымінальная справа?
Андрэй Елісееў: Судзячы па ўсім, справа зьвязана з выкарыстаньнем замежных донарскіх грошай на патрэбы беларускай арганізацыі, і гэтым яна сапраўды нагадвае справу Бяляцкага. Праўда, прысуд па апошняй быў у 2011 годзе – у самы халодны пэрыяд адносінаў з Захадам. А цяпер у замежнай палітыцы зусім іншае становішча, і лішні раз напяць стасункі з заходнімі дзяржавамі беларускім уладам не хочацца. Бягучая крымінальная справа, хутчэй за ўсё, не пацягне за сабой турэмнага зьняволення прафсаюзных актывістаў, бо Захад палічыць такі паварот занадта жорсткай карай. Справа ж не проста ў ухіленьні ад падаткаў, а ў тым, што з-за парушэньня міжнародных нормаў і, на добры лад, сваёй жа Канстытуцыі, беларускія ўлады паставілі прафсаюзныя арганізацыі ў такое становішча, што ім часам прыходзіцца парушаць заканадаўства, каб выжываць.
Улады наступаюць на старыя граблі
Ніякай адмены Дэкрэту №3 ня будзе. Да першага кастрычніка ён будзе дапрацаваны, а затым запушчаны ў дзеяньне. Пра гэта 3 жніўня заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай сацыяльнай і дэмаграфічнай палітыцы. Выкананьне «дармаедзкага» дэкрэту будзе ўскладзена на мясцовыя ворганы ўлады. Як заяўляе беларускае тэлебачаньне, «мясцовая ўлада абавязаная абараняць людзей, якія трапілі ў бяду, але павинна бачыць хранічных «беспрацоўных і «спрынтараў» ад падаткаў». Чаму ўлады так трымаюцца за дэкрэт, які выклікаў самыя масавыя за апошнія 25 гадоў пратэсты? Ці не выкліча новая рэдакцыя дэкрэту новых пратэстаў?
Андрэй Елісееў: Дэкрэт №3 – нягодны з прававога й практычнага гледзішча дакумэнт. Ён не служыць дасягненьню заяўленых мэтаў, а толькі напружвае й без таго няпростаае сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне. Дэкрэт супярэчыць ня толькі Канстытуцыі, але й здароваму сэнсу. Сапраўды зьдзіўляе, чаму беларускія ўлады так трымаюцца за дэкрэт, нават пасьля масавых пратэстаў з ягонай нагоды. Па-першае, гэта сведчыць пра негатовасьць уладнай вэртыкалі прызнаваць свае памылкі і адступаць. Лукашэнка хоча падтрымаць імідж моцнага лідара, які ніколі не адступаецца. Ён можа ўзяць паўзу, але николі не адступаецца. Па-другое, вяртаньне дэкрэту – гэта паказчык зусім кепскага становішча з дзяржаўнымі фінансамі, паказчык дэфіцыту ідэяў па выхадзе з крызысу. Улады жадаюць выціснуць грошы адкуль толькі можна. Выглядае, што зьмены ў дэкрэт будуць мінімальныя і ягоная сутнасьць застанецца ранейшай. Вядома, гэта павялічыць незадаволеньне людзей, якое выліецца ў сацыяльны пратэст у тым ці іншым выглядзе.
Праспэкт Скарыны вернецца
6 жніўня споўнілася 500 гадоў з дня, калі ўраджэнец Полацка доктар Францішак Скарына надрукаваў першую ва Ўсходняй Эўропе кнігу. Пра юбілей паведамлялі як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя СМІ, урачыстасьці праводзіла Міністэрства культуры, адміністрацыя Менска, каталіцкая ды праваслаўная цэрквы. Пры гэтым, у беларускай сталіцы вось ужо 12 гадоў няма праспэкту імя Скарыны. У Інтэрнэце зьявілася пэтыцыя, каб іменем Францішка Скарыны назваць аэрапорт і адзін з цэнтральных праспэктаў Менска. Ці будзе калі-небудзь цэнтральная вуліца сталіцы насіць імя першадрукара?
Андрэй Елісееў: Назву цэнтральная праспэкту ў Менску мянялі за апошнія 100 гадоў болей за 10 раз. Кожная новая ўлада называла яго па-свойму. Натуральна, пасьля кіраваньня Лукашэнкі назва можа быць вернутая на былое месца. З прававога гледзішча, сталічныя вуліцы ўвогуле не маглі пераназваць загадам прэзыдэнта, як гэта адбылося ў 2005 годзе. Бо паводле закону, назвы вуліцаў у населеных пунктах мяняюць мясцовыя саветы дэпутатаў. На гэтай падставе абраны гарадзкі савет і можа прыняць новае рашэньне - гэтым разам з сапраўдным улікам меркаваньняў мясцовых жыхароў.
Разьвівацца дазволяць не малому бізнэсу, а некалькім буйным кампаніям
Скасаваць залішнія патрабаваньні для вядзеньня бізнэсу, але разам з тым узмацніць адказнасьць за парушэньні – паабяцаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай стымуляваньню дзелавой ініцыятывы. 8 жніўня кіраўнік Беларусі заявіў, што дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва й выключэньні залішніх патрабаваньняў да бізнэсу» будзе апублікаваны да 1 кастрычніка. Ключавымі новаўвядзеньнямі павінныя стаць «прэзумпцыя добрасумленнасьці» й самарэгуляваньне малога бізнэсу. Ці дзякуючы новаму дэкрэту колькасьць малых фірмаў у Беларусі вырасьце?
Андрэй Елісееў: Гэта той выпадак, калі й хочацца, і колецца. З аднаго боку, каб выходзіць з вострага эканамічнага крызысу, уладам трэба разьвіваць прыватны сэктар, бо ён болей інавацыйны й эфэктыўны за дзяржаўны. З іншага боку, вялікі незалежныя прыватны сэктар – гэта меншы кантроль за працаўнікамі з боку дзяржавы, і патэнцыйна – кляс бізнэсоўцаў, якія захочуць падтрымаць грашыма апазыцыю. Лукашэнка вельмі занепакоены такой пэрспэктывай, адсюль і супярэчлівасьць у намерах і выказваньнях. Адзінае выйсьце, якое пакуль знайшлі ўлады – гэта дазволіць працу ў краіне вялікаму бізнэсу, які яны стараюцца кантраляваць. Але сапраўднае разьвіцьцё малога й сярэдняга бізнэсу й жаданьне Лукашэнкі трымаць усё пад кантролем несумяшчальныя.
Размаўляў Аляксандар Папко