Logo Polskiego Radia
Print

Крэмль рукамі беларуса распальвае варожасьць у Польшчы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.02.2017 15:30
  • Крэмль рукамі беларуса.mp3
Гэта адна з гучных тэмаў, што абмяркоўваецца сёньня ў польскай прэсе.
Foto: The Socialist Network

Журналісты перакананыя, што насамрэч ідзецца пра палітыку Крамля па распальваньні міжнацыянальнай варожасьці ў рэгіёне. Разам з тым гучаць галасы, што шмат з агучанай інфармацыі - фальшыўка.

Усьлед за ўкраінскімі парталамі, польская прэса б’е трывогу, што беларусы ладзяць у Польшчы антыўкраінскія акцыі. Маўляў, такім чынам Крэмль імкнецца пасварыць паміж сабой суседзяў, убіць клін. Нагодай да такіх высноваў паслужыла гісторыя беларуса з Белазёрска Аляксандра Ўсоўскага. Украінскі валянцёрскі партал “Інфармнапалм” апублікаваў ягоную перапіску з адэптамі “рускага міру” ў Маскве. У перапісцы Ўсоўскі прадстаўляе сябе як арганізатар антыўкраінскіх акцый у Польшчы, просіць грошы на далейшую дзейнасьць.

Аднак ня ўсе ў Польшчы гатовыя верыць у дадзеную вэрсію. Інфармацыя Інфармнапалма, - гэта фэйк, перакананы доктар Ежы Таргальскі, бо зь перапіскі бачна, што асоба “арганізатара” пратэстаў ня ведае польскіх рэалій ды дзейнічае здалёк. У Польшчы Крамлю хапае “мясцовых” агентаў, беларусы для гэтага непатрэбныя, перакананы экспэрт.

Ежы Таргальскі: На маю думку, дадзеная інфармацыя – гэта фальшыўка. Ня ведаю, ці яны самі яе сфальшавалі, ці ім яе нехта падкінуў, але дадзеная інфармацыя абсалютна неверагодная. Яна абапіраецца, напрыклад, на сьцьвярджэньне пра перамовы паміж Сялянскай партыяй ды Зьвязам Вялікай Польшчы ў справе далучэньне іх кандыдатаў у выбарчыя сьпісы партыі на парлямэнцкіх выбарах. Гэта абсурд, бо Зьвяз Вялікай Польшчы – гэта пару чалавек у маштабах краіны, 10-15 максымум. Ніводная агульнанацыянальная моцная партыя ня будзе весьці размовы з групкай вар’ятаў. Ёсьць мноства іншых падобных момантаў, таму гэта фальшыўка. Галоўнае пытаньне, хто стаіць за гэтым. Расейцы ствараюць арганізацыі ў Польшчы, гэта дакладна, але яны робяць гэта не празь Беларусь, а тут на месцы. Пакуль што я бачу столькі агентаў сярод палякаў, што ніводзін беларус да гэтага непатрэбны.

Разам з тым, трэба зазначыць, самі польскія ўлады стварылі атмасфэру да таго, каб зьявілася глеба для адраджэньня нацыянальных нупружанасьцяў і выкарыстаньне гэтай тэмы ў палітыцы, - кажа Павал Казанэцкі з Усходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтра.

Павал Казанэцкі: Нават, калі тут ёсьць вонкавая рука ды ўплыў агентуры на дзеячаў правых сілаў, то адназначна трэба сказаць, што яна ня мела б ніякага значэньня, калі б тут не было мясцовай глебы й моцных правых настрояў у Польшчы. Тэма Крэсаў ды Валыні цяпер вяртаюцца, бо ўлады паставілі на тыя асяродзьдзі, для якіх гэтыя тэмы вельмі важныя. Гэта моцна ўплывае на зьмену настрояў.

Што да Аляксандра Ўсоўскага, гэта ня выдуманая, а рэальная асоба. Ён паходзіць з Белаазёрска, і вядомы ў горадзе як “гісторык”, даўні прыхільнік “рускага міру”. Гаворыць белаазёрскі актывіст Зьміцер Трацьцяк.

Зьміцер Трацьцяк: Аляксандар Усоўскі - ня фэйк. Ёсьць такая асоба ў Белаазёрску, ён прадстаўляецца як “гісторык”, дэманструе кнігу пра падзеі ў Югаславіі, правадыр “рускага міру”. Ён сам тут выступае, групы ніякай за ім няма, а пра апошнюю ягоную дзейнасьць мы даведаліся зь сеціва.

У сваю чаргу беларускія экспэрты зазначаюць, што “справа Ўсоўскага” – гэта хутчэй авантура, прыватная ініцыятыва чалавека, які хоча падзарабіць на “рускім міры”.

Андрэй Паротнікаў: Мы бачым узломаную перапіску, у якой усё адназначна. Ня думаю, што гэта фэйк. Зразумела, што такія патугі робяцца. Адзінае, што выклікае сумневы – гэта чалавек, які зь беларускага боку выстаўляе сябе “шэрым кардыналам” польскіх прарасейскіх рухаў. Насамрэч, ён больш падобны да авантурыста, ці неадэкватна. Таму гэта ўсё нагадвае авантуру, а не доўгатэрміновую акцыю спэцслужбаў. Зь ягонай перапіскі бачна, што чалавек ставіць спачатку сабе за мэту зарабляць мінімум 3 мільёны беларускіх у месяц. Зь ліставаньня з маскоўскімі таварышамі вынікае, што ён ацаніў сябе больш чым у тысячу эўра на тыдзень.

Што да гэтага канкрэтнага выпадку, за якім можа й не стаяць Крэмль, гэта сьведчаньне для эліт рэгіёну, што Крэмль заўсёды будзе весьці ў рэгіёне палітыку падзелаў ды распальваньня варожасьці паміж суседзямі. Гаворыць лодзінскі палітоляг Пшэмыслаў Жураўскі-вэль-Граеўскі.

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль-Граеўскі: Выклік вельмі сур’ёзны, скажу, што ідзецца пра жыцьцё нашых грамадзян. Стварэньне напружанасьці, абапіраючыся на гістарычную памяць, можа стаць асновай для падрыхтоўкі крывавай правакацыі ў польска-ўкраінскіх адносінах. Напрыклад, як у Расеі перад ІІ Чачэнскай вайной адбыліся выбухі, так нешта падобнае можа здарыцца і ў памежных польскіх ды ўкраінскіх гарадах з узаемнымі абвінавачаньнямі. Гэта ня можа здарыцца нечакана, такая акцыя мусіць прайсьці ва ўмовах адмыслова створанай атмасфэры канфлікту. Цяпер робяцца спробы пабудаваць такую атмасфэру. Палітыкі ды службы Польшчы і Ўкраіны павінны пераламаць гэты сцэнар, баронячы жыцьцё нашых грамадзян сёньня, а ня семдзесят гадоў таму. У гэтай гульні Польшчы ды Ўкраіна граюць за адну каманду, не павінны даць падзяліць сябе, інакш заплацяць высокую цану.

Гэтая цана ўжо плаціцца. У рэгіёне шырыцца страх, нестабільнасьць ды рост ксэнафобскіх настрояў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт