Logo Polskiego Radia
Print

Для палякаў у Вялікабрытаніі насталі цяжкія часы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.09.2016 12:56
З моманту галасаваньня за выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ фіксуюцца сур’ёзныя акты агрэсіі ў адносінах палякаў.
Photo: pixabay.com

У Вялікабрытаніі нарастае хваля нелюбові да палякаў. Нядаўна ў мясцовасьці Харлоў быў сьмяротна пабіты паляк, другі ў цяжкім стане трапіў у бальніцу. Прэм’ер-міністар Польшчы Бэата Шыдла даручыла міністрам ураду распрацаваць мэханізмы, дзякуючы якім больш палякаў вярталася б на Радзіму – піша «Rzeczpospolita».

Яшчэ нядаўна міністар замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што Вялікабрытанія будзе галоўным партнэрам Польшчы, а цяпер яму прыйшлося паехаць у Лёндан, каб спытаць, якім чынам улады каралеўства намераныя ахоўваць палякаў ад ангельскіх бандытаў. «З моманту галасаваньня за выхад Вялікабрытаніі з Эўрапейскага Зьвязу, мы зафіксавалі 17 сур’ёзных актаў агрэсіі супраць палякаў, акрамя таго, было на многа больш слоўнай агрэсіі», – адзначае прадстаўнік польскай амбасады Конрад Ягадзіньскі.

Сытуацыя палякаў у Вялікабрытаніі пагаршаецца. Прычына ня толькі ў адмоўным стаўленьні некаторых ангельцаў. Назіраецца таксама няўпэўненасьць у заўтрашнім дні, паколькі брытанскі ўрад яшчэ не паведаміў, што будзе з іншымі нацыямі пасьля Брэксіту. Падае таксама курс фунта адносна злотага, а частка палякаў высылае грошы сваякам у Польшчу.

Рашэньне пра выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ можа мець пазытыўныя бакі для Польшчы. Частка палякаў вернецца на Радзіму. «Гэтая эміграцыя пазбавіла краіну крыві – сотняў тысяч маладых, самых актыўных людзей», – кажа віцэ-міністар сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Барташ Марчук. Гэтыя людзі выехалі са сваёй краіны па эканамічных прычынах. І тут павінна назірацца нейкая зьмена. Польская эканоміка разьвіваецца, заробкі растуць, беспрацоўе падае. Магчыма, урад увядзе нейкія адмысловыя льготы для палякаў, якія вяртаюцца зь Вялікабрытаніі і хацелі б заснаваць уласны бізнэс.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт