Такой арганізацыі не было нават у Савецкім саюзе
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
02.08.2017 23:22
Юнармія - моладзевая патрыятычная арганізацыя, створаная ў Расеі, ужо аб'ядноўвае 140 тысячаў школьнікаў.
Фота паласы газэты Rzeczpospolita
Такой арганізацыі не было нават у Савецкім саюзе. Пра Юнармію – моладзевае войска, створанае ў Расеі – расказвае сьвежы нумар выданьня Rzeczpospolita. Грамадзкі рух, які аб’ядноўвае юнакоў ды дзяўчат з пачатковых ды сярэдніх школаў, быў зарэгістраваны ў мінулым годзе зь ініцыятывы міністра абароны Сяргея Шайгу. Сёньня яго аддзелы дзейнічаюць ва ўсіх рэгіёнах краіны, а колькасьць сяброў арганізацыі ўжо дасягнула адзнакі ў 140 тысячаў.
Паводле стваральнікаў, галоўныя задача – патрыятычнае выхаваньне новага пакаленьня расейскіх грамадзянаў. Адзначаецца, што малодшыя з прадстаўнікоў Юнарміі страляюць з пнэўматычнай зброі. Што тычыцца старэйшых, то яны дасканала ведаюць, як абыходзіцца з аўтаматам Калашнікава.
Далучаючыся да руху, юнакі й дзяўчаты чытаюць прысягу. У ёй яны абяцаюць, між іншым, імкнуцца да посьпехаў у навучаньні й спорце, весьці здаровы лад жыцьця, быць годным грамадзянінам Расеі. Як паведаміў журналістам газэты вайсковы аналітык Аляксандр Гольц, улады кіруюцца наступным прынцыпам: чалавек ня можа быць патрыётам сваёй айчыны, калі ў адпаведным часе ня зможа разабраць ды сабраць аўтамат. Падобнае меркаваньне існавала і ў СССР, але нават у тыя часы не было такой вялікай арганізацыі. Усё абмяжоўвалася гульнёй «Зарніца», якую праводзілі раз на год.
Вядома, што фінансуецца Юнармія наўпрост зь бюджэту краіны. А вось інфармацыі аб тым, колькі каштуе ўтрыманьне арганізацыі, у адкрытых крыніцах няма. Але толькі вопратка для 140-тысячнага войска каштуе каля 70 мільёнаў эўра.
св