Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрты: прэзыдэнт Мадура ня мае шансаў на перавыбраньне

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 01.08.2017 16:26
Каб застацца пры ўладзе, ён хоча зьмяніць канстытуцыю ды адправіць апазыцыю ў турмы.
PAP/EPA/MIRAFLORES PRESS / HANDOUT

Прэзыдэнт Мадура ня мае шансаў на перавыбраньне. Каб застацца пры ўладзе, ён хоча зьмяніць канстытуцыю ды адправіць апазыцыю ў турмы. Падзеям у Вэнэсуэле прысьвечаны адзін з матэрыялаў сьвежага нумару газэты Rzeczpospolita.

У мінулую нядзелю ў заакіянскай дзяржаве адбыліся выбары ў канстытуцыйную асамблею. Гэты орган з 545 чалавек павінен замяніць парлямэнт, большасьць у якім ужо больш за год належыць апанэнтам прэзыдэнта, што блякуюць усе ягоныя ініцыятывы. Пра тое, што нядзельныя выбары прайшлі з парушэньнем канстытуцыі, заяўляюць ня толькі праціўнікі ўлады, але нават генэральны пракурор краіны Луіза Артэга.

Па-першае, галасаваньне ўпершыню адбылося без міжнародных назіральнікаў, а па-другое – вэнэсуэльцы праявілі нізкую актыўнасьць. Паводле дадзеных кіраўніка парлямэнту Хуліо Боргеса, з амаль 20 мільёнаў грамадзянаў, якія маюць права голасу, выбарчыя ўчасткі гэтым разам наведалі толькі два з паловай мільёнаў чалавек. Сам Мадура, насупраць, сьцьвярджае – наведвальнасьць была найвялікшай за апошнія 18 гадоў.

Тым часам, камэнтуючы сытуацыю ў латынаамэрыканскай дзяржаве, многія экспэрты кажуць, што Вэнэсуэла знаходзіцца на парозе грамадзянскай вайны. Разам з тым, яны не выключаюць хуткага эмбарга на імпарт вэнэсуэльскай нафты з боку Вашынгтону. Гэта быў бы фатальны ўдар для Мадура, паколькі менавіта «чорнае золата» забясьпечвае краіне каля 90 адсоткаў паступленьняў у бюджэт.

Нагадаем, ужо ня першы год Вэнэсуэла жыве ва ўмовах глыбокага эканамічнага крызысу. Інфляцыя набліжаецца да дзьвюх тысячаў працэнтаў, полкі ў спажывецкіх крамах пустыя, а на вуліцах гарадоў рэгулярна адбываюцца масавыя дэманстрацыі. Не абыходзіцца без сутыкненьняў маніфэстантаў з паліцыяй.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт