Logo Polskiego Radia
Print

Саакашвілі: украінскі пашпарт - ня цацка для алігархаў

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 07.08.2017 18:22
  • Саакашвілі ў Польшчы.mp3
Былы прэзыдэнт Грузіі сустрэўся з украінцамі ў Варшаве і паабяцаў, што будзе вяртаць сабе грамадзянства праз суд.
Міхаіл Саакашвілі ў Варшаве, жнівень 2017 годуМіхаіл Саакашвілі ў Варшаве, жнівень 2017 годуФота: Аляксандр Папко/radyjo.net

Міхаіл Саакашвілі ня верыць у незалежнасьць украінскай судовай сыстэмы, але будзе дабівацца легальнага вяртаньня. Пра гэта былы прэзыдэнт Грузіі, губэрнатар Адэскай вобласьці заявіў падчас размовы з грамадзкасьцю ды журналістамі ў Варшаве. Сустрэчу наведалі й карэспандэнты Беларускай службы Польскага Радыё.

У польскай сталіцы Міхаіла Саакашвілі сустрэлі ў мінулую пятніцу. У Варшаве палітык пасьпеў зрабіць некалькі гучных заяваў. У прыватнасьці, у размове з журналістамі ён абвінаваціў расейскія ўлады ў катастрофе пад Смаленскам, назваўшы яе помстай Пуціна за пазыцыю Леха Качыньскага па вайне ў Грузіі. А ў нядзелю Саакашвілі наведаў офіс Асацыяцыі Вольнага Слова, каб сустрэцца з украінцамі, што зараз знаходзяцца ў Польшчы.

/

Спатканьне з грамадзкасьцю доўжылася больш за дзьве гадзіны. Прычым, большасьць часу экс-губэрнатар Адэскай вобласьці размаўляў па-ўкраінску. На самым пачатку вядомы палітычны дзеяч пракамэнтаваў рашэньне афіцыйнага Кіева пазбавіць яго ўкраінскага грамадзянства нібыта празь непраўдзівыя дадзеныя ў анкеце.

/

Міхаіл Саакашвілі: Калі мяне пазбаўлялі грамадзянства, яны вельмі спадзяваліся на тое, што я выберу для сябе камфортнае жыцьцё ў Злучаных Штатах, дзе ў мяне ёсьць працоўная віза. Парашэнка для сябе вырашыў, што я знайду свой жыцьцёвы шлях ды ня буду замінаць яму і, што яшчэ больш важна, псаваць настрой ягоным алігархам у самой Украіне. У мяне ж іншы настрой ды іншыя пляны. Я лічу, што ўкраінскі пашпарт, які я зараз трымаю ў руках і якім я вельмі ганаруся – гэта ня цацка для асобных алігархаў, якія могуць яго спачатку даць, а потым забраць ці адмяніць. Зараз у мяне ёсьць плян вярнуцца ва Ўкраіну, хоць я ў ведаю, што суды там нельга назваць незалежнымі. Калі скасоўвалі пашпарт, быў выкарыстаны мой фальшывы подпіс. Я адмаўляюся з гэтым мірыцца. Таму я вырашыў скарыстацца сваім правам на абарону ў судзе згодна з украінскім заканадаўствам, як мусіць быць у цывілізаваным сьвеце.

Вярнуўшыся ва Ўкраіну, Саакашвілі, які раней стварыў там уласную партыю «Рух новых сілаў», зьбіраецца працягваць палітычную барацьбу. І хоць сам палітык сьцьвярджае, што ў яго няма мэты заняць пэўны пост, падчас сустрэчы ён расказаў, што зрабіў бы цягам першых 70 дзён у выпадку, калі б стаў украінскім прэзыдэнтам.

Міхаіл Саакашвілі: Трэба прыняць закон пра адхіленьне дэпутатаў, каб працэдура была больш лёгкай. Яшчэ адзін крок – дакумэнт пра імпічмэнт прэзыдэнта, каб кіраўнік дзяржавы ведаў, што ён дасягальны для закону. Акрамя таго, трэба максымальна спрасьціць мытную сыстэму, а таксама зьменшыць колькасьць падаткаў. Важна рэфармаваць адміністрацыйную сфэру. Трэба прыняць закон пра алігархаў. Ён у нас гатовы. Задача гэтага дакумэнту – забараніць алігархам удзел у палітычным жыцьці краіны, забраць у іх тэлеканалы, паколькі зараз мэдыі – гэта зброя, якая выкарыстоўваецца супраць украінцаў. Наступны пункт – закон пра арганізаваную злачыннасьць (у Грузіі гэта прынесла добры эфэкт). Таксама трэба прыняць закон пра антыкарупцыйныя суды. Ва Ўкраіне заведзеныя справы супраць прыкладна 60 дэпутатаў. Але ніводная з гэтых справаў ня будзе ў судах без такога закону. 30 ці 40 нармальных судзьдзяў, якія за некалькі месяцаў правядуць гэтыя справы, знайсьці вельмі лёгка.

/

У пэрспэктыве палітык бачыць неабходнасьць больш грунтоўных рэформаў. Частку з такіх пераўтварэньняў рэалізавалі ў Грузіі падчас прэзыдэнцтва Міхаіла Саакашвілі. Між іншым, сакрэт посьпеху лідэр «Руху новых сілаў» бачыць у прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, падтрымцы сельскай гаспадаркі, ваеннай вытворчасьці, турызму, а таксама сфэры высокіх тэхналёгіяў. Не абыйшоў увагай Саакашвілі і зьнешнюю палітыку. Адказваючы на нашае пытаньне, як сучасная Ўкраіна павінна разьвіваць адносіны з цяперашнімі беларускімі ўладамі, былы грузінскі прэзыдэнт адзначыў:

Міхаіл Саакашвілі: Украіна мусіць будаваць добрыя стасункі з усімі суседзямі, якія гатовы паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць, свабоду й незалежнасьць Украіны. Гэта вельмі важна. Варта адзначыць, што пакуль зь Беларусьсю праблем не было. Гэты пры там, што паўночны флянг у нас абсалютна не абаронены. Таму калі б былі нейкія праблемы, гэта стварыла б сур’ёзную пагрозу для нашай краіны. Адначасова нам трэба браць пад увагу вучэньні з удзелам Расеі, якія адбудуцца на тэрыторыі Беларусі. Баюся, частка расейскіх войскаў можа там застацца. Я ўпэўнены, што ў Пуціна ў плянах ёсьць захоп Беларусі, каб пасьля выкарыстоўваць гэта для атакі на Ўкраіну.

/

Вяртацца ў Грузію, гледзячы па ўсім, Міхаіл Саакашвілі пакуль не зьбіраецца. На радзіме супраць былога прэзыдэнта завялі 4 крымінальныя справы. Палітыка вінавацяць у растраце дзяржаўных сродкаў, зьбіцьці дэпутата парлямэнту, утойваньні інфармацыі пра забойства ды захопе апазыцыйнай тэлекампаніі. Экс-кіраўніку дзяржавы пагражае да 11 гадоў зьняволеньня, адзначылі ў панядзелак у мясцовай пракуратуры. Сам Саакашвілі з абвінавачваньнямі нязгодны, перасьлед ён называе палітычна матываваным.

Васіль Садоўскі, фота: Аляксандр Папко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт