Logo Polskiego Radia
Print

Пажылыя людзі часта становяцца ахвярамі несумленных прадаўцоў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.03.2017 13:50
  • спажыўцы.mp3
Маладыя людзі і асобы ў сярэднім узросьце лепш арыентуюцца ў сваіх правах і ўмеюць іх адстойваць.
www.pixabay.com

15 сакавіка ў розных краінах адзначаецца Сусьветны дзень абароны правоў спажыўца, устаноўлены ў 1983 годзе ў памяць пра вядомыя словы прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі, які дваццаць адзін год перад гэтым назваў чатыры асноўныя правы спажыўцоў: права на інфармацыю, выбар, бясьпеку і ўласнае прадстаўніцтва.

У Польшчы сёлета лейтматывам адзначэньня гэтага дня зьяўляецца ахова правоў пажылых спажыўцоў. Маладыя людзі і асобы ў сярэднім узросьце як правіла лепш арыентуюцца ў сваіх правах і ўмеюць іх адстойваць. У сваю чаргу пажылыя асобы часьцей становяцца ахвярамі несумленных прадаўцоў або нават злодзеяў. Таму іх правы неабходна адстойваць у першую чаргу. Пра гэта нагадвае польскае Ведамства аховы канкурэнцыі і спажыўцоў. Старшыня ведамства Марэк Нехцял (Marek Niechciał) адзначае, што старэйшыя людзі часта становяцца ахвярай несумленных прадаўцоў, калі заключаюць зьдзелкі ў інтэрнэце або з прадстаўнікамі розных фірмаў, якія прыходзяць дадому.

М. Нехцял: Гаворка ідзе пра розныя паслугі: фінансавыя, энэргетычныя, тэлефоннай сувязі, куплю розных мэдыкамэнтаў. Старэйшыя асобы горш арыентуецца ў сьвеце фінансаў, паколькі ў іх маладыя гады падобных паслуг проста не было, таму яны ня ведаюць мэханізмаў дзейнасьці такіх паслуг, і лёгка ўдаецца іх падмануць.

Віцэ-старшыня ведамства Дарота Карчэўска (Dorota Karczewska) нагадвае, што апошнім часам пажылых людзей часта падманваюць асобы, якія робяць выгляд пастаўшчыкоў энэргетычных ды іншых паслуг.

Д. Карчэўска: У апошнія гады разьвіваецца продаж паслуг у сыстэме door-to-door (ад дзьвярэй да дзьвярэй). Мы бачым, што ахвярамі несумленных прадпрымальнікаў былі як правіла пажылыя людзі. Яны заключалі дамовы з новым пастаўшчыком паслуг, ня ведаючы, якія зьмены гэта прынясе. Многія не разумеюць, што гэта новая дамова, якая заключаецца паводле зусім іншых правілаў, чым раней.

У Дзень абароны правоў спажыўца адмыслоўцы нагадваюць таксама элемэнтарныя правілы, якімі неабходна кіравацца падчас набываньня розных тавараў і паслуг: рашэньне пра пакупку павінна быць прадуманае, нельга кіравацца толькі зьместам рэклямы. Пра гэта гаворыць Эва Ўрублеўска (Ewa Wróblewska) з жэшаўскай Фэдэрацыі спажыўцоў.

Э. Урублеўска: Галоўная задача рэклямы – пераканаць нас купіць тавар. Трэба аднак памятаць, што рэкляма ніколі не пакажа нам адмоўных бакоў дадзенага прадукту або паслугі. Такія магчымыя заганы відаць толькі пасьля таго, як мы купім тавар і пачнём ім карыстацца. І тады можа аказацца, што выбраны прадукт ня мае функцыі, якую абяцаў нам яго вытворца.

Прадаўцы ведаюць, якім чынам прыцягнуць увагу пакупніка і заахвоціць яго купіць тавар. Частыя трукі крам – розныя скідкі на цану або дробныя падарункі, якія можна атрымаць падчас набыцьця дарагой рэчы. Жыхары Жэшава кажуць, што рэкляма здольная спакусіць кожнага.

Жыхары: Чым больш каляровая рэкляма, прыгожая, тым мацней яна ўплывае на людзей, якія спакушаюцца і купляюць дадзены тавар.

Я ня раз спрабавала купляць прадукты, якія рэклямуюцца ў СМІ. Аказваецца, што яны ня маюць нічога супольнага з тым, што кажуць у гэтых рэклямах. Галоўным чынам гэта датычыць тавараў бытавой хіміі: пральных парашкоў, чысьцячых сродкаў. У рэкляме адразу ўсё чыстае, а на самой справе ў жыцьці так не бывае.

Установы і арганізацыі, якія займаюцца абаронай правоў спажыўцоў і распаўсюджваньнем ведаў, як правільна заключаць зьдзелкі, рэгулярна нагадваюць, што тавар, у якім нейкая загана праявілася ўжо пасьля пакупкі, можна вярнуць або памяняць на новы. Тое ж правіла датычыць таксама дрэнна выкананай паслугі. Кліент можа патрабаваць выканаць яе нанава або вярнуць яму заплачаныя грошы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт