Logo Polskiego Radia
Print

Сакрэт посьпеху: распранайся й працуй!

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.06.2016 15:30
  • распранайся й працуй.mp3
Апошнія тыдні палітолягі гадалі, што рыхтуе афіцыйны Менск для народа пад соўсам Усебеларускага сходу.
Foto: translacja na youtube.com

Сёньня стаў вядомы рэцэпт ад Аляксандра Лукашэнкі. Галоўныя інгрыдыенты – гэта мір і стабільнасьць. Дзеля захаваньня дасягнутага беларусам давядзецца мабілізавацца: распрануцца ды працаваць.

У Менску прайшоў пяты Ўсебеларускі народны сход. Дадзенае мерапрыемства ўлады ладзяць звычайны пад прэзыдэнцкія выбары. Сёлета традыцыю зьмянілі. Сход адбыўся перад выбарамі ў парлямэнт, якія заплянаваныя на восень.

Што ж сказалі беларусам улады? Галоўным пасланьнем стала згадка пра тое, што ў Беларусі пануе мір, спакой і парадак, няма такой жа трагічнай сытуацыі як у 1941-45 альбо ва Ўкраіне цяпер. Дзеля захаваньня дадзенага міру народу давядзецца мабілізаваць усе свае сілы, сказаў Лукашэнка ды паляцеў ва Ўзбэкістан.

Такім парадкам, зьмены парадыгмы ў Беларусі не адбылося, замест спадзяваных некаторымі рэформ, краіну чакаюць “правераныя савецкія мэтады”, кажа аналітык Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня: Гэта тая ж самая камандная-адміністрацыйная сыстэма, якая працуе ў Беларусі амаль стагодзьдзе. Яна не прыносіла вынікаў, апроч часоў першай індустрыалізацыі ды эпохі вялізарных датацый ад Расеі ў выглядзе ільготных паставак нафты й газу. Сумнеўна, каб мабілізацыя рэсурсаў, як бачыць яе Лукашэнка, дасьць нейкі вынік. Ва ўсім сьвеце гэта не працуе, краіны ўсё больш спрабуюць лібэралізаваць ды дэмакратызаваць эканамічнае жыцьцё. Толькі прыватная ініцыятыва можа прынесьці дабрабыт.

На думку экспэрта, гэта тлумачыцца кансэрватызмам Лукашэнкі ды страхам згубіць уладу з-за пераўтварэньняў, як гэта стала з КПСС у выніку перабудовы.

Рыгор Астапеня: Гэта зьвязана з перабудовай прыканцы 1980-ых у СССР, калі спробы рэфармаваньня прывялі да таго, што ўсё рухнула. Лукашэнка ды рэтраградная частка беларускай сыстэмы перакананыя, што найпрасьцейшы варыянт – гэта захаваньне ўсяго як ёсьць. Хай будзе пагаршацца сытуацыя, але гэта шлях захаваньня ўлады.

Аб’яўленай Лукашэнкам мабілізацыі народу ня варта баяцца, кажа аглядальнік Аляксандар Класкоўскі. Гэта заежджаныя словы, у якія ўсё менш вераць беларусы.

Аляксандар Класкоўскі: Пра мабілізацыю – гэта пустыя словы. Максымальна напружвае Лукашэнку – вэртыкаль. Просты народ індыфірэнтна ставіцца да мабілізацыйных заклікаў. Аднак тут ёсьць падтэкст: трывайце ды не пішчыце, бо далей будзе яшчэ горай.

Усебеларускі сход – гэта ў першую чаргу форма супакаеньня ды тэрапіі для самога Лукашэнкі.

Аляксандар Класкоўскі: Лукашэнка кансэрватар ва ўсім, у тым ліку што да рытуалаў. Можа гэта забабоны такія: маўляў не правядзем сход - усё пойдзе абы-як. Гэта псыхалягічнае самазаспакаеньне для Лукашэнкі. Няхай ёсьць эканамічныя праблемы, але рытуал датрымліваецца, значыць надалей усё будзе ісьці, як ішло. Апроч таго, гэта трэнінг для вэртыкалі, каб апарат варушыўся, ну і замбаваньне электарату, які паддаецца на прапагандысцкія прыёмы.

Аднак, прапаганда ў Беларусі мае свае абмежаваньні. На Усенародны сход беларусы пакуль рэагуюць гумарам. У Сеціве пачалі зьяўляцца мэмы на тэму распранайся й працуй. У суседняй Расеі улады асацыююцца цяпер з мэмам: грошай няма, але вы трымайцеся. Так у Беларусі відаць будзе: грошай няма, але вы распранайцеся ды працуйце.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

/

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт