Палякаў дэпартуюць з Вялікабрытаніі
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
29.07.2016 18:56
Лёндан дэпартуе грамадзянаў краінаў ЭЗ, якія мелі судзімасьць у сябе на радзіме – нават калі ў Брытаніі яны ня зьдзейсьнілі злачынстваў.
Брытанскія ўлады дэпартуюць з Альбіёну ўсё больш польскіх грамадзянаў – паведамляе Gazeta Wyborcza. Калі ў 2011 годзе з Брытаніі былі выдаленыя 302 палякі, то ў 2014 годзе іх было ўжо 951. Пасьля таго, як брытанцы вырашылі выйсьці з Эўразьвязу, колькасьць дэпартаваных можа павялічыцца. Гаворка ідзе перадусім пра грамадзянаў краінаў ЭЗ, якія мелі судзімасьць у сябе на радзіме. Часта гэтыя людзі жывуць у Брытаніі ўжо многа гадоў, маюць легальную працу і сям’ю. Затрыманьне й прымусовая дэпартацыя за, здавалася б, адкупленыя грахі мінулага можа стаць для іх поўнай нечаканасьцю.
Адзін з прыкладаў – 38-гадовы Пётр, які 4 гады жыў у цэнтральнай Англіі, працаваў на пілараме, меў дом, жонку й гадавалае дзіця. Яго арыштавалі, зьмясьцілі ў цэнтар для нелегальных мігрантаў і рыхтуюць да дэпартацыі. Дэпартуюць яго за тое, што за два гады да выезду ў Англію ён адсядзеў у Польшчы турэмны тэрмін за захоўваньне вялікай колькасьці наркотыкаў.
«Я ўпарадкаваў сабе жыцьцё, маю працу, сям’ю, свабодна размаўляю па-ангельску; тут жывуць мае бацькі й браты, а мне загадваюць выехаць. Пасьля таго, як адбыўся рэфэрэндум, яны ўзяліся за ўсіх!» – абураецца Пётр.
«З аднаго боку, такія людзі сапраўды могуць жыць у Брытаніі на працягу многіх гадоў, зь іншага – кожны зь іх робіць зь сябе бедную авечку, хоць ёй не зьяўляецца. Калі нехта прыяжджае да нас дадому, а мы не маем упэўненасьці ў тым, што ён не нясе пагрозы, то мы маем права такую асобу дэпартаваць», – на правах ананімнасьці заявў Gazecie Wyborczej прадстаўнік брытанскай адміністрацыі.
Gazeta Wyborcza/ап