Сярод сьмяротных ахвяр тэрарыстычнага акту ў брытанскім Манчэстэры  ёсьць як мінімум двое палякаў, адзін польскі грамадзянін паранены.  Нагадаем, у выніку выбуху, зьдзейсьненага тэрарыстам-сьмяротнікам,  загінулі 22 асобы, каля 60 атрымалі раненьні.
Атака на маладых людзей, якія прыйшлі паслухаць канцэрт амэрыканскай сьпявачкі Арыяны  Грандэ, была самай крывавай у Вялікабрытаніі за апошнія 12 гадоў. Замах  на стадыёне «Манчэстэр Арэна» зьдзейсьніў, паводле неафіцыйнай  інфармацыі, 22-гадовы Салман Абэдзі,  зьвязаны з «Аль-Каідай». У арганізацыі тэракту прызналася «Ісламская  дзяржава». Асоба сьмертніка была ўстаноўлена паводле знойдзенай на месцы  выбуху банкаўскай карты.
Бомба ўзарвалася, калі канцэрт ужо закончыўся, а  гледачы выходзілі са стадыёну. У выбуховай прыладзе былі цьвікі і  шрубы. Гэта азначае, што тэрарыст хацеў забіць і параніць як мага  большую колькасьць людзей. Тэракт закрануў таксама польскіх грамадзян.  Сярод забітых ёсьць як мінімум двое палякаў, а адзін чалавек ляжыць у шпіталі з раненьнямі. Гаворыць Якуб Ваўжыняк з прэс-бюро польскага Міністэрства замежных спраў.
Я. Ваўжыняк: Брытанская паліцыя пацьвердзіла, што сярод ахвяр тэракту ў Манчэстэры ёсьць двое польскіх грамадзян, а адзін быў паранены. Мы выказваем глыбокія спачуваньні сваякам ахвяр. Нашы консулы зьвязаліся з сем’ямі ахвяр і аказваюць ім неабходную дапамогу. Таксама польскае консульства зьвязалася з параненым палякам і яго блізкімі.
«Мы сталі ахвярай бяздушнай тэрарыстычнай атакі, адной з самых жорсткіх у нашай гісторыі. Мы зробім усё магчымае, каб знайсьці адказных за гэтае злачынства», – заявіла пасьля здарэньня прэм’ер-міністар  Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй. Мясцовыя палітычныя партыі прыпынілі  выбарчую кампанію перад парлямэнцкімі выбарамі, заплянаванымі на 8  чэрвеня. Немагчыма зразумець, як можна ўзарваць бомбу ў месцы, дзе поўна  не дарослых і не ворагаў, а  нявінных дзяцей ды моладзі. Сярод ахвяр пераважаюць вельмі маладыя  людзі ва ўзросьце 15-17 гадоў, паколькі яны прыйшлі на канцэрт сваёй  любімай выканаўцы. «Гэта жахлівы і агідны акт баязьліўца», – адзначыла  Тэрэза Мэй.
Т.  Мэй: Усе тэрарыстычныя атакі – гэта акты баязьлівасьці супраць нявінных  людзей, але гэты тэракт адрозьніваецца ад іншых. Гэта жахлівы ды агідны  акт баязьліўцаў супраць нявінных, безабаронных дзяцей і моладзі, якія ў  гэтую ноч павінны радавацца. Я на дадзены момант магу сказаць, што загінулі 22 асобы, а 59 атрымалі раненьні.
Калі прагучаў выбух, сярод публікі пачалася паніка. Таму да канца цяжка сказаць, колькі людзей загінула ад выбуху, а  колькі былі затаптаныя на сьмерць. Параненых дастаўлялі ў шэсьць  бальніц Манчэстэру. Бацькі ў роспачы шукалі сваіх дзяцей, якія не  адклікаліся пасьля канцэрту, у сацсетках  сваякі разьмяшчалі здымкі з заклікамі паведаміць хоць нешта пра блізкіх  людзей. Тэракт вельмі хутка асудзіла брытанская Мусульманская ліга,  якая заявіла, што тэрарыста дасягне справядлівасьць, калі не ў гэтым  жыцьці, то ў наступным. На месца трагедыі неадкладна прыбыла брытанская  прэм’ер-міністар, а сёньня польская прэм’ер Бэата Шыдла і міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць ахвяр. Яны таксама ўсклалі кветкі каля амбасады Вялікабрытаніі ў Варшаве.
Польскія  палітыкі часта падкрэсьліваюць, што Польшча на фоне іншых эўрапейскіх  дзяржаў, асабліва заходніх, зьяўляецца выключна спакойнай і бясьпечнай  краінай. Тым ня менш, палякі езьдзяць па сьвеце, і таму часам яны  становяцца ахвярамі тэрактаў. Немагчыма поўнасьцю выключыць рызыку  замаху, але можна яе абмежаваць, – кажа дарадчык польскага прэзыдэнта  прафэсар Анджэй Зыбэртовіч.
А. Зыбэртовіч: Па-першае, калі мы прымаем мігрантаў, трэба выбіраць прадстаўнікоў тых  культур, якія лепш асымілююцца з культурай дзяржавы, якая іх прымае.  Па-другое, прапорцыя, колькасьць імігрантаў павінна быць на столькі  малая, каб яны маглі прыстасавацца да грамадзтва, якое іх прымае. Каб  гэта не была вялікая лічба, якая магла б выклікаць расстройства  структуры мясцовага грамадзтва.
У Вялікабрытанію паступалі ўчора  словы спачуваньня і падтрымкі з усяго сьвету, у тым ліку з Польшчы. У  сваю чаргу прэзыдэнт ЗША заявіў, што ён ня хоча называць  зьдзяйсьняльнікаў такіх атак монстрамі, бо яны гэтага хацелі бы. «Не,  яны прайграўшыя», – адзначыў Дональд Трамп.  Арыяна Грандэ, на канцэрт якой прыйшлі ахвяры тэракту, напісала, што ў  яе няма словаў, каб выразіць боль пасьля трагедыі. Яна адмяніла свой  бліжэйшы канцэрт, які заплянаваны быў на чацьвер у Лёндане.
ІАР ПР/нг
нг