У інтэрнэце распачаўся збор подпісаў за афармленьне ўпаковак на таварах на беларускай мове. Кожны можа падпісацца пад пэтыцыяй аб унясеньні зьмяненьняў у дзейны закон «Аб абароне правоў спажыўцоў».
«Зараз у Беларусі дзейнічае закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», паводле якога інфармацыя аб таварах і паслугах павінна даводзіцца да спажыўцоў па-беларуску або па-руску. Такім чынам, беларускае заканадаўства не прадугледжвае абавязку выкарыстоўваць абедзьве дзяржаўныя мовы. Беларусь зьяўляецца адзінай краінай ЕАЭС, што мае дзьве дзяржаўныя мовы, адна з якіх руская. Усе іншыя краіны ЕАЭС у сваім нацыянальным заканадаўстве маюць патрабаваньне выкарыстоўваць пры інфармаваньні аб таварах і паслугах дзяржаўную мову. У выніку гэтага склалася такая сытуацыя, што нацыянальныя і замежныя вытворцы выкарыстоўваюць мовы краін ЕАЭС і абавязковую рускую мову, у большасьці выпадкаў ігнаруючы беларускую мову і правы беларускамоўных спажыўцоў. Акрамя гэтага, Беларусь адзіная краіна ЕАЭС, нацыянальная мова якой у ЕАЭС не зьяўляецца абавязковай у сфэры інфармаваньня спажыўцоў аб таварах і паслугах і праз гэта амаль не выкарыстоўваецца, што прыніжае краіну як паўнапраўнага суб’екта ЕАЭС», – гаворыцца ў пэтыцыі.
Лідар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» і аўтар пэтыцыі Ігар Случак кажа, што закон яшчэ ня трапіў на разгляд. Таму неабходна паказаць, што ня толькі вытворцы, таварыствы абароны правоў спажыўцоў і дэпутаты падтрымліваюць гэтыя зьмены.
І. Случак: Важна паказаць, што зьмены падтрымліваюць і звычайныя грамадзяне. Беларуская дэмакратыя грунтуецца на папяровай фактуры. Таму для міністэрстваў, дэпутатаў, чыноўнікаў, якія могуць паўплываць на ўнясеньне зьменаў у закон, трэба падрыхтаваць візуалізацыю гэтых галасоў, паказаць, што зьмена запатрабаваная.
Ігар Случак ужо даўно займаецца зьменамі закону «Аб абароне правоў спажыўцоў». З 2014 году ён актыўна перапісваецца з дэпутатамі, таварыствамі абароны правоў спажыўцоў, якія выказваюць сваю падтрымку гэтай ініцыятыве.
І. Случак: У мінулым складзе парлямэнту ідэю падтрымлівала 30 чалавек, у новым складзе – 15 чалавек. Зьмены закону падтрымліваюць малыя і буйныя вытворцы, а таксама таварыствы па абароне правоў спажыўцоў. Аднак у Міністэрстве гандлю, якое займаецца распрацоўкай зьмен, адказалі, што зьмены немэтазгодныя, паколькі выклічуць дадатковыя выдаткі. Але гэта адказ нічым неабгрунтаваны. «Савушкаў прадукт» адказаў, што для гэтага трэба было б працаўладкаваць ліцэнзійнага перакладчыка. Аднак, каб знайсьці грошы на казахскага перакладчыка, у іх праблем не было.
Цяпер у практыцы расейская мова на таварах зьяўляецца абавязковай, а беларуская можа быць дададзена толькі пры асаблівым жаданьні вытворцы. Каб выправіць гэта, неабходна ўнесьці зьмены ў беларускі закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», паводле якога інфармацыя аб таварах і паслугах павінна ў абавязковым парадку даводзіцца на дзьвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай.
Ігар Случак спадзяецца, што беларускія законы нарэшце пачнуць рыхтавацца згодна з беларускай Канстытуцыяй.
Словы кампаніі «Савушкаў прадукт» аб тым, што ўвядзеньне беларускай мовы на ўпакоўках прывядзе да большых выдаткаў, выклікала хуткую рэакцыю сярод інтэрнэт-карыстальнікаў. Адзін зь іх запрапанаваў разам талакой сабраць грошы на паслугі дызайнэра і перакладчыка ды стварыў збор грошай на «Талацэ».
Ігар Случак кажа, што гэта спроба давесьці да абсурду падобныя выказваньні. Ён таксама зазначае, што падобных заяваў і акцый ёсьць больш.
І. Случак: Гэтым самым паказваецца абсурднасьць тлумачэньня, што для перакладу этыкетак няма грошай. Прадпрыемства мае велізарныя рынкі збыту. Казаць, што яны зьбяднеюць увёўшы беларускую мову сьмешна. Ці, напрыклад, кампанія «Belita» заявіла, што калі яны ўвядуць этыкетку на дзьвюх мовах, то цэны на іх прадукцыю вырастуць на 20%. Я пайшоў у краму і сфатаграфаваў два пачкі цукру з расейскамоўнай і беларускамоўнай этыкеткай – цэны былі аднолькавыя.
Сытуацыя з беларускай мовай на ўпакоўках моцна ўзрушыла неабыякавых беларусаў. Сеціва перапоўнена шматлікімі прыкладамі як кампаніі падтрымліваюць ці наадварот дыскрымінуюць беларускую мову.
У далучаным гукавым файле поўная размова з І. Случакам.
ав