У Польшчу накіроўваецца амэрыканская „Жалезная брыгада”
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
09.12.2016 12:04
Ваенная тэхніка ўжо ў дарозе. Усьлед за ёй на пачатку студзеня ў Эўропу адправяцца жаўнеры.
flickr.com/Maryland National Guard
Рашэньне аб разьмяшчэньні жаўнераў амэрыканскай арміі, між іншым, у краінах Балтыі і ў Польшчы было прынятае на саміце NATO ва Ўэльсе й пацьверджанае на саміце ў Варшаве. Больш за 2 тысячы ваенных транспартных сродкаў, у тым ліку танкі Абрамс і баявыя машыны пяхоты Брэдлі з амэрыканскага Форт Карсан, знаходзяцца ўжо ў дарозе ў Польшчу, паведамляе выданьне „Polska The Times”.
За тэхнікай неўзабаве адправяцца жаўнеры 3-ай бранятанкавай брыгады, вядомай як „Жалезная брыгада”.
Агулам з Форт Карсан у Эўропу адправіліся 12 чугыначных складоў з ваеннай тэхнікай, якая ў палове лютага будучага году павінна апынуцца ў амэрыканскіх ваенных базах у балтыйскіх краінах, Польшчы, Румыніі, Балгарыі й Вугоршчыне.
Усё гэта адбываецца ў рамках апэрацыі „Atlantic Resolve” (Атлянтычная пастанова), мэтай якой зьяўляецца ўзмацненьне сілаў на ўсходнім флянгу NATO. Прысутнасьць амэрыканскіх войскаў павінна загарантаваць бясьпеку краінам – усходнім хаўрусьнікам Паўночнаатлянтычнага пакту ў абліччы пагрозы з боку Расеі.
Амэрыканскія жаўнеры пабываюць у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе паводле прынцыпу ратацыі. Кантынгенты будуць мяняцца кожныя 9 месяцаў. Пакуль яшчэ не вядома, ці разам з жаўнерамі будзе праходзіць таксама замена ваеннай тэхнікі, паведамляе выданьне „Polska The Times”.
аз