Logo Polskiego Radia
Print

NATO пераводзіць камандаваньне зь Нямеччыны ў Польшчу

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.05.2017 17:23
  • 18.05.17_Таргальскі.mp3
Гэта азначае, што дзеяньні ЗША ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе будуць каардынавацца з Польшчы.
Jerzy Targalski Jerzy Targalski Photo: Wojciech Kusiński/Polskie Radio

Сухапутныя войскі ЗША плянуюць перамясьціць камандаваньне адной з эўрапейскіх дывізій зь Нямеччыны ў Польшчу. Гэта азначае, што дзеяньні ЗША ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе будуць каардынавацца з Польшчы.

Мяркуецца, што гэта дасьць магчымасьць павысіць эфэктыўнасьць апэрацый у рэгіёне. Паводле словаў некаторых камэнтатараў, перанос камандаваньня зьяўляецца чарговым сьведчаньнем ключавой ролі Польшчы ў фарміраваньні ўсходняга флянгу NATO і ўмацаваньня супрацоўніцтва з ЗША. У студыі Польскага радыё гэтае меркаваньне высунуў гісторык і палітоляг Ежы Таргальскі.

Якія шанцы ў Польшчы стаць лідарам рэгіёну, калі казаць пра ўсходні флянг NATO?

Е.Таргальскі: Для гэтага неабходна выканаць тры ўмовы, дзьве зь якіх не залежаць ад Польшчы. Па-першае, варта разумець, што чым больш дэстабілізацыі ў Нямеччыне, тым большая верагоднасьць таго, што камандаваньне NATO будзе перанакіравана ў Польшчу. На дадзены момант у Познань ўжо накіраванае камандаваньне цяжкай танкавай дывізіі - гэта велізарны плюс для Польшчы. Калі Нямеччына апынецца пад пагрозай дэстабілізацыі ў сувязі з вялікай мусульманскай іміграцыяй, NATO будзе старацца перанесьці сваё камандаваньне ў Польшчу, на больш бясьпечную тэрыторыю. (...) Яшчэ адна ўмова звязаная з сытуацыяй за ўсходняй мяжой ЭЗ. Калі Расея будзе працягваць кідаць выклікі Захаду, і ў тым ліку ЗША, калі расейцы працягнуць правакаваць хаос на ўсходзе Эўропы, у ЗША натуральным чынам не застанецца іншага выйсьця, акрамя як павялічыць сваю прысутнасьць у балтыйскім рэгіёне й ва Ўкраіне. Тады ж Польшча як стабільная краіна стане свайго роду інструмэнтам у руках камандаваньня NATO для гарантаваньня бясьпекі ў гэтых рэгіёнах. Выкананьне гэтай умовы таксама ад нас не залежыць - мы можам толькі працягваць заставацца стабільнай краінай.

У цяперашні час Польшча такой зьяўляецца?

Е.Таргальскі: Мы застаемся стабільнай краінай, нам не пагражаюць беспарадкі, як гэта адбываецца ў Нямеччыне ці Францыі. Аднак расейцы спрабуюць усяляк дэстабілізаваць Польшчу. З аднаго боку, гэта антыўрадавыя дзеяньні - мы можам назіраць, што робіць апазыцыя, - з другога боку, расейцы выкарыстоўваюць крайніх радыкалаў, якія спрабуюць сапсаваць нашыя адносіны з суседзямі. Перш за ўсё шляхам антыўкраінскай кампаніі. Гэта не масавы рух, а невялікія крайне правыя групы. Аднак гэтыя дзеяньні можна разьвіваць і працягваць спрабаваць дэстабілізаваць Польшчу.

Некалькі дзён таму стала вядома, што ў сувязі зь дзеяньнямі Паўночнай Карэі Расея пераходзіць у рэжым павышанай гатоўнасьці. Што гэта значыць?

Е.Таргальскі: Расея перавяла ў павышаную гатоўнасьць сваю супрацьпаветраную абарону толькі таму, што самі карэйцы ня маюць найменшага ўяўленьня, дзе іх ракеты могуць ўпасьці. Ня выключана, што яны могуць трапіць у раёне Ўладзівастока, у сувязі з чым расейцы павінны быць гатовыя зьбіваць гэтыя ракеты да таго, як яны дасягнуць цэлі. Паўночная Карэя, так як варвары ў свой час, працягвае запалохваць іншыя краіны. Яна вельмі агрэсіўная, небясьпечная й гатовая на ўсё. У той жа час у карэйцаў вельмі прымітыўнае ўзбраеньне, яны ня ў стане прадбачыць ні наколькі далёка гэтыя ракеты могуць даляцець, ні дзе яны могуць упасьці, сьведкам чаго мы нядаўна сталі. У цяперашні час стала зразумела, што карэйскія ракеты ня ў стане даляцець нават да Японіі.

І яшчэ адна тэма. Ці варта сур'ёзна ўспрымаць словы Эманюэля Макрона адносна Польшчы? Нагадаем, што ў час выбарчай кампаніі новы прэзыдэнт Францыі казаў пра адсутнасьць у Польшчы дэмакратыі, а таксама заклікаў увесьці санкцыі супраць Варшавы ў сувязі з «сацыяльным дэмпінгам».

Е.Таргальскі: Я лічу, што абраньне Макрона прэзыдэнтам неабходна выкарыстаць у сваіх інтарэсах. Яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі Эманюэль Макрон вельмі выразна вызначыў свае мэты. Ён прытрымліваецца меркаваньня, што Нямеччына паразітуе на больш слабых дзяржавах за кошт паніжэньня кошту эўра. Ён хоча, каб немцы пачалі дзяліцца з Францыяй. Ці пойдзе на гэта Нямеччына ў добраахвотным парадку? Я сумняваюся. Дык вось, мы можам выкарыстаць гэтую розьніцу ў інтарэсах Нямеччыны й Францыі ў сваіх мэтах. Бо Польшча ў любы момант можа падтрымаць як адну, так і другую дзяржаву. Пры гэтым усё роўна, хто мае рацыю, важна, хто, колькі нам дасьць, хто больш заплаціць. Толькі гэта мае значэньне.

PR24/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт