Кніга называецца "Мая гісторыя. Беларуская "Амэрыканка", альбо выбары пры дыктатуры". Прэзэнтацыя адбылася ў Беларускім доме ў Варшаве. Удзел у прэзэнтацыі ўзялі блізкія, калегі ды паплечнікі Андрэя Саньнікава зь Беларусі, Польшчы ды іншых краін. Сярод іх быў былы міністар замежных спраў Славаччыны Павал Дэмеш, які зазначыў, што кніга Андрэя Саньнікава - гэта гісторыя пераўтварэньня чалавека ў змагара за сваю краіну.
Павал Дэмеш: Калі я пазнаў Андрэя Саньнікава, ён ня быў палітыкам, а дыпляматам, тым, хто імкнуўся дапамагаць іншым палітыкам, хто змагаўся з дыктатурай у Беларусі. Потым Андрэй пачаў сам барацьбу з прэзыдантам. На маю думку, гэтая кніга - моцны ўнёсак у літаратуру пра Беларусь.
Кніга Андрэя Саньнікава - гэта аповед пра шлях Беларусі з савецкага мінулага ў незалежнасьць, на якім Беларусь знаходзіцца, зазначыў паплечнік Андрея Саннікава Дзьмітры Бандарэнка.
Зьміцер Бандарэнка: У Менску некалі на Цэнтральнай плошчы стаяў помнік Сталіну, а на плошчы Незалежнасьці стаяў і стаіць помнік Леніну. Так і мы ішлі з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасьці, да дому ўраду.
Нагадаем, што ля дому ўраду ў 2010 годзе й разыграліся найбольш трагічныя падзеі. Беларускія ўлады зладзілі правакацыю супраць маніфэстантаў, якая дала пачатак масавым рэпрэсіям і арыштам кандыдатаў у прэзыдэнты. Сярод іх быў Андрэй Саньнікаў, які правёў за кратамі 482 дні. Тым ня менш, паводле словаў вядомай беларускай журналісткі Ірыны Халіп, кніга "Мая гісторыя" распавядае пра тое, што вера ў ідэалы ды дабро пераможа ў Беларусі.
Ірына Халіп: У мяне застаецца надзея. Ніколі ня трэба арыентавацца на турмы ды лягеры. Трэба арыентавацца на сябе, на сям’ю, на сяброў, на добрых людзей. Трэба казаць сабе: усё адно мы пераможам! Менавіта з такой думкай трэба перажываць тыя выпрабаваньні, што нам выпадаюць. Для некаторых гэта наіўнасьць. Аднак у рэшце рэшт яна мацней за любыя грошы, сувязі ды палітычныя тэхналёгіі. Таму што дабро перамагае.
Старшыня польскага Фонду міжнароднай салідарнасьці Кшыштаф Станоўскі дадаў, што гісторыя Андрея Саньнікава вельмі важная для Эўропы.
Кшыштаф Станоўскі: Мы ўбачылі жудасныя катаваньні, жудасныя турмый і беларускіх палітыкаў, якія годна прайшлі праз гэтае выпрабаваньне. Вялікі дзякуй Андрэю Саньнікаву за тое, што ён нам пра гэта па-чалавечы распавёў. Для нас гэта вельмі важная гісторыя.
Сам Андрэй Саньнікаў дзякаваў за падтрымку ды падкрэсьліў, што не шкадуе прынятага рашэньня ісьці на выбары.
Андрэй Саньнікаў: У мяне была падтрымка як усім іншым, хто апынуўся пасьля Плошчы тут. У маім выпадку, мяне ня толькі падтрымаў, але нават падштурхнуў на напісаньне гэтай кнігі Фонд міжнароднай салідарнасьці ды Кшыштаф Станоўскі. Людзі ў Польшчы дапамаглі з выданьнем гэтай кнігі. Што тычыцца мінулага, я не люблю казаць як быццам бы гэта яшчэ магчыма. Але нават ведаючы, што было б, я б зрабіў тое самае.
У Варшаве прайшла прэзэнтацыя кнігі ўспамінаў былога кандыдата ў прэзыдэнты ды палітвязьня Андрэя Саньнікава "Мая гісторыя. Беларуская "Амэрыканка", альбо выбары пры дыктатуры".
Юры Ліхтаровіч