Вайна нэрваў паміж ІП і ўладамі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
19.01.2016 12:08
На гэты раз цэнтральныя ўлады ігнаруюць пратэсты супраць указаў аб сэртыфікацыі тавараў.
на здымку А. Лябедзька (з рупарам)/аўт. Генадзь Верацінскі/www.ucpb.org
Беларускія ўлады пакуль што не зьбіраюцца адмяняць законы, супраць якіх пратэстуюць індывідуальныя прадпрымальнікі. Гаворка ідзе галоўным чынам пра ўказы № 222 і № 666, якія ўвялі новыя патрабаваньні наконт прадаваемых тавараў.
Шапікі на рынках закрытыя, прадпрымальнікі сядзяць па дамах або стараюцца размаўляць з уладамі, якія пакуль што не ідуць на саступкі, чакаючы загаду зьверху. А што ж так моцна не падабаецца гандлярам у новых указах? Права прынесла клопаты пераважна тым, хто купляе тавар у Расеі – танныя рэчы кітайскага ці турэцкага паходжаньня. У Расеі няма патрабаваньня мець сэртыфікаты паходжаньня тавараў, таму расейскія пастаўшчыкі адмаўляюцца выдаваць адпаведныя дакумэнты беларускім іпэшнікам, або выдаюць фальшывыя (прынамсі так іх трактуюць у Беларусі). Так што ў Расеі сытуацыя іншая, а беларускія дэпутаты заяўляюць, што той вольніцы, якая была ў прадпрымальнікаў у 90-ыя гады, больш ня будзе.
Указы № 222 і № 666 – гэта ня першае новаўвядзеньне, якое б’е па прадпрымальніках, хаця задума была можа і нядрэнная – каб гандаль быў больш цывілізаваны. На жаль, у беларускіх умовах новыя правілы не спрацоўваюць. Раней улады пераважна ішлі на саступкі і адмянялі або зьмянялі новыя законы. На гэты раз цэнтральныя ўлады ігнаруюць пратэсты. На думку старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі, яны такім чынам намераны паказаць гандлярам іх месца. Хаця ўлады на мясцовым узроўні больш гатовыя ісьці на перамовы, паколькі яны разумеюць, што страчваюць на падатках, якія ня будзе каму заплаціць у бюджэт, калі прадпрымальнікі не працуюць.
А. Шумчанка: На мясцовых узроўнях прадпрымальнікі пачынаюць аказваць ціск на ўлады. Зьвяртаюцца з пытаньнем, як ім далей працаваць, і мясцовыя чыноўнікі іх слухаюць, але цэнтральныя ўлады поўнасьцю ігнаруюць інтарэсы ІП. Гэта ціск на свабодных людзей, а такімі зьяўляюцца прадпрымальнікі. Улады хочуць паказаць ім іх месца, каб яны не адкрывалі рот.
Учора ў Менску на плошчы Незалежнасьці прайшоў пікет салідарнасьці з прадпрымальнікамі, ініцыяваны Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. На ўсіх, хто прамаўляў на мітынгу, міліцыянэры склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. У рамках акцыі адбылася таксама сустрэча з чыноўнікамі з Дому ўраду. Там прынялі пікетоўцаў, нават ветліва з імі пагутарылі, абяцалі, што цягам двух тыдняў адкажуць на зварот. Аднак у канфлікт паміж уладамі і прадпрымальнікамі закладзены больш глыбокі кантэкст. Гаворка ідзе ня толькі пра суправаджальныя дакумэнты на тавары, а пра шырокі погляд на эканамічную сытуацыю Беларусі. АГП распрацавала стратэгію эканамічнага разьвіцьця краіны, падставай якой зьяўляецца малы і сярэдні бізнэс, – адзначае старшыня партыі Анатоль Лябедзька.
А. Лябедзька: Сытуацыя вакол прадпрымальнікаў дае магчымасьць пачаць дыскусію аб эканамічнай палітыцы беларускіх уладаў. Нельга зводзіць гэта да лякальнага канфлікту. ІП – закладнікі эканамічнай палітыкі, якая вядзе краіну ў тупік. Улада робіць стаўку на дзяржманаполіі і 15-20 алігархічных сем’яў. У сваю чаргу сусьветны досьвед паказвае, што трэба рабіць стаўку на малы і сярэдні бізнэс.
На пікеты салідарнасьці з прадстаўнікамі малога бізнэсу выходзіць па некалькі дзесяткаў чалавек. У пераважнай большасьці беларусы ня думаюць аб тым, што гэты канфлікт можа ўдарыць таксама іх па кішэні. Па словах Анатоля Лябедзкі, іпэшнікі выконвалі важную сацыяльную функцыю – дапамагалі беларусам выжываць.
А. Лябедзька: Мы праводзілі пікеты салідарнасьці ў Жодзіна і Дзяржынску каля рынкаў. Пакупнікі нам казалі, што калі зьнікнуць рынкі, гэта вельмі моцна абцяжарыць іх жыцьцё. Большасьць прыходзіць за пакупкамі на рынкі, а не ў дзяржаўныя крамы. Іншая справа, што іпэшнікі прайграюць інфармацыйную вайну ўладам, яны не падрыхтаваныя. І таму нават прыхільнікі пераменаў, людзі з дэмакратычнымі поглядамі не да канца разумеюць, што насамрэч адбываецца. А іпэшнікі выконвалі яшчэ і сацыяльную функцыю, яны дапамагалі людзям выжываць у абставінах крызысу.
Па інфармацыі Лябедзькі, нават да 40% падаткаў у бюджэты асобных рэгіёнаў Беларусі паступае ад індывідуальных прадпрымальнікаў. Тым ня менш, у краіне няма разуменьня, што малы і сярэдні бізнэс – гэта соль зямлі, падстава эканомікі. Наадварот, многія чыноўнікі лічаць іх спэкулянтамі, якіх неабходна зьнішчыць як кляс.
нг