Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы прынятая праграма разьвіцьця турызму на ўсходзе краіны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.12.2016 14:13
  • turystyka.mp3
Усходняя частка краіны прапануе турыстам шмат цікавых месцаў, якія варта ўбачыць і правесьці там час.
Стары лесСтары лесpixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Турыстычная галіна разьвіваецца ў Польшчы дынамічна. Палякі ахвотна падарожнічаюць як па сваёй краіне, так і выяжджаюць за мяжу польскай дзяржавы. Таксама замежнікі ўсё больш цікавяцца гістарычнымі помнікамі Польшчы і магчымасьцямі адпачынку на польскім моры, у гарах, на азёрах.

Усходняя частка краіны прапануе турыстам шмат цікавых месцаў, якія варта ўбачыць і правесьці там час, цікавыя помнікі, некранутую прыроду – між іншым усім вядомую Белавескую пушчу, чыстыя рэкі і лясы. І менавіта на разьвіцьцё турызму ва ўсходняй Польшчы ўрад краіны прызначыў як мінімум 200 млн. злотых. Міністэрства разьвіцьця і Банк нацыянальнай гаспадаркі падпісалі надоечы пагадненьне па гэтым пытаньні. Гаворка ідзе пра льготныя крэдыты і пазыкі для мікра- і малых прадпрыемстваў турыстычнай і каля турыстычнай галіны зь пяці ваяводзтваў: Падляскага, Варміньска-Мазурскага, Люблінскага, Сьвентакшыскага і Падкарпацкага.

Згодна прадпасылкам пляну, праграма павінна пачаць дзейнічаць у трэцім квартале будучага году, – паведаміў віцэ-міністар разьвіцьця Адам Хамрышчак (Adam Hamryszczak).

А. Хамрышчак: Самае важнае – доступ да капіталу, льготных крэдытаў. На што яны маглі бы быць прызначаныя? На разьвіцьцё інфраструктуры: спартыўнай, дарожнай, гатэльнай, на падтрымку і разьвіцьцё экалягічнай прадукцыі, на падтрымку вытворчасьці традыцыйных прадуктаў, рамёстваў. Гэта важныя пытаньні, асабліва для Ўсходняй Польшчы.

Паводле папярэдніх прадпасылак праграмы, льготныя крэдыты і пазыкі для прадпрымальнікаў будуць складаць каля паўмільёна злотых, – дадае віцэ-міністар.

А. Хамрышчак: Канешне, гэтая сума можа быць таксама на многа большай, у залежнасьці ад канкрэтных патрэбаў прадпрымальнікаў. Сума пазыкі залежыць таксама ад таго, на колькі высокім будзе зацікаўленьне фірмаў дадзенай праграмай і на якія мэты яны захочуць атрымаць крэдыты.

Прадпрымальнікі, якіх зацікавіць дадзеная праграма і яны захочуць хадайнічаць за атрыманьне крэдыту або пазыкі, павінны зьвярнуцца да фінансавага пасярэдніка. Такога пасярэдніка будзе прызначаць Банк нацыянальнай гаспадаркі. Пазьней фірма павінна падаць адпаведную заяву на атрыманьне крэдыту. Па словах прадстаўнікоў Міністэрства разьвіцьця, анкета будзе вельмі простай. Галоўная мэта – каб грошы хутка, без непатрэбнай бюракратычнай валакіты, трапілі на рахунак прадпрымальніка.

Чалец праўленьня Банку нацыянальнай гаспадаркі Пшэмыслаў Цешыньскі гаворыць, што адна з мэтаў праграмы – палепшыць умовы наведваньня месцаў, якія менш кранутыя ўрбанізацыяй.

П. Цешыньскі: Гэта тыя раёны, якія дагэтуль рэдка карысталіся падтрымкай праграм, на якія прызначаюцца грошы з фондаў Эўрапейскага Зьвязу. Цяпер яны змогуць скарыстаць сродкі, якія засталіся ў распараджэньні Міністэрства разьвіцьця пасьля ажыцьцяўленьня зьвязаўскіх праграм. Акрамя таго, вельмі важна, што праграма накіраваная да малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Гэта соль нашай эканомікі, гэтыя фірмы выпрацоўваюць абсалютную большасьць нацыянальнага даходу.

Праграма «Прадпрымальніцтва ва Ўсходняй Польшчы – турызм» – гэта працяг падтрымкі турызму ва ўсходняй частцы дзяржавы. Да гэтае пары сродкі былі прызначаныя на будаваньне Усходняга роварнагу шляху Green Velo даўжынёй больш за дзьве тысячы кілямэтраў. У сваю чаргу Польская турыстычная арганізацыя ажыцьцявіла праграму папулярызацыі турызму на ўсходзе Польшчы, між іншым, быў створаны адмысловы інтэрнэт-сайт пад назваю www.pieknywschod.pl (прыгожы ўсход).

На ўсходзе Польшчы ёсьць ня толькі Белавеская пушча, хаця, канешне, гэтаe месца славутае ня толькі ў Польшчы, але і на ўсю Эўропу ды і сьвет. Я думаю, пра Белавескую пушчу ня трэба шмат расказваць, гэта апошняе месца ў Эўропе, дзе захаваўся першабытны лес. Я скажу пару слоў пра іншыя месцы, якія варта наведаць на ўсходзе Польшчы. Гэта, між іншым, Музэй на Майданку – жахлівы ўрок гісторыі. Музэй знаходзіцца пад Люблінам, дзе існаваў у часы Другой сусьветнай вайны нямецкі гітлераўскі канцлягер. Варта ўбачыць таксама Палац Браніцкіх у Беластоку, стары горад у Любліне, дзе можна адчуць непаўторны гістарычны клімат гэтага горада. Прапануем наведаць Сабор Сьв. Яна Хрысьціцеля ў Любліне, мячэць у Крушынянах, габрэйскія могілкі ды Сьцяну плачу ў Казімежы Дольным. Гэта толькі некаторыя месцы – помнікі гістарычнай і архітэктурнай спадчыны ўсходняй Польшчы. На пэўна кожны знойдзе там для сябе нешта цікавае.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт