Па-новаму змагацца з нядобрасумленнымі інтэрнэт-крамамі будуць у Беларусі. Для гэтага ў краіне ствараюць адмысловы інтэрнэт-партал, які дапаможа карыстальнікам зарыентавацца на рынку.
Маштабным праектам займаецца Асацыяцыя Кампаній Інфармацыйных Тэхналёгіяў. У выніку аўтары абяцаюць запусьціць старонку, дзе кожны жадаючы, перад тым, як набыць што-небудзь у сеціве, зможа знайсьці інфармацыю аб прадаўцы, а таксама даведацца, ці былі за ім выяўленыя нейкія парушэньні. Стваральнікі не выключаюць, што новы рэсурс распачне сваю дзейнасьць увосень. Праўда, на першым этапе – ў тэставым рэжыме. Пра актуальнасьць праблемы нашай рэдакцыі расказаў генэральны дырэктар Асацыяцыі Дзьмітры Ананьеў.
Дзьмітры Ананьеў: У Беларусі няма адзінага рэсурсу, на якім была б сабраная інфармацыя пра нядобрасумленныя інтэрнэт-крамы, што парушаюць заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У тым ліку, гандлёвае заканадаўства, заканадаўства аб абароне спажывецкіх правоў, аб рэкляме, аб прадпрымальніцкай дзейнасьці. Таму спажывец арыентуецца на самыя нізкія кошты альбо на водгукі. А водгукі часьцей за ўсё толькі пазытыўныя. Зразумела, што крамы працуюць з пакупнікамі, якія пакідаюць нэгатыўныя водгукі ды імкнуцца зрабіць, каб гэтыя водгукі выдалілі. Такога рэсурсу няма, і пакупніку няма дзе паглядзець на рэпутацыю інтэрнэт-крамы і перш чым прымаць рашэньне, праверыць, каб мінімізаваць свае рызыкі.
Як адзначыў Дзьмітры Ананьеў, падобныя рэсурсы функцыянуюць за мяжой. У асноўным, яны датычацца сфэры паслуг. Напрыклад, booking ці tripadvisor, якія грунтуюцца на водгуках турыстаў. На беларускай жа старонцы будуць сабраныя ня толькі камэнтарыі кліентаў (яны, дарэчы, будуць правярацца адміністрацыяй парталу). Там жа можна будзе знайсьці таксама інфармацыю ад Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, калі ўладальнікі інтэрнэт-крамы прыцягваліся да адказнасьці за парушэньне заканадаўства. Тым часам, свае мэханізмы праверкі электронных крамаў дзейнічаюць і на некаторых буйных гандлёвых пляцоўках краіны. Працягвае намесьнік дырэктара па камэрцыйных пытаньнях кампаніі Onliner Мікіта Ляшкевіч.
Мікіта Ляшкевіч: У нас дзейнічае цэлы аддзел, што займаецца праверкай водгукаў, якія паступаюць на пляцоўку. І сапраўды, сытуацыі, калі інтэрнэт-крамы намагаюцца пісаць сабе водгукі, здараюцца. Даведацца пра гэта няпроста. У нас ёсьць цэлая мэтадалёгія, якую мы ўвесь час паляпшаем. Разам з намі сваю мэтадалёгію паляпшаюць крамы. Атрымліваецца такая гонка ўзбраеньняў паміж пляцоўкай ды інтэрнэт-крамамі. На жаль, я не ведаю, як гэта адбываецца на іншых гандлёвых пляцоўках, але мы такія рэчы намагаемся вылічаць нейкімі тэхнічнымі мэтадамі ці ў працэсе размовы падчас праверкі водгуку, калі мы ператэлефаноўваем пакупніку. Час ад часу ўзьнікаюць сытуацыі, калі крамы купляюць водгукі. Мы на сваёй пляцоўцы з такімі рэчамі змагаемся і не вітаем, калі за водгук крама робіць нейкія падарункі.
Паводле Мікіты Ляшкевіча, пляцоўка даўно выкарыстоўвае практыку так званага «чорнага сьпісу». Трапіць у яго, можна, напрыклад, за падман ці хамства ў адрас кліентаў. І калі крама жорстка парушыла ўнутраныя правілы, яе выдаляюць з каталёгу без магчымасьці ўзнавіць супрацоўніцтва. Што тычыцца дысцыпліны беларускіх інтэрнэт-крамаў, то ўдзельнікам рынку, безумоўна, ёсьць да чаго імкнуцца, падкрэсьліў наш суразмоўца. Красамоўнымі прыкладамі могуць паслужыць, у прыватнасьці, краіны Захаду ці Кітай.
Мікіта Ляшкевіч: Культура гандлю знаходзіцца на пачатковым узроўні, і толькі зараз пачынае праяўляцца ў асобных інтэрнэт-крамах. І яны вялікія малайцы. Мы размаўляем зь людзьмі, якія працуюць на буйных замежных гандлёвых пляцоўках, а таксама з распрацоўнікамі гэтых пляцовак. Там на заканадаўчым узроўні ў пляцовак больш магчымасьцяў. Калі мы кажам пра заходнія краіны, гандлёвай пляцоўцы прасьцей працаваць з водгукамі пакупнікоў. Нашая дзейнасьць зараз заключаецца ў працы з эмоцыямі людзей і пошуках аб’ектыўнай праўды. Часам узьнікаюць моманты, у якіх разабрацца даволі складана. На Захадзе ёсьць шэраг пляцовак, ад якіх крамы вельмі залежаць. Там адключэньне ад пляцоўкі пагражае стратай вялікай часткі прыбыткаў, таму крамы стараюцца працаваць з водгукамі. А калі мы паглядзім на Кітай ды ягоны aliexpress, дзе канкурэнцыя вельмі высокая, там калі адкрываецца кейс, крама зацікаўленая ў тым, каб хутчэй закрыць яго. Бо калі ён вылеціць з пляцоўкі, побач будуць яшчэ трыццаць канкурэнтаў, якія будуць лепей працаваць з пакупнікамі.
За апошнія 5 гадоў колькасьць інтэрнэт-крамаў у Беларусі павялічылася ў 3,5 разы – да больш чым 15 тысячаў. Гэта сьвежыя дадзеныя Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Сярод асноўных тэндэнцыяў на рынку спэцыялісты называюць узмацненьне рэгулюючай ролі дзяржавы, а таксама зьмяншэньне часу і кошту дастаўкі тавараў.
Васіль Садоўскі
слухайце далучаны гукавы файл