Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ўшаноўваюць памяць змагароў за незалежную Польшчу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.03.2017 13:39
  • Выклятыя жаўнеры.mp3
"Выклятыя" пасьля вайны не спынілі барацьбы з акупантам, паколькі саветаў яны таксама лічылі акупантамі.
Bild: polskieradio.pl

1 сакавіка ў Польшчы адзначаецца Дзень памяці «Выклятых» жаўнераў. Гэта значыць, жаўнераў Арміі Краёвай, якія змагаліся зь нямецкімі акупантамі, а пасьля Другой сусьветнай вайны працягвалі партызанскую барацьбу з сацыялістычнымі ўладамі, якіх таксама лічылі акупацыйнымі.

Дзень памяці «Выклятых» жаўнераў адзначаецца ў Польшчы ўжо сёмы раз, але толькі зь мінулага году ўрачыстасьці носяць афіцыйны характар, удзельнічаюць у іх прадстаўнікі вышэйшай дзяржаўнай улады.

«Выклятыя» жаўнеры сталі героямі, на якіх трэба раўняцца. Асабліва для маладога пакаленьня палякаў «выклятыя» сталі ўзорам патрыятызму. Многія змагары за незалежнасьць заплацілі жыцьцём за сваю барацьбу.

Дзень памяці «Выклятых» жаўнераў прыходзіцца ў гадавіну расстрэлу ў варшаўскай турме Лукаша Цяпліньскага, Мечыслава Кавальца, Юзэфа Баторага, Адама Лазаровіча ды іншых жаўнераў. Цягам першага дзесяцігодзьдзя пасьля вайны камуністы забілі каля 9 тыс. актывістаў партызанскага падпольля, хаця гэтыя дадзеныя яшчэ няпоўныя.

Гісторыкі кажуць, што барацьба «Выклятых» жаўнераў насіла характар антыкамуністычнага паўстаньня. Доктар гістарычных навук Томаш Лабушэўскі адзначае, што гэта было сапраўднае паўстаньне, паколькі акцыі партызанаў антыкамуністычнага падпольля былі масавымі і адбываліся па ўсёй Польшчы. Пасьля вайны ў шэрагах антыкамуністычнай кансьпірацыі было каля 200 тыс. асоб, а ў партызанскіх аддзелах засталося каля 20 тыс. жаўнераў.

Т. Лабушэўскі: Гэтая лічба зьяўляецца самым вялікім прыкладам удзелу кансьпіратараў у барацьбе супраць уладаў. Пазьней, калі быў створаны часовы ўрад нацыянальнага адзінства, у чэрвені ’45, і пасьля амністыі, аб’яўленай камуністамі, адбылося прынцыповае зьмяншэньне колькасьці ўдзельнікаў гэтага антыкамуністычнага падпольля. Але ўвесь час, да ’47 году, мы гаворым пра масавы кансьпірацыйны рух.

Прэм’е-міністар Бэата Шыдла ўшанавала памяць герояў барацьбы за незалежнасьць польскай дзяржавы, ускладаючы кветкі на варшаўскіх могілках Павонзкі, дзе пахаваныя некаторыя жаўнеры падпольных структур, якія змагаліся з саветамі. Прэм’ер згадала, што сёньня палякі адзначаюць сьвята тых, хто вучыць нас сапраўднаму патрыятызму і вернасьці Радзіме.

Б. Шыдла: Гэта сьвята, якое ня толькі прыгадвае пра тых выключных герояў, пра тых людзей, якія аддалі за свабоду, за Айчыну тое, што ў іх было самае каштоўнае – сваё жыцьцё. Дзякуючы ім мы можам сёньня казаць, што мы – свабодныя палякі. Гэта таксама сьвята, якое на дадзены момант мае вялізнае значэньне ў фармаваньні поглядаў маладых людзей.

Таксама міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч мяркуе, што дзякуючы «Выклятым» жаўнерам магчымае стала будаўніцтва свабоднай польскай дзяржавы. Міністар уручыў узнагароды жаўнерам, якім удалося перажыць камуністычныя часы. Мацярэвіч дадаў, што яны змагаліся за свабодную Польшчу тады, калі многія страцілі ўжо надзею, што незалежнасьць калі-небудзь удасца заваяваць.

А. Мацярэвіч: Ёсьць людзі, якія ўсё сваё жыцьцё прысьвяцілі барацьбе зa незалежнасьць тады, калі акупанты вешалі на іх найгоршыя эпітэты. Тады, калі па радыё, па тэлебачаньні можна было пачуць, прачытаць у прэсе, што гэта забойцы. Але яны не паддаліся. І дзякуючы гэтаму мы можам сёньня тут быць, можам вярнуць поўную незалежнасьць Польшчы.

У рамках адзначэньня Дня памяці «Выклятых» жаўнераў сёньня можна наведваць былы сьледчы ізалятар на вуліцы Ракавецкай у Варшаве, дзе ствараецца Музэй «Выклятых» жаўнераў і палітычных вязьняў Польскай Народнай Рэспублікі. Наведвальнікаў сустракае і расказвае пра экспанаты музэя маёр Дарыюш Фудалі.

Д. Фудалі: У гэтым месцы знаходзіцца славуты «павільён цудаў». Адкуль узяўся такі назоў? Справа ў тым, што тут праходзілі допыты вязьняў, часта вельмі жорсткія катаваньні. Вязьні прызнаваліся ў тым, чаго ніколі ў жыцьці не зрабілі. Многія лічылі, што калі ім удасца выйсьці з гэтага павільёну на ўласных нагах, то гэта будзе цуд.

У рамках адзначэньня Дня памяці «Выклятых» жаўнераў сёньня пачалася акцыя, падчас якой прадстаўнікі сілаў правапарадку могуць стаць ганаровым донарам, аддаць кроў тым людзям, каму яна патрэбная. Такім чынам паліцыянты, пажарнікі, пагранічнікі ды іншыя аддаюць пашану героям, якія ніколі не паддаліся. І так, як тыя аддавалі сваю кроў і жыцьцё за Айчыну, так і сёньня сымбалічна можна аддаць сваю кроў як дар жыцьця.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт