Logo Polskiego Radia
Print

Урад: "Дайце працаваць", апазыцыя: "І так усяго ня зробіце"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.02.2016 15:17
  • 100dni.mp3
У Польшчы прынята падсумоўваць першыя 100 дзён працы новай кіруючай каманды.
www.sejm.gov.pl/Krzysztof Białoskórski

16 лістапада мінулага году міністры новай Рады міністраў Польшчы пачалі сваю працу. Праз два дні пасьля гэтага, роўна 100 дзён таму, прэм’ер-міністар Бэата Шыдла прадставіла ў парлямэнце сваё экспазэ – праграмную прамову. У Польшчы прынята падсумоўваць першыя 100 дзён працы новай кіруючай каманды.

Сёньня, праз 100 дзён пасьля праграмнай прамовы Бэаты Шыдла (Beata Szydło), сама прэм’ер-міністар ды яе міністры прадставілі падсумаваньне працы ўраду. Па словах Шыдла, што гэта быў час вельмі інтэнсіўнай працы. Шмат удалося зрабіць, але не абышлося без памылак. Пачалася рэалізацыя ўсіх плянаў ураду, пра якія было сказана ў экспазэ, што гэта задачы на бліжэйшыя 100 дзён.

"Канешне, немагчыма падрыхтаваць і прыняць усе законапраекты ад пачатку да канца за такі кароткі пэрыяд. Для нас прыярытэтам была праграма дапамогі сем’ям зь дзецьмі 500+. Яна ўжо прынятая. Мы таксама прынялі закон аб школьным узросьце. Падрыхтаваны закон аб падатку, накладзеным на банкаўскія ўстановы. Частка законапраектаў знаходзіцца на дапрацоўцы ў Сэйме або праходзяць яны міжведамасныя кансультацыі", - сказала Б. Шыдла.

Урад працуе над усімі законапраектамі, аб якіх казала Бэта Шыдла ў экспазэ і якія «Права і справядлівасьць» абяцала перад выбарамі, – пераконвае сьпікер Сэнату (вышэйшая палата парлямэнту) Станіслаў Карчэўскі. Некаторыя з іх былі ўжо прынятыя (праграма дапамогі на дзяцей). Законапраект аб бясплатных лякарствах для пажылых людзей чакае абмеркаваньня ў Сэйме. Ён павінен дапамагчы асабліва бедным людзям, якія шмат выдаткоўваюць ня лекі. Таксама ўрад аналізуе наступствы паніжэньня пэнсійнага ўзросту. Адным з яго вынікаў будзе адкрыцьцё рынку працы для маладых, – адзначае Карчэўскі (Stanisław Karczewski).

С. Карчэўскі: Лібэральныя палітыкі мяркуюць, што неабходна павышаць узрост выхаду на пэнсію. У сваю чаргу ў многіх краінах наадварот паніжаюць пэнсійны ўзрост, каб прыцягнуць на рынак працы маладых людзей. Маладыя зарабляюць крыху менш, адпаведна, гэта карысна для працадаўцаў. Многія асобы, асабліва жанчыны, стараюцца хутка выйсьці на пэнсію, каб гадаваць унукі. На маю. Думку, гэта добры напрамак, трэба панізіць пэнсійны ўзрост.

100 дзён працы свайго міністэрства падсумаваў таксама міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч (Antoni Macierewicz). Асноўная задача – мадэрнізацыя польскага войска, да якой нядбайна ставіліся яго папярэднікі.

А. Мацярэвіч: Праграма набыцьця верталётаў выклікала вялікія праблемы. Замест таго, каб купіць польскую баявую тэхніку, гэтыя грошы былі прызначаны для вытворцаў па-за межамі нашай краіны.

У сваю чаргу апазыцыя, канешне, крытыкуе працу ўраду. З плянаў, пра якія казала Бэата Шыдла ў экспазэ, засталося няшмат. І дзіўна гучаць скаргі сябраў ураду, што апазыцыя не дае працаваць уладам. Прэс-сакратар «Грамадзянскай плятформы» Ян Грабец (Jan Grabiec) нагадвае заклік Бэты Шыдла да апазыцыі – «дазвольце нам урэшце працаваць».

Я. Грабец: Даволі дзіўна гучаць гэтыя словы з вуснаў прэм’ер-міністра, у руках якой абсалютная большасьць у парлямэнце, па баку якой стаіць прэзыдэнт ад «Права і справядлівасьці», які дагэтуль ніколі не выступаў супраць рашэньняў партыі. Кіруючая партыя цягам апошніх тыдняў пазьмяняла кіруючыя структуры ўсіх дзяржаўных установаў. Мы бачым, як зьмяняецца кіраўніцтва на ўсіх важных пасадах – ад галоўнага камэнданта паліцыі па завод конегадоўлі. Урад не спраўляецца са сваімі задачамі, таму шукае вінаватых у апазыцыі і міжнароднай крытыцы.

Лідар партыя "Сучасная" Рышард Пэтру (Ryszard Petru) падрыхтаваў з нагоды 100 дзён ураду чорную папку ў адказ на блакітную папку Бэаты Шыдла, дзе знаходзіцца інфармацыя аб рэалізацыі абяцаньняў. Па словах Пэтру, адзінае сапраўднае дасягненьне «Права і справядлівасьці» – гэта не выкананьне ўсіх абяцаньняў.

Р. Пэтру: Праз 100 дзён яны раптам зразумелі, што надта многа наабяцалі. Магчыма, цяпер шкадуюць, што не паслухалі мяне. У дзень экспазэ я казаў, што наша дзяржава ня можа сабе дазволіць выканаць усе абяцаньні. Я баяўся, што яны ўсё пачнуць ажыцьцяўляць. Аднак, не - падлічылі і ўбачылі, што нават на праграму 500+ няма грошай у будучым годзе.

Урад шкадуе, што апазыцыя не дала яму хаця б сто дзён, каб ён мог спакойна працаваць, без празьмернай крытыкі. У сваю чаргу апазыцыя кажа, што ўраду і так не ўдасца ажыцьцявіць усе абяцаньні, дадзеныя выбаршчыкам.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт