Logo Polskiego Radia
Print

Аглядальнік: Лукашэнку да перамоў прымушае сытуацыя

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 13.02.2017 19:50
  • сустрэча.mp3
...як эканамічная ўнутры краіны, так і палітычная міжнародная, і перш за ўсё ціск з боку Расеі.
www.flickr.com/mb7art

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік выданьня й беларускія лідар размаўлялі амаль дзьве гадзіны.

Галоўны рэдактар «Народнай волі» папрасіў кіраўніка дзяржавы пра асабістую сустрэчу падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага.

Паводле Сярэдзіча, уражаньні ад размовы самыя станоўчыя, а падчас спатканьня абмяркоўваўся шэраг пытаньняў. Што дзякуючы гэтай сустрэчы хацелі дасягнуць два бакі й ці існуе нейкі скрыты падтэкст спатканьня?

Мы патэлефанавалі аглядальніку Аляксандру Класкоўскаму й папрасілі пракамэнтаваць сёньняшняе спатканьне. Паводле яго, сустрэча можа даць недзяржаўнай прэсе некаторыя карысьці, бо ў Беларусі – сыстэма ручнога кіраваньня. «Загадае Лукашэнка – тады нешта зробяць, у адваротным выпадку нічога ня зрушыцца», – кажа аглядальнік.

Аляксандр Класкоўскі гаворыць, што калі ў выніку сустрэчы будуць хоць невялічкі плюсы й зрухі, то варта было сустрэцца. Чыноўнікі павінны атрымаць пасыл наконт таго, каб менш душыць незалежную прэсу, хоць на цуды разьлічваць не выпадае, кажа камэнтатар.

Аляксандр Класкоўскі зазначае, што Лукашэнку да перамоў прымушае сытуацыя: як эканамічная ўнутры краіны, так і палітычная міжнародная, і перш за ўсё ціск з боку Расеі. Таму ўлады зразумелі, што неабходна кансалідацыя грамадзтва, гаворыць аглядальнік.

Пасьля сустрэчы Іосіф Сярэдзіч сказаў, што спатканьне прайшло ў імя будучыні Беларусі й вырашэньня актуальных грамадзка-палітычных пытаньняў. Галоўны рэдактар «Народнай волі» таксама зазначыў, што ён і Аляксандр Лукашэнка пачалі размову па-беларуску, аднак пазьней перайшлі на расейскую, таму што кіраўнік дзяржавы спаслаўся на недахоп практыкі ў выкарыстаньні роднай мовы.

вс

усе выказваньні аглядальніка – слухайце гукавым файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт