Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія палякі-вэтэраны атрымалі ў падарунак аўтамабіль

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.12.2016 15:13
  • вэтэраны.mp3
Старшыня Таварыства вэтэранаў АК В. Сэбасьцьяновіч: Гэта самы шчасьлівы дзень у маім жыцьці.
Маёр Войска Польскага ў адстаўцы Вэраніка Сэбасьцьяновіч у падораным аўтамабіліМаёр Войска Польскага ў адстаўцы Вэраніка Сэбасьцьяновіч у падораным аўтамабіліPAP/Jacek Turczyk

Як мы ўжо паведамлялі ў нашым эфіры, некалькі дзён таму ў Польшчы адбылася ўрачыстасьць перадачы палякам, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, сьвяточных падарункаў, сярод якіх быў, між іншым, легкавы аўтамабіль.

Каштоўныя падарункі трапілі ў рукі польскіх ваенных вэтэранаў, якія жывуць у Беларусі. Легкавы аўтамабіль набыла Польская нафта-газавая кампанія (Polskie Górnictwo Naftowe i Gazownictwo). Правесьці акцыю дапамаглі супрацоўнікі Бюро нацыянальнай бясьпекі і Памежнай варты. Урачыстая перадача дароў адбылася ў Варшаве.

«Гэта самы шчасьлівы дзень у маім жыцьці», – сказала старшыня Таварыства жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі маёр Вэраніка Сэбасьцьяновіч. У сваёй прамове яна прыгадала ссылку ў Сыбір, часы голаду і прыніжэньня. Але, паводле яе слоў, яна верыла, што калісьці польская дзяржава дапаможа польскім вэтэранам.

В. Сэбасьцьяновіч: Я ня ведаю, ці гэта сон, ці гэта адбываецца на самой справе. У нас такое вялікае шчасьце – будзе ўласны аўтамабіль. Нашым вэтэранам ужо каля 90 гадоў, а некаторым і больш за 90. Бальшыня з іх прыкаваная да ложка, ня можа хадзіць. Трэба да іх прыехаць, памагчы. Нават каб перадаць віншаваньні з нагоды Калядных сьвятаў, трэба да іх паехаць. Я ўжо стомленая жыцьцём там, дзе я пражываю. Мяне ўвесь час перасьледуюць, мой тэлефон праслухоўваюць, мне вельмі цяжка. Але мы ня страцілі польскай самасьвядомасьці.

Дырэктар Бюро нацыянальнай бясьпекі Павал Солях адзначыў, што акцыя дапамогі польскім вэтэранам за мяжою – гэта працяг дзейнасьці, пачатай у часы кіраваньня бюро яго папярэднікамі. Ён таксама падкрэсьліў, што жаўнеры Арміі Краёвай – гэта сьведкі гісторыі, польскія героі.

П. Солях: Гэтых людзей усё менш, яны сыходзяць. Некалькі гадоў таму было 130 сябраў Таварыства жаўнераў АК у Беларусі, а цяпер засталося толькі 40 у жывых. Тым ня менш, да таго часу, пакуль яны ёсьць, Польшча не павінна пры іх забываць, мы не павінны пра іх забываць. Зразумела, вельмі важны матэрыяльны бок справы, каб падтрымаць іх у фінансавым пляне, але вельмі важна таксама паказаць, што мы тут, у Польшчы, не забываем пра гэтых людзей. Мы можам паказаць, што памятаем пра іх, нават праз нейкія невялікія жэсты, падарункі, асабліва цяпер, у пэрыяд сьвятаў Раства Хрыстовага.

Віцэ-старшыня праўленьня Польскай нафта-газавай кампаніі Януш Кавальскі сказаў, што мерапрыемства праводзіць акцыі дапамогі вэтэранам, як унутры Польшчы, так і за межамі краіны. Дапамога заключаецца, у прыватнасьці, у тым, што кампанія аплачвае за гэтых людзей квітанцыі за газ тут, у Польшчы.

Я. Кавальскі: У Беларусі пражывае некалькі дзесяткаў польскіх вэтэранаў. Яны жывуць часта ў вельмі цяжкіх бытавых умовах. Мы падтрымліваем іх, як можам. На гэты раз мы закупілі для вэтэранаў легкавы аўтамабіль. Машына дапаможа як тым асобам, якім цяжка самастойна рухацца, так і тым, хто клапоціцца пра польскія магілы, польскія могілкі. Гэта свайго роду выплата нашага доўгу ўдзячнасьці і памяці. Палякі, якія жывуць у свабоднай Польшчы, не павінны забываць пра сваіх цудоўных суайчыньнікаў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

Ініцыятар акцыі, старшыня таварыства «Одэр-Нёман» Ілёна Гасеўска нагадала, што ідэя падарыць аўтамабіль польскім вэтэранам у Беларусі нарадзілася восем гадоў таму, і толькі цяпер удалося яе ажыцьцявіць, столькі ішла праца па падрыхтоўцы падарунку. Акрамя машыны, у Беларусь былі адпраўленыя таксама бандэролі з прадуктамі харчаваньня.

нг




Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт