Logo Polskiego Radia
Print

Польшчы пагражае ядзерны ўдар

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 26.08.2016 16:07
Варшава бароніцца перад Расеяй нарошчваньнем вайсковай прысутнасьці NATO.
Ed Uthman/flickr.com

Масква на гэта зьбіраецца адказаць абмежаваным ядзерным ударам. Тэму асьвятляе штодзёнка „Rzeczpospolita”.

Польшча засяроджана цяпер на выкананьні рашэньняў варшаўскага саміту NATO. Праз год на ўсходнім флянгу Альянсу павінны зьявіцца батальённыя баявыя групы, амэрыканская цяжкаўзброеная брыгада. У Варшаве спадзяюцца, што гэта стрымае расейцаў, бо напад на Польшчу будзе азначаць вайну з NATO.

Аднак Крэмль ужо знайшоў адказ на гэтую стратэгію, піша выданьне. Расейцы плянуюць нэўтралізаваць Альянс ядзерным шантажам, то бок абмежаваным тактычным ударам. Паводле разьлікаў расейцаў, ядзерны ўдар па Польшчы не прывядзе да ўдару ў адказ з боку ЗША. Згодна з расейскай дактрынай Герасімава, Расея ня можа выйграць звычайную вайну з NATO. Аднак можа выкарыстаць тактычную ядзерную зброю, наносячы ўдар па адным зь вялікіх гарадоў у Цэнтральнай Эўропе. З расейскіх манэўраў вядома, што ахвярай можа стаць Варшава альбо Стакгольм. У Расеі лічаць, што такі ўдар змусіць Захад да перамоваў з Масквою. Маўляў, гэта паставіць урады заходніх краін перад выбарам: прыйсьці на дапамогу Балтыйскім краінам альбо Польшчы, або прыняць рызыку ядзернага ўдару.

Выданьне задае пытаньне, ці ў эўрапейскіх палітыкаў хопіць сілы духу прыняць правільнае рашэньне. Саступкі толькі разахвоцяць Крэмль да далейшай агрэсіі.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт