Logo Polskiego Radia
Print

У Праваслаўнай царкве сёньня Вялікая пятніца

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 29.04.2016 15:00
У цэрквах адбываецца ўрачыстае ўнясеньня плашчаніцы – сымбалічнага гробу Ісуса Хрыста.
Сьвяткаваньне Вялікай пятніцы ў ЛіванеСьвяткаваньне Вялікай пятніцы ў Ліване PAP/EPA/OLIVER WEIKEN

Гэта істотнае адрозьненьне праваслаўнай традыцыі ад каталіцкай. Месца паховінаў Ісуса Хрыста прадстаўлена на палатне – тлумачыць айцец Анатоль Шыдлоўскі, настаяцель прыходу Марыі Магдалены ў Варшаве.

А. Шыдлоўскі: Гэтая плашчаніца нагадвае нам тое, што Юзаф зь Нікадэмам папрасілі ў Пілата цела Хрыста, каб пакласьці яго ў гроб. Кожны хрысьціянін у гэты дзень павінен старацца прыйсьці ў царкву, каб пакланіцца, пацалаваць плашчаніцу, гэтым самым сымбалічна аддаць паклон складзенаму ў гроб Хрысту.

Гроб Гасподні будзе выстаўлены ў цэрквах да Вялікай суботы, калі адбудзецца ўрачыстая працэсія з плашчаніцаю вакол храму. Ужо ў Вялікую суботу завершыцца Вялікі тыдзень, а таксама 40-дзённы пост, які быў падрыхтоўкаю да сьвята Пасхі.

Вялікая пятніца ў праваслаўнай традыцыі мае асаблівае значэньне. У гэты дзень ня служыцца Сьвятая літургія, паколькі гэта дзень, калі Бог складае самога сябе ў ахвяру.

Для вернікаў разам зь Вігіліяй Божага Нараджэньня - гэта дзень найбольш сьціслага посту ў літургічным календары. Кожны, каму дазваляе здароўе, цягам цэлага дня павінен устрымацца ад спажываньня ежы ажно да моманту ўрачыстага пакланеньня плашчаніцы на вячэрнім набажэнстве.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт