Logo Polskiego Radia
Print

Эўропа інвэстуе ва ўстойлівы транспарт

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.09.2016 23:40
  • устойлівы транспарт.mp3
Штогод на канец лета Эўрапейская Камісія ладзіць акцыю на карысьць экалягічнага транспарту.
Foto: www.mobilityweek.eu

Ідзецца пра больш шырокае выкарыстаньне грамадзкага транспарту, ровараў ды ўласных ног для перасоўваньня па горадзе. Гэтая акцыя атрымала назву “Эўрапейскага тыдня мабільнасьці”. Сёлета да гэтай акцыі афіцыйна далучылася і Беларусь.

Эўрапейскі тыдзень мабільнасьці ў гэтым годзе ладзіцца пад лёзунгам “Інтэлігентны ды ўстойлівы транспарт – інвэстыцыя для Эўропы”. Гэтай акцыяй Эўракамісія заахвочвае гарадзкія ўлады ды няўрадавыя арганізацыі папулярызаваць прыязныя навакольнаму асяродзьдзю формы перамяшчэньня ды інвэставаць у неабходную інфраструктуру. Паводле падлікаў Эўракамісіі, сёньня за 20% забруджаньня паветра ў Эўропе адказвае аўтамабільны транспарт. Больш падрабязна пра ідэю дадзенай акцыі распавядае Барташ Задура з прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ў Польшчы.

Барташ Задура: Эўрапейскі тыдзень мабільнасьці сягае каранямі 1998-га году. Тады ў Францыі адбыліся першыя акцыя пад лёзунгам “Дзень без машыны ў маім горадзе”. З 2002-га году гэтую ідэю падхапіла Эўракамісія, ЭЗ, каб папулярызаваць экалягічны транспарт, бо аўтамабіль у горадзе – гэта ня толькі камфорт, але і выхлапныя газы й забруджаньне навакольнага асяродзьдзя. Вось ужо некалькі год увесь ЭЗ ладзіць тыдзень мабільнасьці. Гэта ўпісваецца ў пляны Эўракамісіі, якая плянуе скараціць рух бэнзінавага транспарту ў цэнтрах гарадоў да 2030-га году, і выдаліць аўтамабілі з бэнзінавымі рухавікамі з гарадоў да 2050 году.

Эўрапейскі тыдзень мабільнасьці доўжыцца з 16-га па 22-га верасьня. У гэтыя дні ў розных гарадах Эўропы адбываюцца шматлікія імпрэзы ды акцыі зьвязаныя з ідэяй устойлівага транспарту. Гэта й пешыя вандроўкі, роварныя рэйды, выставы, канфэрэнцыі ды шмат іншага. Завяршаецца тыдзень Міжнародным днём без аўтамабіля, які адзначаецца 22-га верасьня.

У Польшчы лідарам у прасоўваньні устойлівага транспарту лічыцца Гданьск. Сёлета горад здабыў дзьве ўзнагароды ў рамках European cykling award ды стаў адной з роварных сталіц Эўропы. Пра тое, як гэта здарылася ды што прапануе горад на час тыдня мабільнасьці, распавядае Магдалена Шыманьскі з гданьскай мэрыі.

Магдалена Шыманьска: У Гданьску мы цэлы год папулярызуем ўстойлівыя формы мабільнасьці: пешаходны ды роварны рух. Імкнёмся стварыць камфортныя ўмовы для гэтага. Калі гарадзкая прастора прыязная мінакам, яна прыязная й раварыстам, а жыхарам жывецца лепш. Няма шуму ды аўтамабільных коркаў. Таксама мы разьвіваем грамадзкі транспарт. Эўрапейскі тыдзень мабільнасьці – гэта яшчэ адна дадатковая нагода да папулярызацыі актыўных ды здаровых формаў перасоўваньня па горадзе. На гэтыя дні мы падрыхтавалі спэцыяльныя акцыі, распрадажы, каб паказаць людзям, што варта пазнаёміцца з асаблівасьцямі жыцьця без машыны. Там ёсьць свае плюсы. Сёньня мы пачалі нашу кампанію акцыяй “Раніца неспадзяванак”. Мінакоў ды раварыстаў частавалі яблыкамі ды знаёмілі з праграмай мерапрыемстваў.

Тыдзень мабільнасьці ў Гданьску завершыцца адкрыцьцё адрамантаванай вуліцы, якая стала бульварам для прагулак жыхароў. Не менш цікавыя праграмы ладзяцца ў іншых гарадах Польшчы.

Сёлета да Эўрапейскага тыдня мабільнасьці афіцыйна далучыўся ўпершыню Менск. Гарадзкія ўлады ў супрацы з няўрадавымі арганізацыямі падрыхтавалі багатую праграму мерапрыемстваў. Гаворыць Алеся Ярмоленка, галоўны спэцыяліст сэктара экалягічнай экспэртызы, інфармацыі й прапаганды экалягічных ведаў Менскага гарадзкога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Алеся Ярмоленка: 22 верасьня ў дзень без аўтамабіля, ў Менску кіроўцы аўта змогуць бясплатна карыстацца грамадзкім транспартам. Для гэтага трэба будзе паказаць пасьведчаньне кіроўцы ды тэхнічны пашпарт. Таксама ладзіцца кампанія, каб кіраўнікі прадпрыемстваў у гэты дзень прыяжджалі на працу, карыстаючыся грамадзкім транспартам. Таксама ладзіцца багатая праграма адукацыйных мерапрыемстваў у менскіх навучальных установах ды культурных акцый на вуліцах гораду.

Адной з акцый у рамках Тыдня мабільнасьці ў Менску стануць роварныя туры па арт-аб'ектах створаных у рамках бразільска-беларускага фэстывалю вулічнага мастацтва Vulica Brazil, якія ладзіць ініцыятыва Веладыска.

Што цікава, напярэдадні тыдня мабільнасьці прадстаўнікі менскіх уладаў казалі, што гатовыя прасоўваць экалягічны транспарт у беларускай сталіцы цэлы год. Ці Менску патрэбны ня толькі тыдзень але і год мабільнасьці ды ўстойлівага транспарту? Пра гэта мы запыталіся ў старшыні Менскага роварнага таварыства Паўла Гарбунова.

Павал Гарбуноў: Мерапрыемствы, прысьвечаныя Эўрапейскаму тыдню мабільнасьці ладзяцца ня першы год. Экалягічныя арганізацыі вось ужо тры гады ладзяць такія акцыі ў Менску ды Гародні. Сёлета Менск афіцыйна далучыўся да гэтай ініцыятывы. Гэта паказвае, што з боку ўлады ёсьць зацікаўленасьць гэтай сфэрай, устойлівай мабільнасьцю. Як прадстаўнік экалягічнай арганізацыі, я вельмі рады, што такія рэчы адбываюцца. Што будзе далей? Хацелася б, каб было больш патрэбных абмеркаваньняў ды насычаных імпрэз.

16-22 верасьня ў Эўропе ладзіцца акцыя “Тыдзень мабільнасьці”, ідэя якой палягае на прасоўваньні экалягічных форм транспарту ў гарадах. Сёлета да акцыі далучыліся каля 2 тысяч гарадоў з 48 краін кантынэнту ды сьвету, сярод якіх Вашынгтон, Буэнас-Айрэс ды Кіёта.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт