Адчыняецца першая крама «Reserved» у Менску
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
10.08.2016 17:16
Кампанія лічыць Беларусь і сталіцу пэрспэктыўным ранкам.
Photo: commons.wikimedia.org/By Artur Andrzej - Praca własna, CC0
Крама зьявіцца ў першай палове 2017 у гандлёвым цэнтры «Minsk Mall».
У апошнія гады польскія фірмы хутчэй пакідалі рынкі краін былога Савецкага Саюзу, а не ўваходзілі на іх. Тым часам польская група LPP, якая каціруецца на варшаўскай біржы, уладальнік такіх брэндаў як «Reserved», «Mohito» і «Cropp», паведаміла пра дэбют у Беларусі. У гандлёвым цэнтры «Minsk Mall» зьявіцца першая крама з шыльдай «Reserved».
- Мы ўжо некалькі гадоў абмяркоўвалі магчымасьці ўваходу на беларускі рынак, на якім яшчэ няма нашых глябальных канкурэнтаў. Гэта вельмі пэрспэктыўны рынак. Тым больш, што ў Менску паўстае чарговы сучасны гандлёвы цэнтар і мы хочам быць там першымі, – кажа намесьнік старшыні LPP Славамір Лабада (Sławomir Łoboda), адказны за інвэстыцыі й разьвіцьцё фірмы.
Паводле яго, польскі брэнд добра вядомы беларусам дзякуючы шопінгам у паўночна-ўсходняй Польшчы.
Цягам двух гадоў LPP адчыніць у Менску яшчэ дзьве крамы, але даволі асьцярожна, бо гэта ня будуць фірмовыя крамы, а франшыза.
Старшыня Саюзу працадаўцаў тэкстыльнай прамысловасьці Тадэвуш Ваўжыняк (Tadeusz Wawrzyniak) зазначае, што невялікая зацікаўленасьць беларускім рынкам не зьвязаная з палітычна-эканамічнымі ўмовамі краіны.
- Гэта справа невялікай пакупніцкай здольнасьці. Мы экспартуем у Беларусь, між іншым, мужчынскія касьцюмы, аднак мы ня можам разьлічваць на вялікі продаж. Мы таксама супрацоўнічаем зь беларускай кампаніяй, якая прадае нашу прадукцыю ў Расею, – зазначае Тадэвуш Ваўжыняк.
Puls Biznesu/яс