Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, які ўводзіць крымінальную адказнасьць за экстрэмізм, удзел у баявых дзеяньнях у іншых краінах. За ўдзел ва ўзброеным фармаваньні на тэрыторыі замежнай дзяржавы можна трапіць у турму. Пашырана таксама адміністрацыйная адказнасьць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці.
Заканадаўства дапоўнена шэрагам нормаў у трох блёках. Гэта тычыцца прадухіленьня дзейнасьці экстрэмісцкіх фармаваньняў, папярэджаньня ўдзелу беларускіх грамадзян ва ўзброеных канфліктах за мяжой і недапушчэньня выкарыстаньня ў антыграмадзкіх і злачынных мэтах так званых кактэйляў Молатава. Старшыня КДБ падкрэсьліў падчас прадстаўленьня законапраекту, што крымінальная адказнасьць за экстрэмізм распаўсюджваецца выключна на кіраўнікоў і фінансістаў экстрэмісцкай дзейнасьці.
Праблема ў тым, што пад паняцьце «экстрэмісцкай дзейнасьці» можна падцягнуць усё, што заўгодна – гаворыць экспэрт па сілавой тэматыцы, стваральнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паратнікаў.
А. Паратнікаў: Трактоўка паняцьця «экстрэмісцкая дзейнасьць» можа быць вельмі шырокая. Вы можаце перапосьціць у сацыяльнай сетцы нечае паведамленьне, што супрацоўнікі ДАІ бяруць хабар, і вас можна абвінаваціць, што пашыраеце сацыяльную варожасьць адносна супрацоўнікаў ДАІ, якія ёсьць асобнай сацыяльна-прафэсійнай групай.
Ці новыя прававыя нормы яшчэ больш ускладняць працу сродкаў масавай інфармацыі, калі новая рэдакцыя артыкулу закона аб адміністрацыйных парушэньнях уводзіць адказнасьць за тыражаваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў, нават яшчэ да таго, як гэтыя выданьні будуць прызнаныя такімі. На думку старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, гаворка ідзе хутчэй пра кніжную прадукцыю.
А. Бастунец: І раней, і цяпер гэта датычыць тых, хто распаўсюджвае кніжную прадукцыю. Уведзена адказнасьць за тыражаваньне матэрыялаў, якія яшчэ не прызнаныя экстрэмісцкімі судом. У гэтым я бачу найвялікшую небясьпеку. Фармулёўкі вельмі расплыўчатыя, усё можна прызнаць экстрэмісцкім матэрыялам. А зрабіць гэта можа група асоб, якія ня маюць ніякага дачыненьня да суду.
Былы міліцыянэр, а цяпер праваабаронца Мікалай Казлоў адзначае, што зьмены датычаць перш за ўсё адказнасьці беларускіх грамадзян за ўдзел у расейска-украінскім канфлікце на Данбасе. Улады Беларусі баяцца, што яны вернуцца на Радзіму з іншымі, больш дэмакратычнымі поглядамі.
М. Казлоў: Гаворка ідзе пра тых актыўных, адважных людзей, якія змагаліся па баку Ўкраіны. Асабіста я іх падтрымліваю, шаную і захапляюся іх мужнасьцю. На мой погляд, гэта найлепшыя людзі Беларусі. Украінцы – братэрскі народ, улады баяцца, што гэтыя людзі вернуцца ў Беларусь з перакананьнем, што ўкраінцы змагаюцца за годнасьць, і што гэта магчыма таксама ў Беларусі.
Навошта беларускія ўлады яшчэ мацней закручваюць гайкі? Ці законы не былі дастаткова жорсткія? Па словах Андрэя Паратнікава, прычына – эканамічны крызыс і правал праекту «сацыяльная дзяржава».
А. Паратнікаў: У нас эканамічны крызыс, з якога ўлады ня ведаюць, як выйсьці. Праект сацыяльнай дзяржавы, які і так практычна быў толькі на паперы, цяпер зварочваецца. Мы ідзем шпаркай хадой у напрамку лацінаамэрыканскіх краін 1972-75 гг. Там былі жорсткія тэрарыстычныя рэжымы, зь вялікім сацыяльным разрывам паміж вярхушкай і ўсімі астатнімі, манапалізацыяй усіх сфэраў эканамічнай дзейнасьці, якія прыносяць які-небудзь прыбытак.
Папраўкі, якія ўводзяць большую адказнасьць за экстрэмісцкія дзеяньні, уступаюць у сілу праз 10 дзён пасьля афіцыйнай публікацыі.
нг