Logo Polskiego Radia
Print

Кітай прапануе разьвіцьцё новага "Шаўковага шляху"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.05.2017 15:55
  • Пэкін.mp3
А. Фёдараў: Нейкая карысьць для Беларусі будзе, але панацэяй гэта ня стане.
PAP/Radek Pietruszka

У Кітаі адбываецца міжнародны саміт, на які былі запрошаныя кіраўнікі некалькіх дзесяткаў дзяржаваў сьвету. Кітайцы імкнуцца пракласьці новы Шаўковы шлях, а Польшча хацела б браць удзел у гэтым праекце, таму на мерапрыемства адправілася таксама польская прэм’ер-міністар Бэата Шыдла. На форуме прысутнічае і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Форум пад назваю «Адзін пояс і адзін шлях» пачаўся ў Пэкіне ўчора. Акрамя Бэаты Шыдла, на яго былі запрошаныя прадстаўнікі яшчэ 28 краін, у тым ліку кіраўнік Беларусі А. Лукашэнка, прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін, лідар Турэччыны Рэджэп Эрдаган. Тэматыка форуму датычыць эканомікі і глябалізацыі. Кітай прапануе новы шлях гандлёвага абмену. Ён павінен адказваць тым жа крытэрыям, што і гістарычны Шаўковы шлях. Уздоўж гэтай дарогі пражывае на сёньняшні дзень палова ўсіх жыхароў нашай плянэты, а кіраўнік КНР Сі Цзіньпін назваў учора дадзеную ініцыятыву «праектам стагодзьдзя». Праект прадбачвае інтэнсіўны эканамічны ды культурны абмен паміж дзяржавамі ўздоўж новага шляху.

Разьвіцьцё «Пояса і шляху» залежыць ад стабільнасьці тэрыторыі паміж Эўрапейскім Зьвязам і Кітаем, – заявіла падчас круглага стала ў Пэкіне прэм’ер-міністар Бэата Шыдла. Кіраўнічка Рады міністраў Польшчы пераконвала іншых дзяржаўных лідараў, што неабходна як мага хутчэй знайсьці мірнае вырашэньне канфліктаў у суседніх краінах. З Пэкіну перадае карэспандэнт ПР Томаш Саевіч.

Т. Саевіч: У выказваньні Б. Шыдла не прагучала слова «Украіна», але яе словы датычылі хутчэй за ўсё гэтай краіны, дзе ідзе ўзброены канфлікт. У форуме «Адзін пояс і адзін шлях» удзельнічае таксама прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Бэата Шыдла адзначыла, што разьвіцьцё супрацоўніцтва прынясе карысьць дзяржавам, калі ўдасца знайсьці мірнае вырашэньне канфліктаў. Прэм’ер-міністар казала таксама пра неабходнасьць шанаваць нацыянальныя стратэгіі разьвіцьця розных краін. Яна згадвала пра польскую стратэгію ўстойлівага разьвіцьця і параўнала яе з кітайскім праектам прамысловай мадэрнізацыі. На думку Шыдла, кітайскі праект дае магчымасьць разьвіваць пэрспэктыўныя адносіны паміж Кітаем і Польшчай.

У сваю чаргу кіраўнік Беларусі ганарыцца тым, што яго краіна далучылася да будаўніцтва новага Шаўковага шляху адной зь першых на сьвеце. На думку Лукашэнкі, ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» – гэта ня проста гандлёвы маршрут, а канал перасоўваньня ідэй і сумеснага стварэньня інавацый. Беларускі лідар згадваў таксама пра пагрозы сьвету, сярод якіх – міграцыйны крызыс, тэрарызм, небясьпечныя інфэкцыйныя захворваньні, кліматычныя зьмены ды іншае.

А. Лукашэнка падкрэсьліў, што глябальная ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» – гэта ня проста ідэя эканамічнага партнэрства, а перш за ўсё глыбокая аб’яднальная філязофія міжнароднага супрацоўніцтва.

Удзел беларускага лідара ў саміце – гэта, канешне, важная падзея для Беларусі, якая надалей застаецца ізаляванай дзяржавай на міжнароднай палітычнай арэне. А якую эканамічную карысьць можа прынесьці Беларусі ўдзел у кітайскім праекце? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да міжнароднага аглядальніка Андрэя Фёдарава.

А. Фёдараў: Нейкая карысьць будзе, але панацэяй гэта ня стане. Па-першае, Беларусь фактычна будзе транзытнай краінай, па-другое, насамрэч там некалькі маршрутаў, а толькі адзін ідзе празь Беларусь. За транзыт яна нешта атрымае, магчыма, тут будзе нейкая лягістыка, склады. Але ці Беларусь можа шмат атрымаць ад транспартыроўкі кітайскіх тавараў у Эўропу? Тым больш, што праект разьлічаны на 30 гадоў, невядома, ці праз 30 гадоў будзе такая патрэбнасьць – транспартаваць вялікую колькасьць тавараў у Эўропу. Нашу эканоміку гэта наўрад ці ўратуе. Яе могуць уратаваць толькі тэхналёгіі, а Кітай імі не валодае, ён – вытворца.

У сваю чаргу Эўрапейскі Зьвяз насьцярожана ставіцца да некаторых прамоваў, якія пагучалі на саміце. Згодна заяве Эўрапейскай камісіі, самы важны дакумэнт, прыняты ўдзельнікамі форуму, яна можа адобрыць, але яе сумненьні выклікае кітайская дэклярацыя, якая датычыць гандлёвага супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы «Пояса і шляху». Прэс-сакратар камісіі назваў дакумэнт дзіўным, непатрэбным і малаамбітным, які раней ня быў абмеркаваны. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, пра доступ эўрапейскіх фірмаў да кітайскага рынку, які можа быць абмежаваны.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт